ЦЫРК НА ЎСЮ ЕЎРОПУ

У правінцыйным гарадку заезджы цырк пачаў несці страты. Дырэктар цырка Ціцянок што ні рабіў, як ні стараўся – не гараць людзі жаданнем ісці да яго, хоць ты забіся. Шчыра кажучы, а хто туды пойдзе, калі там такое дзеецца. Мяркуйце самі. Канферансье (яго функцыі выконваў блазан, былы доктар камумістычных навук Іван Іванавіч Пантановіч) узнёсла аб’яўляе:
- Зараз на арэну выйдзе Ян Чэўскі – чалавек-патрыёт з фенаменальнай памяццю!
На арэну выязджае шыкоўны антыкварны кабрыялет. У шляхетным фраку і цыліндры з яго вылазіць пузаты карлік. Казалі, небарака ў маленстве бомкнуўся галавой, ды так з тае пары і застаўся прыпыленым. Дык вось, карлік з важнецкім відам няспешна соўгаецца туды-сюды, разглядвае публіку, размаўляе па дзіцячым мабільніку, заўзята калупаецца ў носе, затым патрыятычна выпівае вядро фанты і надоўга знікае за кулісамі. Зала пачынае шумець, выказваць незадавальненне. Тады зноў з’яўляецца блазан (ці доктар камуністычных навук – як каму больш падабаецца) і супакойвае:
- Шаноўная публіка! А зараз Ян Чэўскі з уласнага брандспойта патрыятычна замочыць ажно трэці рад!
Усе, хто сядзеў у першых радах, панічна пырхнулі, як куры перад шашком. А доктар (ці блазан камуністычных навук – як каму больш даспадобы), крычыць наўздагон:
- Уцякаць не мае сэнсу! Я ж вам казаў, што хлопчык з фенаменальнай памяццю!
Ну які ж гэта дурань пасля такіх фокусаў папрэцца ў той паганы цырк?
Вядома, што нават з самых нявыкрутных варункаў заўсёды маецца выйсце, і Ціцянок упарта шукаў яго.
Аднойчы дырэктара наведаў нейкі дзіўны чалавек, ад якога за вярсту пёрла парфумам. Назваўся: рэжысёр Зяма Талін. Раней служыў у войску, дасягнуў высокага чыну на ніве ідэалогіі. Пасля развалу бальшавіцкай імперыі завіхаецца ў шоу-бізнесе і цяпер мае трывалыя сувязі з гаспадарамі самых высокіх кабінетаў - нагой адчыняе любыя дзверы. Напрыканцы сустрэчы рэжысёр прапанаваў свой незвычайны атракцыён, атракцыён будучага: “ДВАНАЦЦАЦЬ МАЛАДЗІЦ І АДЗІН ДЗЯЦЮК!” Дзецям да шаснаццаці глядзець не мае сэнсу.
Ціцянок ўхапіўся за нечаканую прапанову, як п’яны за плот. Раскашэліўся на рэкламу: расклеілі афішы, раскідалі ўлёткі. Па горадзе папаўзлі дзівосныя чуткі.
І вось прэм’ера. Народ папёр дзевятым валам.
Першае аддзяленне, дзе паўтаралася ранейшае, глядзелі не надта. А што там глядзець? Жанглёра Латыпа Задрыпава, у якога і без падагры ўсё валіцца з рук з тае пары, як стала ўсім вядома, што ён стукач са стажам; дрэсіраваныя галубкі салдафона Сівачкова, што на галовы-спіны гледача мецілі “аўтографы”; блазан са сваімі дэбільнымі хохмамі, які вучыў асла гуляць у шашкі, а той упарта коўзаўся на лыжах па асфальце. Публіцы гэта даўно абрыдла, таму ўсе нецярпяліва чакалі новы атракцыён.
Нарэшце ў антракце на манеж выносяць дванаццаць шыкоўных арабскіх канапаў пад балдахінамі, закупленых на выручаныя грошы ад продажу (ні то Ірану, ні то Іраку) сакрэтнага трактара на паветранай падушцы, за што для генеральнага дырэктара, які выпусціў унікальную машыну за вароты прадпрыемства, пракурор Рэйман запатрабуе вышэйшай меры пакарання (быццам бы той раней бацькі палез у пекла і рассакрэціў стратэгічную машыну), хаця добра вядома, што гешэфты пад прыкрыццем нейкіх засакрэчаных эскадронаў рассакрэціў менавіта адзін прайдоха, ад якога за вярсту пёрла парфумам.
