Ушанаваньне памяці Слуцкіх паўстанцаў у Бэльгіі.

Святкаваньне Беларускага Збройнага чыну ў Беларускай грамадзе Антверпану пачалося з творчай вечарыны беларускага музыкі Змітра Вайцюшкевіча 25 лістапада.

fota1.jpg

Падчас вечарыны была зачытана віншавальная заява ад Старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі спадарыні Івонкі Сурвіллы.

------
ДЗЕНЬ ГЕРОЯЎ

Дарагія Суродзічы!

Як і кожны год, у лістападзе думкамі я пераношуся на Случчыну. Прыпамінаюцца дзесяць тысяч адважных Случчакоў, для якіх доля Айчыны была важнейшай за ўсё іншае, уключна з жыцьцём. Прыпамінаецца аповесьць Васіля Быкава «На чорных лядах». Калі Вы яшчэ ня чыталі яе, дык прашу, прачытайце.

Сэрца баліць, бо варожая сіла ў канцы перамагла герояў, ды ня толькі перамагла іх, але і зьняволіла наш край на 70 гадоў і яшчэ ўсё ня можам яе пазбавіцца. Але Случчакі тады ўжо - 92 гады таму – зразумелі цану волі, тады ўжо вырашылі, што яны хочуць жыць вольнымі на сваёй зямлі, і што яны здольныя абараніць яе ад дзікіх агрэсараў.
І прыпамінаючы іх адвагу ды іх веру ў БНР і ў свае сілы, сэрца напаўняецца любоўю, удзячнасьцю і надзеяй, што наш народ знойдзе і сёньня ў сабе адвагу і сілу абараніць сваю Бацькаўшчыну ад новай пагрозы з Усходу.

Дык ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, віншую Вас, дарагія суродзічы, з угодкамі гэтай вялікай падзеі ў жыцьці беларускага народу- Слуцкага Збройнага Чыну, бо ўсе мы маем права ганарыцца ім. Усе мы Случчакі ў гэты восеньскі месяц

Жыве Беларусь!

-----

30 лістапада з ініцыятывы актывіста Беларускай Нацыянальнай Памяці Сяржука Пашкевіча беларусы Бэльгіі і Францыі наведалі помнік ў гонар Слуцкіх Паўстанцаў каля гораду Mittenwald у Альпах , які быў пастаўлены ў 1948 годзе беларускімі ўцекачамі.

fota2.jpg

Ля абеліску Слуцкім Змагарам сьвятар Беларускай уніяцкай Царквы гораду Антвэрпан Ян Майсейчык адслужыў заўпакойную ліцію за душы тых, хто паклаў сваё жыцьцё за Волю і Незалежнасьць Бацькаўшчыны пад Слуцкам у 1920 годзе.

fota3.jpg

З кароткай прамовай выступіў Радны БНР Зьміцер Піменаў і актывіст Беларуска-Эўрапейскага Задзіночаньня Павал Хівук. Выступоўцы адзначылі важнасьць ушанаваньня кожнага Беларускага Героя, які ахвяраваў сваё жыцьцё за будучыню нашай Бацькаўшчыны, а таксама зьвярнулі ўвагу на тое, што абавязак кожнага сумленнага Беларуса – пакінуць добры сьлед і добрую памяць аб Беларусі на чужыне.

fota4.jpg

Арганізатары сьвяточнай вечарыны і паездкі ў Альпы выказваюць падзяку ўсім беларусам, што спрычыніліся да арганізацыі сьвяточных мерапрыемстваў.

БЭЗ-Інфа