Дзень Герояў 2014. Няхай памяць натхняе нас...

Паважаныя Суродзічы, Дарагія Сябры!

«Няхай памяць натхняе нас...»
Словы гэтыя прамовіў на сьвяткаваньні канадыйскага Дня Герояў – 11-га лістапада --- прадстаўнік Kаралевы ў Канадзе Дэвід Лойд Джонсан.

З нагоды нашага Дня Герояў, у гэтыя 94-ыя ўгодкі першага дня Слуцкага Збройнага Чыну, віншую ўсіх вас з нашым вялікім нацыянальным сьвятам і жадаю, каб ПАМЯЦЬ ПРА НАШЫХ ГЕРОЯЎ ДАЛА НАМ СІЛУ ДАВЕСЬЦІ ДА ПЕРАМОГІ ПАЧАТАЕ ІМІ ЗМАГАНЬНЕ ЗА ВОЛЮ СВАЕ ЗЯМЛІ.

Случчакам не было патрэбы задумвацца, ад каго бараніць сваю незалежную дзяржаву. Да сямідзесяцігадовага прамываньня мазгоў нашага паняволенага народу, усім было ясна, адкуль ішла пагроза.

Дарагія сябры, памятайма Случчакоў. Памятайма з удзячнасьцю ўсіх нашых продкаў, якія на працягу нашае гісторыі баранілі наш край. Дзякуючы іхняй мужнасьці, мы яшчэ жывем і ведаем, хто мы.

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвілла,
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.
Лістапад 2014.