ВІЗІТ МІНАТАЎРА

Мусіць, месяц таму старшыня калгаса Сямён Малашка (мянушку Блюхер ён атрымаў за свае распусныя кулакі) загадаў сялянам з’явіцца на сход. Наступнай раніцай прыпаўзлі ўсе, нават кульгавы настаўнік Язэп Міхайлавіч. Людзей сабралася ля сотні. Мужыкі дружна засмалілі цыгаркі, бабы, як заўсёды, языкамі чэшуць, шумяць-гадаюць: што здарылася, няўжо зноў бяда якая накаціла? Нецерпліва чакаюць Блюхера. Нарэшце і ён прыпёрся.
- Таварышы! – неяк няўпэўнена пачаў было старшыня, ды тут жа яму і зарвала. Рукавом выцер пот з ілба, папрасіў вады. Мясцовага князька Блюхера сёння было не пазнаць – яго то кідала ў жар, то калаціла. Відаць і сапраўды здарылася штосьці значнае. Натоўп напружана чакаў.
- Таварышы! – паўтарыў Блюхер ды змоўк ізноў. Пачаў корпацца ў кішэнях. Нарэшце выцягнуў нейкую паперку.
- Таварышы!
- Ну што ты раскудахтаўся: “Таварышы, таварышы”! Пара ўжо і яечка знесці! – гукнуў нехта з натоўпу.
- Вось я і кажу, – нарэшце ачомаўся Блюхер і зачытаў паперку, што атрымаў з райцэнтра: раённая вертыкаль папярэджвала калгаснікаў аб візіце прэзідэнта. Прытым, візіт мае адбыцца не ў іхнае сяло, дзе так-сяк яшчэ корпаюцца ў сваіх агародах з пару дзесяткаў пенсіянераў, а ў суседняе, дзе ціха дажываюць свой век некалькі камсамольцаў першых пяцігодак.
Навіну людзі выслухалі моўчкі, не разумеючы, радавацца ці плакаць. Язэпа Міхайлавіча раптам ахінулі пачуцці далёкага юнацтва: гэткі ж лагодны сонечны дзянёк і аглушаны навіной натоўп, калі нарком Молатаў аб’явіў аб вераломным нападзе гітлераўскай Германіі.
- Рыхтуйцеся да сустрэчы! – падвёў рысу Блюхер і пачухаў патыліцу. Было відаць, што і сам старшыня ня ведае як рыхтавацца
- От яму-то я ўсё і раскажу! – прыгразіла Алена Байдак. – Знойдзецца нарэшце і на вас управа!
- Ну-ну-ну, не шабуршы, – нечакана міралюбіва адступіў Блюхер. – Я ўжо паклапаціўся: пенсію за шэсць месяцаў раён абяцаў выплаціць на гэтым жа тыдні.
- Чаму толькі за шэсць, а не ўсё да каліва? Абрыдлі вашы падачкі! – абураўся лепшы калісьці ў раёне механізатар Хвядос Лабэцька, які яшчэ пры Машэраве біў рэкорды на хлебнай ніве і нават выбіраўся дэпутатам, але на яго зацыкалі.
- Добра, што хоць столькі дадуць! А то перад людзьмі сорам – няма за што нават гасцінчык паслаць унукам у горад.
- Кажуць, і гарадскія ўжо свой дабрабыт “павышаюць” на сметніках, – падмеціў Язэп Міхайлавіч, але яго словы патанулі ва ўсеагульнай эйфарыі: гучалі падзякі ў адрас “самага чэснага ў свеце прэзідэнта”, – за яго нядаўна апантанна галасавала ўсё сяло.
Цырк ды й годзе! Язэп Міхайлавіч з суседам Хвядосам галасавалі супраць прэзідэнта-балабола. Потым высветлілася, што і заатэхнік з аграномам былі супраць, а загадчыца фермы ўстрымалася. Але выбаркам урачыста адрапартаваў: жыхары сяла (семдзесят два чалавекі) усе як адзін аддалі свае восемдзесят шэсць галасоў “за”!(?) Вось такая дзіўная “вертыкальная арыфметыка” атрымалася. Брудны падман квітнеў паўсюдна: з афіцыйных пратаколаў выпіралі асліныя вушы, але гэты фарс улады цынічна назвалі “элегантнай перамогай!” Менавіта з-за такіх “пераможцаў” працавіты люд катастрафічна ператвараецца ў люмпена.