Апошні званок. Затухае святло. Дырыжор Мотал Фінкельбром, ён жа і сенатар-аматар. Казалі, калісьці Мотал з костак роднага бацькі скляпаў даміно і выгадна распрадаў яго вечным турыстам, якія назаўсёды адчалівалі на правы бераг Іардана, за што мазырская радня выраклася адмарозка. Тады Мотал кінуўся шукаць шчасце ў сталіцы, дзе яму дужа падфарціла. Пры падтрымцы ўсемагутнага Кабзон-картэля ён па галовах сваіх падманутых калег шустра пралазіць на самую вяршыню славы і прыватызуе яе. Затым у нейкага бамжа-прапойцы за флакон ласьёну агулам набывае прафесарскі дыплом, ганаровыя званні, свецкую імпазантнасць, і з гэдкай саліднай ліпай выплывае ў сенатары – адразу зрабіўся Вялікім Сынам беларускага народа!
Нарэшце ліпавы сенатар падаў знак – залу напоўніла чароўная мелодыя "Шахеразады”. На сцэне паміж пальмаў, руж і піжоністых паўлінаў гарэм ні то шаха, ні то падзішаха, дзе сярод еўнухаў салодкім трыо галасіста заліваюцца блакітныя кенары Калян Шаргінец, Міцёк Падгаеўскі і паляшук-кабальера Касцян Шандыба. Экзотыка Усходу адразачку настаўляе гледача на рамантычны лад. Зачарованая казачнай прыгажосцю, публіка нават не варухнецца, прыціхлі ўсе, як тыя малыя дзеткі, - ад здзіўлення ажно рот разявілі
Грацыёзна пагойдваючы голымі кумпякамі і верхнім бюстам, пад чароўную мелодыю на арэну павольна выплываюць дванаццаць вабных амазонак – адна лепшая за другую. Аднак нават у такой адмысловай кампаніі выдзяляліся сваёй пародай і выбітнасцю вядомыя артысткі Натка Таршэрава (№8), Тамарка Свіннікава (№11) і Лідка Гармошына (№12). Эратычны танец жывата пераканаўча акрэсліў хараство і прывабнасць новага стандарту афіцыйнай жаноцкасці, што зала ацаніла нават без рэферэндуму. Абаяльныя амазонкі з усмешкай Джаконды элегантна ўзнеслі сваю пякучую прыгажосць пад балдахіны падзішахскай раскошы, і дзеля райскай асалоды доўга люлялі эратычную спакусу.
Народ краіны, дзе па дзяржаўнай статыстыцы сексу даўно няма, ажно шалеў ад убачанага. Нават тэлемагнат Рыгор Кампот не вытрываў такой экзэкуцыі, застагнаў, закрычаў: “Ой, мамачка родненькая!” - і з высокага крэсла споўз у непрытомнасці. Некалькі студэнтаў, сярод якіх былі заўважаны лепшы аналітык усіх часоў і народаў Шурык Зімоцкі (яго выдаваў альбіносавы парык) і юная тэлезорка Ягор Рыбаконь, рвануліся пад пальмы з жаданнем кінуцца да грудзей спакуслівых прыгажунь, як раптам у гарэме штосьці бабахнула. Дым развеяўся – усе ахнулі: на месцы выбуху ў позе лотаса сядзеў нейкі мужычок, у шахскай чалме, сціпла прыкрыты набедранай павязкай. Яго густыя чорныя вусы дужа кагосьці нагадвалі. (Няўжо і праўда той самы! Але ж чаму чалма, а не хакейны шлём?) А між тым, мужычок сатварыў няхітрыя маніпуляцыі рукамі, нешта накшталт малітвы (размаўляў ні-то з небам, ні-то з пеклам). Затым падняўся і неяк дзіўнавата падкраўся да першай амазонкі. Публіка зніякавела.
Прыгажуня Канстытуцыя ляжала перад ім голенькай, безабароннай, як ахвяра перад удавам. Гэты “спелы персік” быў настолькі прывабным, што набедраная павязка мужычка і сапраўды заварушылася, вочы бліснулі д’яблаўскім агеньчыкам і, не звяртаючы ўвагі на дворню (так учыняе, напэўна, толькі сапраўдны шах!), нечакана для ўсіх ён распачаў менавіта тое самае пікантнае, за што дзецям вечна пападае ад бацькоў. Ды яшчэ як распачаў! Вось што значыць шах – шахнуў дык шахнуў! А мы ж думалі проста нейкі мужычок.
Публіка ачомалася, радасна затупала і са свінячым віскам узарвалася воплескамі. Атмасфера гарэму і шахскі імпэт усю залу – ад першага рада да галёркі – раптам ахінуў дух Вакха і публіка завялася не на жартачкі. Вочы вакханак заззялі шалёным бляскам, і здавалася, што ў тым бляску купаецца сам сатана.