- Як я дагэтуль не акалеў? – чухаў свае даўно нямытыя патлы Лёлік, родам з-пад Разані. Былы танкіст пасля армейскай службы прыжаніўся да мясцовай прыгажуні. Працавітая дзяўчына трывала, трывала яго запоі, ды не вытрывала - збегла назаўсёды. Лёлік падаўся быў на радзіму, але неўзабаве вярнуўся: не спадабалася там. “Азіяты, – жаліўся танкіст. – Жывуць у брудзе-галечы ды пьюць занадта”. Але ж “смага” не пакідала танкіста і тут, таму ўласнай сям’і больш не займеў – хто пойдзе за такога? Жыццё праляцела між п’янкай ды пахмеллем. Людзі дзівіліся: “Лепшыя паміраюць, а гэтых п’янтосаў ніякі чорт не бярэ!”
- То ж мы, рускія, народ жывучы, надзейна праспіртаваліся! – лыбіўся Лёлік, выстаўляючы свае гнілыя зубы. – Сумеў жа я выжыць без пенсіі амаль увесь апошні год. Можа і добра, што грошы затрымалі: калі іх перавесці ў даляры, то мне зараз адслюняць, бадай, цэлую сотню. О-то ж нап’юся з прэзідэнтам!” – задаволена гыгыкаў зямлячок Ясеніна.
- А чаго гэта Бацька да нас едзе? Хіба і сапраўды з Лёлікам на брудэршафт захацелася! – дзівіўся Хвядос. – Няўжо яму больш падацца няма куды?
- Ды хто такое памяло жадае дзе бачыць? Ад яго ж усе нармальныя людзі адцураліся! – патлумачыў настаўнік.
- Што праўда то праўда! Я ўчора прымач круціў, то, далібог, там нейкі містэр назваў яго вясковым ідыётам Еўропы, – дзівіўся аграном.
- Ты, Васіль, відаць, пад старасць зусім здурнеў, знайшоў каго слухаць. То ж варожыя галасы! Хіба ад іх праўду пачуеш? – пярэчыла Байдачыха. – Наш бедны галубок стараецца, стараецца, хоча парадак навесці, а пра яго плятуць такое.
- Кажаш, парадак хоча навесці? То чаму ж не наводзіць ужо столькі часу? – насядаў Васіль.
- Дык жа не даюць яму, – упёрлася старая.
- Як гэта не даюць? Хто не дае? – упёрся і Васіль.
- У руках твайго “галубка” зараз столькі ўлады, што і цару не снілася! – адрэзаў настаўнік.
- Язэп Міхайлавіч, вы ж самі добра ведаеце, што яму замінаюць, – гнула сваё жанчына.
- Цікава, і хто ж гэта яму замінае талкова працаваць?
- Як хто? Бэнээфаўцы розныя! – не здавалася Байдачыха.
- А хто такія тыя бэнээфаўцы? – пацікавіўся Хвядос.
- А халера іх ведае. Можа якія буржуі праклятыя. Па тэлевізару казалі што гэта з-за іх нам так пагана жывецца.
- Як бы не так! – узвіўся аграном. – Калі тваіх тэлевізійных салаўёў паслухаць, то ў нас не жыццё, а сапраўдны рай!
- Эх, Алена, Алена! – уздыхнуў Язэп Міхайлавіч. – Добрая твая душа, ды шкода мне цябе: ты ж ужо ўнукаў маеш, а разважаеш як дзіцё малое.
- Нічога, Язэп Міхайлавіч, гэта не самы вялікі грэх. Я вам так скажу: патрасе ён нашых зладзюгаў, ой патрасе, вось пабачыце. І дзякуй Богу, навядзе парадак! От толькі б вайны не было, – прыкрылася кабета замусоленым лозунгам.
Мудры настаўнік толькі горка ўсміхнуўся, – дыскутаваць з такімі “дзецьмі” не мае сэнсу.

Парадак у вёсцы пачалі наводзіць ужо наступнай раніцай. Апоўдні прывезлі раённую вертыкальшчыцу, тая выплаціла пенсіі аж... за тры месяцы. На пытанне “чаму толькі за тры?” раскрыла дзяржаўны сакрэт: краіне бракуе грошай. Свядомыя калгаснікі павінны гэта ўцяміць і пацярпець яшчэ трошкі.
- Дык колькі ж можна цярпець? Усё жыццё церпім! – абураўся Хвядос. – Працуй як вол, а пра свае грошыкі толькі рыпніся, дык вызвяруцца ды яшчэ і аблаюць: няма тваіх грошай! А куды ж вы іх прафукалі, нашым сялянскім мазалём ды потам заробленыя?
- От вы, паважаны Хвядос Панасавіч, здаецца, чалавек разумны, свядомы, як і ваш сусед настаўнік, а самага простага ніяк не ўцяміце. Ды яшчэ і правакацыйныя пытанні падсоўваеце. Хіба ж вы не ведаеце, колькі вакол нас ворагаў акапалася? То НАТО сунецца, то братам-арабам дапамагчы трэба. А “Славянскі базар”, а “Дажынкі”, а лядовыя палацы - хіба гэта не грошы! А колькі сродкаў убухана ў гэну праклятую гару! - згарача ляпнула вертыкальшчыца.
- Якую такую гару? – учапіўся Хвядос за крамолу, але вертыкальшчыца ўжо ачухалася і сваю зацуганую пласцінку крутанула яшчэ шпарчэй:
- Гару алімпійскую, дзе гарналыжны спуск для вас наладзім!
- Скажыце, калі ласка, паважаная, начорта такім як я здаўся ваш горны спуск?! – скрывіўся пакалечаны настаўнік. - Хіба неадкладных спраў мала? Вы лепш дапамажыце небаракам з пратэзамі, дык яны на вас маліцца будуць!
- Дарогу хаця б да бальшаку наладзьце, а то сядзім тут у багне па самыя вушы. Нават аўталаўка не можа пад’ехаць.
- А пенсіі нашы? Гэта ж здзек над чалавекам!
- Эх, Язэп Міхайлавіч, расчаравалі вы мяне. Я пра вас раней лепш думала. А вы з Хвядосам Панасавічам такія цёмныя, што клопат толькі аб сваім. А дзе ваш патрыятызм, дзе гонар за дзяржаву? Вось пабудуем мы Беларускія Альпы, свой гарналыжны курорт Сілічы: пад’ёмнікі, трасы, шыкоўныя гатэлі з рэстаранамі, казіно, басейны з марской вадой, якую яшчэ цёпленькай нашы арабскія браты па трубах пагоняць ад самай Персідскай затокі. Усе турысты свету рынуцца да нас – гэта ж жывыя грошыкі, сапраўдная залатая жыла!
- Дык можа тыя браты нам па трубе і рыбкі заморскай з ананасамі падкінуць? – пад’ялдыкнуў механізатар, – а мы ім тэлеграфам па бартэру бульбачку пагонім!
- Вы ўсё жартуеце. Крыўдна, што многія скептычна ставяцца да прагрэсу. Адным словам, цемната! Такіх трэба спешна выводзіць на дарогу прагрэсу, – распалялася вертыкальшчыца. – Вось чаму зараз так неабходна ўсім як адзін скінуцца на будаўніцтва лепшай у свеце бібліятэкі і тэлевежы, – так рашыў наш паважаны прэзідэнт! А хто не разумее важнасці такой задачы, ці ўздумае артачыцца, той больш ніколі не ўбачыць ні нашага прэзідэнта, ні лепшай долі, ні сваіх блізкіх. Вось так, даражэнькія!
- Хопіць нас ужо пужаць – мы ж ужо пужатыя! – заартачыўся Хвядос.
- Што тычыцца мяне, шаноўная пані, то я бачу пагрозу больш ад такіх як вы, чым з боку НАТО, – спакойна і разважліва сказаў Язэп Міхайлавіч. – Дарэчы, гэта ўжо многія бачаць.
- Кожны бачыць тое, што жадае бачыць! – узвілася вертыкальшчыца, скокнула ў свой шыкоўны джып “Чэрокі”, падораны ёй прэзідэнтам за нейкія сумнеўныя заслугі, і знікла ў невядомым накірунку.
- Вось і пагавары з такімі, – прыкра кінуў настаўнік.
- Го, хіба яны корчацца так як мы? – цяжка ўздыхнуў механізатар і аж плюнуў ад злосці.

Прыгналі роту салдат. Пад прыкрыццём двух бэтээраў у канцы сяла яны паставілі паходныя палаткі, палявую кухню і ўзяліся наводзіць вясковы марафет. Першым чынам засыпалі праклятую лужыну, у якой разам са свіннямі вечна плёскаліся мясцовыя алкашы. Паднялі нарэшце плот, павалены яшчэ пры саветах, замянілі трухлявыя слупкі, пафарбавалі дошкі – вуліца набыла больш-менш прыстойны від.
З народнай кішэні вертыкальшчыкі сваёй “шчодрай” рукой падкінулі сялу-шчасліўчыку шыфер, цэглу, цэмент, вагонку, фарбу, іншыя будматэр’ялы. Салдацікі працавалі спрытна (меўся вопыт, набыты імі на будоўлі генеральскіх катэджаў, лецішчаў), абураліся толькі, што ў вёсцы няма маладзіц і злосна мацюгаліся па-расейску.