Прадэманстраваўшы “вышэйшы пілатаж” і элегантную перамогу на Канстытуцыі, мужычок пад гром апладысментаў, як той Цэзар, нарэшце пакінуў спакуслівую Кляпатру і ўрачыста перайшоў гарэмскі рубікон. Наступнай ахвярай стала Воля. Публіка ажно зайшлася ў захапленні! Гучаць воклічы: “Брава! Братка, давай яшчэ!” Пад несціханы гул авацый з тым жа поспехам была зваявана трэцяя прыгажуня – Прэса, за ёй чацвертая – Феміда, і нарэшце самая юная – Дэмакратыя!!
Пяць ашаламляльных актаў раскалілі атмасферу да таго, што зала бурліла, як жэрала вулкана, і пад рытмічна-эратычныя завіханні мужычка дружна лямантавала: “Шай-бу! Шай-бу!” Ад такой усенароднай падтрымкі мужычок, здаецца, і сапраўды адчуў сябе на кані. З гусарскім напорам ім даволі эфектна была заваёвана шостая – Статыстыка і трыумфальна сёмая – Паказуха. Фантастыка!!!
Што рабілася ў зале! Штаніны мужыкоў лопаліся, як пераспелы боб. Дзеўкі-бабы проста шалелі. Сарваўшыся нібы… самі ведаеце з чаго, у пошуках… самі ведаеце чаго, яны апантана шнарылі па шырынках і ўпарта цягнулі мужыкоў на сябе. Не менш адчайныя джыгіты сядлалі дзевак тут жа ў крэслах. Той стагнаў, той біўся ў істэрыцы, той смактаў валідол. Дырыжор Мотал, не ў стане вытрываць такія жарсці, зусім забыўся, што ён Вялікі Сын народа, зламаў дырыжорскую палачку (а магчыма і палітычную кар’еру), закаціўшы вочы, адчайна драіў уласны “смык” перад усім аркестрам. Вядомая публіцы сваімі фантастычнымі радыёруладамі флейтыстка Нінка Шайка (кажуць, зараз яна вучыць пісьменнікаў, як трэба пісаць пра самага недатыкальнага чалавека), убачыўшы такі “інструмент” перад самым носам, з гарачкі забылася дзьмуць і парывалася дапамагчы дырыжору сваімі разбэшчанымі пухленькімі вуснамі.
А тым часам мужычок (а можа ўсё-такі шах!) дабраўся аж да восьмай прыгажуні (Таршэравай), але яго “пілатаж” ужо нікога не цікавіў – усіх ачмурыла ўласная спакуса, і групавухай давалі такога дразда, што й сам драздоўскі шах мог пазайздросціць!
Чулая душа артыста ў чалме тонка ўлавіла падзенне свайго рэйтынгу (а можа і кар’еры). Магчыма, гэта акалічнасць і стала прычынай таго, што дзевятую цытадэль (Эканоміка) ён штурмаваў ужо не з тым імпэтам. Дзесятая (Палітыка) удалася яшчэ горш, а на адзінаццатай (Фінанса) наогул здарыўся канфуз, ад чаго прыгажуня Свіннікава гідліва выслізгнула з яго абдымкаў.
Што тут пачалося… Шаноўная публіка палічыла сябе падманутай. Такога яна б не даравала нават Філарэту. Пачуўся свіст, гнеўныя воклічы: “Ганьба! За што мы грошы плацілі!!!”, і ў адно імгненне кумір быў сапхнуты з п’едэсталу. Здрада не мае маралі. З-пад крэслаў выпаўзалі ўзмыленыя парачкі і, не паспеўшы падняцца з кален, крута мянялі галс – прымаліся бурна пратэставаць, хаця з падраных кофтачак-штанін яшчэ не выветрыўся дым былых баталій. Пад той шумок кабеты ліхаманкава шукалі: хто спадніцу, хто чаравік, хто падраныя калготкі.
Трохі астыўшы, партнёры гнеўна касіліся на колішні прадмет сваёй жарсці і гідліва пляваліся – масавае памутненне перарасло ва ўсеагульную нянавісць. І тут натоўп кінуўся нішчыць усё навокал. На арэну паляцелі паламаныя крэслы, мыліцы, парасоны. Амазонкі хуценька рэціраваліся, і толькі голы шах (а можа проста мужык у чалме) яшчэ сіліўся нешта даказваць сваім нядаўнім прыхільнікам, але куміра ўжо ніхто не слухаў. Раз’юшаны натоўп ледзь было не пазбавіў палавога гіганта яго “гонару і багацця”: некалькі фурый падкраліся з тылу, дружна наваліліся і ўжо збіраліся яго “славуты агрэгат” парэзаць на пятакі, і толькі спрытныя ногі ўратавалі куміра ад народнай інквізіцыі.