Хуткім часам быў рэстаўрыраваны стратэгічны аб’ект - закінуты кароўнік. Сапёры надзейна замуравалі пралом у сцяне, праз які калісьці разбегліся галодныя рагулі, страху накрылі модным металашыферам, сцены пафарбавалі вапнай. Здалёк кароўнік выглядаў Эрмітажам. А вось зблізку смуродзіў па-ранейшаму, і з тым смуродам, далібог, ужо не справіцца нават усемагутнаму КГБ разам з усімі сваімі засакрэчанымі стукачамі.
Сяляне актыўна дапамагалі вайскоўцам, потым кожны вечар дружна абмывалі новабуд, ад чаго прысвечанае знамянальнаму візіту народнае гулянне зацягвалася аж да раніцы: дзесьці рэзаў гармонік, дзесьці танчылі пад язык, гучалі тосты, гарланілі песні, галасілі бабы, брахалі сабакі, – над сялом стаяў вэрхал, і моташны сівушны перагар валіў з ног любога, хто завітаў сюды. Салдацікі стараліся піць моўчкі, каб не разбудзіць свайго прапара, хаця той вечна на халяву набіраўся так, што і гарматай не разбудзіш.
Нарэшце ў падноўлены кароўнік аднекуль з-пад Брэста завезлі элітны статак, выведзены беларускімі селекцыянерамі, якія здолелі скрыжаваць галанскую карову з белавежскім зубрам(!) Новая парода вылучаецца выбітнымі якасцямі. Па-першае, такую скаціну карміць неабавязкова – корм яна здабывае сама: не цураецца моху, з задавальненнем сілкуецца галінкамі хмызоў, якіх у нашым лясным краі багата. Сваім дасягненнем нашы слаўныя вучоныя нарэшце дапамогуць зрабіць эканоміку эканомнай! Па-другое, даіць такую карову дастаткова раз на тыдзень, бо ў арганізме элітнай скаціны малако захоўваецца свежанькім лепш, чым у самым модным тэрмасе, а на шостыя суткі наогул узбагачаецца ляснымі вітамінамі, пры тым, тлустасць прадукта ўзрастае настолькі, што з вымя льецца гатовая смятана, смак якой нагадвае знакамітае пільзеньскае піва са смажанымі шампіньёнамі.
Даглядаць статак прыслалі вядомага беларускага чабана Міхася Булыгу і двух даярак, кандыдатак навук з даследчага інстытута, вабных грудастых маладзіц бальзакаўскага ўзросту.
Дзядзька Міхась праславіўся тым, што ў час эксперыменту па асіміляцыі яму даверылі адказную ролю: па начах назіраць за паводзінамі падвопытнай скаціны ў шлюбны перыяд. Вучоныя людзі патлумачылі былому пастуху, а цяпер МНС (малодшы навуковы супрацоўнік) што і як рабіць, на што звяртаць асобую ўвагу, як дзейнічаць у экстрымальных сітуацыях, і адправілі свежаспечанага эксперыментатара на ганаровую вахту.
Назаўтра Булыга дакладваў вучонаму савету.
- Сёння бык трахнуў белую карову.
- Цудоўна! – казалі вучоныя людзі. – Праўда, тут сярод нас прысутнічаюць шаноўныя дамы, таму наступны раз, паважаны Міхал Іванавіч, замест слова “трахнуў” кажыце больш шляхетна, напрыклад, “бык здзівіў”.
Міхась Булыга – мужык кемлівы, калісьці аж сем класаў здолеў, – двойчы яму паўтараць не трэба.
Наступнай раніцай МНС дакладваў сваё навуковае “адкрыццё”:
- Дарагія калегі! Сёння бык “здзівіў” белую карову.
- Цудоўна, цудоўна! – радасна паціралі вучоныя ручкі селекцыянеры, і гэты важны факт заносілі ў свае графікі, табліцы.
Наступным разам дзядзька Міхась дакладваў:
- Сёння бык надта “здзівіў” чорную карову – з двух гадзін да паловы чацвертай .
- О-о! Так, так, цудоўненька! – узрадаваліся вучоныя людзі.
І тут адзін з акадэмікаў, люляючы сваё экзатычнае пенснэ, паспрабаваў удакладніць:
- Даруйце, шаноўны калега, а што азначае ў вашым дакладзе тэрмін “надта”?
- Як што? – збянтэжыла МНС наіўнасць акадэміка. – Усё проста: бык зноў трахнуў белую карову!
Слава пра начнога эксперыментатара тэлебачанне хутка разнесла па ўсёй краіне, і аднойчы ціхай раніцай былы сціплы сельскі пастух прачнуўся нацыянальным героем. Яго пазнавалі на вуліцах, бралі інтэрв’ю, прасілі аўтографы. Міхал Іванавіч не паспяваў урачыста разразаць стужкі на адкрыцці Дажынак, Базараў, лядовых палацаў, выставаў эротыкі, секс-шопаў, блышыных скачкаў. І ўсюды банкеты, банкеты, банкеты... Каб неяк падтрымаць форму, спрабаваў ганяць шайбу, але яго разам з канькамі сілай цягнулі пабыць ганаровым сватам то на вяселлі, то ашчаслівіць маладуху ў першую шлюбную ночку. Эксперыментатар і тут не падкачаў: надзейна падпіраў дзьверы клюшкай, і колькі да раніцы было “закінута шайб”, ведае толькі ночка цёмная. Таварыства сексуальных меншасцяў слёзна прасіла падзяліцца вопытам. Аднаму дому, ці то радзільнаму, ці то дэбільнаму, прысвоілі яго імя. У гонар такой слаўнай падзеі кампазітар Ханок выдаў свой новы шлягер “Таварыш прэзідэнт”. Партрэты Булыгі ўжо красаваліся ва ўсіх кабінетах побач з дзяржаўным сцягам. Рэдкая галава не закружыць ад такога палёту!
Нажаль, Міхал Іванавіч Булыга не вытрымаў выпрабавання меднымі трубамі: тармазы адказалі, і ён запіў па-чорнаму. “СавБелія” і іншыя афіцыйныя выданні яшчэ друкавалі яго фоткі з “Плэй боя” і скандальныя выказванні наконт Гітлера, Клінтана, Лябедзькі ды іншых модных палітыкаў, чым здолелі на нейкі час нават першую асобу краіны адсунуць на другі план, што выклікала гнеў галоўнага ідэолага, былога палкоўніка Зямы Таліна. Той намерыўся прыкрыць крамольныя выданні. Прайдохі рэдактары нюхам адчулі змену курса і дружна рынуліся ў атаку. Цяпер з зоркі МНС ляцелі толькі пух ды пер’е. Тут яму прыпомнілі і нізкі інтэлект, і дрымучае хамства ў стылі конюха, і што ганяў шайбу ў рабочы час. Усё часцей замест прозвішча Булыга замільгала гідлівае Забулдыга. Моладзь на сваіх тусоўках скандзіравала: “Беларусь – у Еўропу, Забулдыгу – у жо...!”
Зляцець з п’едысталу заўсёды балюча, і ад такога гора МНС запіў бязбожна. Над ім адкрыта пацяшаліся, ледзь не плявалі на нявыспелую лысіну. Ён кідаўся з кулакамі, аднаму нават выбіў зубы. Хацелі судзіць, але накаціла прэзідэнтская кампанія, стала не да яго і справу замялі.
І вось Булыга разам са сваім статкам нечакана аб’явіўся ў падмарафечанай вёсцы.
- Го, якім гэта ветрам цябе да нас занесла? – дзівіліся людзі.
- У творчую камандыроўку прыслалі! – выхвалялася патухшая зорка, спапяляючы мясцовы ландшафт сівухай.
- Фу, халера, ну й смурод… Лепш бы цябе паслалі на тры літары! – абураліся людзі.

Бліжэй да запаветнай даты ў сяло прыкаціў вяльможны картэж. Шыкоўныя “членавозы” экзатычна выдзяляліся на фоне дабітай калгаснай тэхнікі. Столькі раскошы на калёсах сяляне, для якіх і “Запарожац” – лайнер, так блізка бачылі ўпершыню. Ад здзіўлення разявіўшы рот, нібы малыя дзеткі, яны доўга тапталіся ля машын, войкалі, заглядвалі ў вокны, мацалі рукамі, пакуль іх не папёрлі. Салдацікі таксама кінулі работу, пацягнуліся зірнуць-паслухаць. Высветлілася, што госці прывезлі зацверджаны набор пытанняў, якія сяляне маюць права задаць прэзідэнту.
Блюхер спешна склікаў сход. Вяскоўцаў строга папярэдзілі: казаць лішняе катэгарычна забараняецца! Прэзідэнт і так чалавек дужа нервовы, новая галаўная боль яго даканае. А ў каго язык занадта доўгі, то няхай адразу яго прыкусіць, каб не “загрымець пад панфары”. Усім апрануць самае лепшае каб не выглядаць бамжамі. Прэзідэнт трываць не можа жабракоў, – сам быў такім, нагледзеўся іх з маленства. А зараз носіць толькі ад Кардэна, што і вам раіць. Карацей, каб да яго прыезду ўсё аж зіхацела!