Пасля бурнай вакханаліі ўсе неяк раптам зрабіліся гарачымі прыхільнікамі маралі, імкнуліся выглядаць свяцейшымі нават за папу Рымскага ці спадара Зянона. Ім так карцела хутчэй загладзіць сваю мінутную слабіну калі не малітвай, то хаця б расправай з заганай. І тут па закліку вядомага правакатара рэспубліканскага значэння, журналюгі Пашкі Якутовіча натоўп рвануў за кулісы, але былы чырвоны генерал-садыст Сівачкоў спускае з ланцуга мядзведзя. Ваяры панічна рынуліся назад, топчучы слабейшых, губляючы па дарозе чаравікі, акуляры, імпартныя сківіцы, крылатыя пракладкі і іншую дробязь. На шчасце, побач не здарылася міліцыі, а то б не мінуць чарговай Нямігі.
Нарэшце народ схлынуў. Праўда, нейкая кабета, зашыўшыся ў кут, яшчэ доўга галасіла ды сілілася прыкрыць акрываўленыя лыткі рызманамі падранай спадніцы. Ёй далі выпіць мікстуры, якой звычайна супакойваюць сланоў, затым
ласкава, нібы Дзюймовачку, выправілі дахаты. А яна толькі тупа далдоніла: "Што я дома скажу, - ён жа мяне заб’е!”,
У поўнай цішыні цырк уяўляў сумнае відовішча. Убачыўшы карціну пагрому, дырэктар хапаўся за сэрца: “Я прапаў! Божа літасцівы, я банкрут!” І тут зноў накаціла насланнё, якое апошнім часам пазбавіла яго сну: разадраны бел-чырвона-белы, суровыя твары, лес ускінутых сціснутых у кулак рук, гатовых разадраць анціхрыста. Ціцянок задрыжэў, абмяк, стомлена плюхнуўся на бар’ер манежа і загаласіў як баба.
Жахлівае відовішча дапаўняў драўляны пратэз нейкага ветэрана, што журботна тырчэў сярод крэслаў цудам ацалелага шостага рада. Прысутныя моўчкі схілілі галовы над аблезлай гравіроўкай ветэранскай рэліквіі: “Славному воину от наркома Клима Ворошилова”. Побач валяліся гумовыя вырабы №2 – апошняя юбілейная ўзнагарода ветэранам вайны ад імя ЦК кампартыі і Савецкага ўрада ў гонар дня Перамогі!
Паступова жарсці сцішыліся. Дырэктар крыху ачуняў і загадаў выбітыя вокны залатаць фанерай. Затым сабраў артыстаў, пайшла “разборка палётаў”. (Рэжысёра Зяму Таліна так і не знайшлі. Казалі, непатапляльны прафан-многастаночнік пазней выплыў недзе ў Чэчні з новымі сакрэтнымі гешэфтамі).
Нядаўні кумір і пуп праграмы, карацей кажучы, былы шах толькі разводзіў рукамі:
- Пан дырэктар, я і сам не разумею, як такое магло стацца, – тлумачыў колішні кумір сваім сіпатым голасам. – Сёння з раніцы тры разы рэпеціравалі – усё атрымлівалася цудоўна!
Прысутныя вылупілі вочы – аж тры разы па дванаццаць!
“Ну й кабель!” – з зайздрасцю падумаў Ціцянок і аблізнуўся. – Цікава, колькі яшчэ зможа вытрываць яго прастата?”
Праўдзівасць такога меркавання падцвердзіў увесісты камень, што скалануў фанерную шыбу. Так падлеткі, якіх не пусцілі на прэм’еру, выказвалі сваю ўдзячнасць. Абкураныя нейкім зеллем, яны выпаўзалі з падвалаў, гарышчаў, і быццам ўз’юшаныя зубры, дзікім ровам аглушалі наваколле ды крэмзалі на сценах цырка непрыстойнасці. Усю ноч пад тымі сценамі мітынгавалі фаны з патрабаваннем: "Далоў бібліятэку – даеш тэлевежу!” Натоўп разрастаўся. З-пад палы ваўсю ішоў гандаль наркатой, парнухай, зброяй. Нейкі прапаршчык оптам збыў гранатамёты, зенітныя прыцэлы, прапаноўваў фалістычную ракету з дастаўкай дадому. “Качкі” з бычынымі шыямі мянялі "долары-марачкі, марачкі-долары!”, сутэнёры нахабна падсоўвалі свой тавар – начны горад жыў звычайным багемна-крымінальным жыццём. Пад раніцу да фанаў далучыліся алкашы з лозунгам "Цэнам на гарэлку разумную палітыку!”
Міліцыя хапун не ладзіла – палітыкай тут не пахла.

P.S. Журналістаў, якія асмеліліся напісаць пра ўсё гэта, кінулі на нары, газеты прыкрылі.

Бронислав Сармонт