Блюхер хуценька раздаў вяскоўцам тэксты, тыя кінуліся чытаць. Неўзабаве пачуліся ахі-вохі: без акуляраў нічога не бачна. Блюхер, як самы малодшы сярод прысутных (яму стукнула ўсяго 57), яшчэ нешта бачыў, таму ўзахвоціўся пачытаць для грамады. Артыстычна адкашляўшыся, ён урачыста пачаў:
“Паважаны пан Прэзідэнт!
Не хапае слоў, каб выказаць падзяку за тую радасць, якую атрымалі людзі нашага сяла (раёна, вобласці, краіны) ад сустрэчы з Вамі! Мы змаглі пачуць і пагаварыць з чалавекам, які добра ведае нашы праблемы, робіць усё магчымае і немагчымае для таго, каб павесці нас асобым шляхам. Ад імя ўсіх беларусаў хачу заверыць пана Прэзідэнта ў падтрымцы Вашай бліскучай ідэі: лыжы на асфальце зрабіць нацыянальным відам спорту, а нашу нацыю - самай спартыўнай і непераможнай у свеце! Шчырае дзякуй Вам!”
Ад такой “бліскучай” лухты аграном аж зарагатаў. Хвядос у роспачы толькі плячом паціснуў, а Язэп Міхайлавіч філасафічна заўважыў:
- Хіба мала нам нацыянальнага спорту “наступіць на граблі?!”
За дзень да прыезду знатнага госця здарылася непрадбачнае, – лупануў такі лівень, што нарабіў бяды: дарогу размыла, плот паваліла, а ў лужыне пасярод сяла ледзь не захлынуліся Лёлік з прапарам. Нават кароўнік паплыў. Сцены яго аблезлі, быццам твар размалёванай шлюхі ад слёз. Бедныя салдацікі стараліся як маглі, а пад вечар атрымалі загад: пакінуць пазіцыю. Ноччу ціхенька адчалілі, пакінуўшы пасля сябе чысціню, парадак і забрухацеўшую кандыдатку навук. Яна ў слязах доўга бегла за бэтээрам, ды хіба папацёмку яго дагоніш...
Верталёт прэзідэнта з’явіўся знянацку. Усе ўглядаліся у неба над выганам, а ён нечакана выплыў з процілеглага боку, з-за лясочку. Жалезная птушка завісла над полем і мякка дэюбнула зямлю. Яшчэ хвілінка і прэзідэнт стаяў перад народам. Высокі, здаровы як абух, у камуфляжнай форме ён нагадваў кадравага эсэсаўца часоў Другой сусветнай. Канцы яго чорных вусоў, загнутыя долу, выдавалі паходжанне і пераконвалі, што з раллёй ён ніколі не парываў. Яго строгія вочы пільна агледзелі прысутных і падазрона прыжмурыліся. Было відаць што Бацька чымсьці незадаволены. Вертыкальшчыкі інстынктыўна паўцягвалі галовы так, што замест іх тырчалі толькі плечы, а па тых плячах адразу стала відаць, што ў натоўпе калгаснікаў з гулькін нос. Твар прэзідэнта скрывіла гідлівая міна, у вачах бліснула маланка.
- Пачаму у вас такія нізкія паказчыкі па мясу, малаку і яйцам!? - нарэшце прывітаўся ён з народам.
Вертыкальшчыкі сцямілі, што такое прывітанне нічога добрага не нясе і, каб быць далей ад бяды, схавалі галовы так, што тыя апынуліся аж у гульфіках. Сялянам таксама заняло ад такога прывітання, – недарэчная цішыня павісла над мірным полем, і толькі стракаталі камеры ды ў небе заліваўся жаўрук.
- Я вас спрашываю ілі как? Пачаму такія нізкія паказчыкі!?
Натоўп разгублена маўчаў. Сітуацыю нечакана выратаваў ужо недзе ўспеўшы “глынуць” Лёлік:
- Ну, дык у нас жа і скаціны сваёй няма!
Прэзідэнт, напэўна, не дачуў, бо загаварыў сам.
- От вы ўсё жалуецеся на цяжолую жызню. У каго эта ана цяжолая? Я закупачныя цэны на малако і хлеб паднял! Што вам ішчо нужна?
- Ну, дык не расце ў нас хлеб, ды й скаціны сваёй няма! - аддуваўся за усіх Лёлік, але Бацька, як звычайна, дыялог лоўка перавёў у маналог.
- Я вам салярку бясплатна дал? Дал! Крэдыт на пасявную дал? Дал! А вот на ўборачную не дам, – дудкі! Выкручвайцеся самі как хаціце. Хаціце – каней запрагайце, хаціце – прадсядацеля, а хаціце – сібя.
- Дык у нас жа і коней няма, і салярку некуды заліць! – нарэшце Лёлік раскрыў вочы прэзідэнту.
І тут прысутныя ўбачылі, як нейкіх двое павалаклі Лёліка ў бок лесу. Але шчыра кажучы, сялян больш дзівіла: як гэта Лёліку ўдалося праз шматлікія кардоны прарвацца на гэта поле, бо ў спісе сустракаўшых ён не значыўся па той банальнай прычыне, што нават занядбаламу калгасу было сорамна за такога баламута.
А між тым, да Бацькі падвялі старшыню калгаса. Цела Блюхера дрыжэла, твар заліваў пот.
- На скока вы сможаце ўвялічыць паказчыкі за шчот унутранай эканоміі? – пацікавіўся прэзідэнт.
Ад страху вочы князька палезлі з арбіт, у чарапку зарыпелі даўно не мазаныя шасцяронкі. Ён так скукожыўся, ажно з вачэй пырснулі два ручайкі.
Жахлівы госць любіў, калі яго баяцца. Відаць, тая акалічнасць і сапраўды цешыла яго, падымала настрой, бо твар важнай персоны раптам зрабіўся не такім злым. А Блюхера калаціла і ён ніяк не мог сабрацца з думкамі, плявузгаў нешта неўпапад, пакуль не пачулася:
- ... адсоткаў пяць-шэсць!
- Малавата. А што, еслі пастарацца?
- Калі пастарацца? Так, так, пан прэзідэнт, калі пастарацца, то зразумела, нешта можна прыдумаць, – выціраючы насовачкай упрэўшую лысіну, нясмела паабяцаў старшыня.
- А еслі очань пастарацца?
- Калі очань пастарацца?
І тут Блюхер успомніў, як на раённых нарадах ім вечна выкручвалі рукі, патрабуючы ад мясцовых князькоў немагчымага. Князькі звыкліся з тым, таму пустыя абяцанкі давалі запраста, добра засвоіўшы, што ўсё спішацца і забудзецца. Слёзы Блюхера мігам высахлі, ён асмялеў і прывычна пагнаў:
- Ну, калі дужа пастарацца, таварыш прэзідэнт, то можна замахнуцца і на дзесяць.
- А на дваццаць пяць сможаце? – быццам на Камароўцы набіваў цану Бацька.
- На дваццаць пяць? Можна і на дваццаць пяць! – пагнаў цюльку Блюхер.
- А на трыццаць?
- Калі не піць, не есці, то можна і на ўсе сорак!!
- Аж на сорак пяць? Ну, сматрыце! Вы паабяшчалі, а я лічна праверу выпалненне абяшчання! – прыгразіў прэзідэнт сваім вяльможным пальцам, пасля чаго перад густым лесам мікрафонаў тэлерадыёкампаній “асядлаў любімага канька”.
Гаварыў ён палымяна, многа і доўга. Калгаснае поле ўпершыню пачула, як дасталося ворагам, што з усіх бакоў аблажылі Беларусь, аб нейкім валютным фондзе і банкірах-крахаборах, што не даюць сродкаў нават на пасяўную. Была выкрыта банда жулікаў-карупцыянераў, што зрабілі падкоп ад станцыі метро “Навінкі” ажно пад рэзідэнцыю Дразды, запусцілі туды вшывых блох, а тыя распладзіліся так, што папёрлі з кожнай шчыліны, і цяпер не даюць спакойна ні жыць, ні працаваць прэзідэнту, - ад іх ужо не ратуе нават самы модны бронежылет!
Пра сябе ён казаў як быццам пра кагосьці другога: “Прэзідэнт на встрэчэ сказаў”, “Прэзідэнт учара падпісал”, “Прэзідэнт запраціл”...
У другой частцы прамовы ён рэкамендаваў усім беларусам займець нарэшце клопат аб сваім здароўі: пачаць бегаць трушком на працу і дадому, каб менш піць дарагія лекі – гэта першае. Па-другое, зменшацца транспартныя расходы, а ўсё разам павысіць ваш дабрабыт, – гэта тры. Ваш дабрабыт у вашых руках!
- Праўду-матку рэжаш, малаток! От мы, рускія – народ жывучы, бо надзейна праспіртаваліся! – раздаўся п’яны голас Лёліка, але яго тут жа скруцілі (магчыма агенты Масквы – каб не кідаў цень на інтэграцыю). Рэпарцёры кінуліся здымаць смажаны факцік, натоўп зашумеў, заварушыўся, і прэзідэнт нечакана апынуўся ў гушчы мясцовых аксакалаў.
- Ну, што ты мне добрага скажаш? – чамусьці адразу перайшоўшы на “ты”, звярнуўся госць да сталага чалавека.
- Скажу вам так: не цярплю фамільярнасці і хамства! Нават да шкаляроў-малалетак звяртаюся з павагай, на “вы”, бо жадаю ў кожным бачыць дастойнага чалавека! – проста і шчыра адказаў Язэп Міхайлавіч, але склалася ўражанне, што Бацьку больш цікавяць тэлекамеры, чым мудрыя словы “сына”.
- А ты што скажаш? – звярнуўся Бацька да наступнага. Сівы “сынок” адразу забыў усё, што так старанна вучыў перад сустрэчай, пачаў шукаць патрэбную паперку. Разгарнуў яе і затараторыў як шкаляр на іспытах:
“Паважаны пан прэзідэнт!
Не хапае слоў, каб выказаць удзячнасць за тую радасць, якую атрымалі людзі нашага сяла, раёна, вобласці, краіны ад сустрэчы з Вамі, змаглі пагаварыць і пачуць голас чалавека, які добра ведае нашы праблемы, робіць усё магчымае і немагчымае для таго, каб павесці нас асобым шляхам. Ад імя ўсіх беларусаў хачу заверыць пана Прэзідэнта ў падтрымцы Вашай бліскучай ідэі: лыжы на асфальце зрабіць нацыянальным відам спорту, а нашу нацыю -– самай спартыўнай і непераможнай у свеце! Шчырае дзякуй Вам!”
Упершыню на гэтым полі ў вачах Бацькі чыталася задаволенасць.
- Ну-ну, не хвалюйся!
Сваёй вяльможнай рукой ён, нібы малому дзіцяці, пакудлаціў сівую галаву аксакала і падарыў яму паветраны шарык. А той толькі лыпаў вачыма, і прыдуркаватая ўсмешка надоўга застыла на халуйскім маршчыністым твары.
- Ну, а ты што скажаш харошага? – наблізіўся Бацька да Байдачыхі.
Ад шчасця кабета расчырванелася што маладуха, вочы яе блішчэлі. Ухапілася за вяльможную руку і панесла без усялякай шпаргалкі.
- Паважаны прэзідэнт! Саколік ты мой любы! Не хапае слоў удзячнасці, каб выказаць тую радасць, якую я атрымала ад нашай сустрэчы! Здаецца, аж душа памаладзела! Ад імя ўсіх нашых баб хачу цябе заверыць, мой ты саколік любы, што й на тым свеце я буду ўспамінаць нашу сустрэчу, як самы лепшы дзень у маім жыцці. Шчырае табе дзякуй за гэта. Амінь!
Жанчына перахрысцілася і кінулася горача цалаваць яго. Бацька не чакаў такой лірыкі. Ён ужо адвык ад жаночай ласкі. Галава закружылася, усе члены напругліся і саколік раптам адчуў, што прастата больш не енчыць. Але мігам ачомаўся і з патаемным відам напомніў вакханцы, што “паказчыкі ўсяроўна трэба падвышаць, інакш ён іх бараніць не стане”.
Кабета раскрыла рот, ды так і застыла. Незразумела, якія паказчыкі меў наўвазе яе саколік, але на сэрцы стала так лагодна...
Скомкана развітаўшыся, Бацька знік ў вантробе вінтакрыла. А Байдачыха ўслед яшчэ доўга махала белай хусцінай, і закаханыя вочы кабеты туманіла шчаслівая сляза.
Візіт скончыўся.
Спецслужбы, армія, міліцыя на грузавіках, танках, бэтээрах бясконцым карагодам запылілі па бальшаку. Важныя госці з карэспандэнтамі таксама раз’ехаліся, пакінуўшы пасля сябе смецце, вытаптанае поле і сялянскія клопаты.
Паступова жыццё ўвайшло ў звыклую каляіну.
Элітны статак адправілі назад у пітомнік. Дарагую металачарапіцу з кароўніка знялі і кудысьці звезлі, – магчыма недзе рыхтаваўся чарговы візіт. Больш у сяле нічога не змянілася, як жылі гаротна, так і жывуць.
Сяляне часта ўспамінаюць той візіт і ўсё ламаюць галаву: чаго Бацька прылятаў?

P.S. Байдачыха памерла на другі дзень пасля візіту. Казалі, сэрца не вытрывала. Хавалі яе ўсім сялом.
І стаіць цяпер яе хатка асірацелая, як і тыя тысячы іншых па ўсёй зямельцы нашай, вокны якіх пазабіваныя накрыж, куды ўжо ніколі не вернуцца былыя гаспадары. Журботна паглядвае яна на белы свет сваімі выбітымі шыбамі, у якіх нямым укорам застыла горкае пытанне: куды ты коцішся, Беларусь?

Бронислав Сармонт