warning: Creating default object from empty value in /customers/2/d/0/bielarus.eu/httpd.www/modules/taxonomy/taxonomy.pages.inc on line 34.

БГКЦ у Антвэрпане

Каляднае Набажэнства ў Беларускай Царкве

25 сьнежня Хрыстовая Царква адзначае Сьвята Нараджэньня свайго Госпада і Збавіцеля Ісуса Хрыста.

Ад старадаўніх часоў хрысьціяне мелі пабожны звычай зьбірацца разам у царкве напярэдадні гэтага дня, каб з наступленьнем цемры і ўзыходам першае зоркі распачаць сьвяточнае Набажэнства.

Адпаведна гэтаму звычаю, у чацьвер 24 сьнежня а 21 гадзіне ў Беларускай Царкве будзе адпраўлена ўрачыстая Вячэрня з Боскай Літургіяй Сьвятога Васіля Вялікага.

Вернікі ўшанавалі памяць Герояў Слуцкага Збройнага Чыну

Вернікі Беларускай Вуніяцкай Царквы ўшанавалі памяць Герояў Слуцкага Збройнага Чыну. Пасьля Набажэнства, у часе якога была ўзьнесена малітва за душы ўсіх загіблых змагароў, адбылася братэрская трапеза з удзелам паважнага Беларуса спадара Янкі Жучкі. Радны Беларускай Народнай Рэспублікі з хваляваньнем павіншаваў прысутных са сьвятам герояў і падзякаваў усім за пераемнасьць і шанаваньне Беларускіх традыцый. Усе прысутныя з павагай і шчырасьцю прывіталі і падзякавалі адданаму адраджэнскай справе старога Беларуса.

Успамін Герояў Слуцкага Збройнага Чыну

У нядзелю 29 лістапада ў Беларускай Царкве ў Анвэрпане адбудзецца ўшанаваньне памяці Герояў Слуцкага Збройнага Чыну з нагоды 89-й гадавіны ад пачатку паўстаньня.

Парафіяльны Фэст у Беларускай Царкве ў Антвэрпане

У нядзелю 15 лістапада Беларуская Царква ў Анвэрпане адзначае свой парафіяльны фэст, г.зн. дзень ушаваньня памяці Нябеснага Заступніка сьвятога Мучаніка Язафата Полацкага.

Урачыстасьць будзе адзначана Боскай Літургіяй, якая распачнецца а 12-й гадзіне, а таксама ўшанаваньнем часьцінкі сьв. Мошчаў сьв. Язафата, якую некалькі гадоў таму назад наша парафія атрымала ў блаславенны дар ад Беларускай Вуніяцкай Міссіі ў Лондане, якую ўзначальвае выбітны сьвятар, навуковец і патрыёт айцец-мітрат Аляксандар Надсан.

Пасьля Набажэнства адбудзецца сьвяточная трапеза, да якое будуць прымеркаваны таксама Загавіны на Калядны пост.

15 лістапада – пачатак Каляднага посту

15 лістапада, адразу пасьля дня сьв. Апостала Піліпа, Сьвятая Царква распачые Калядны пост (Піліпаўку), які будзе доўжыцца да 25 сьнежня і мэтаю якога зьяўляецца духовая падрыхтоўка вернікаў да сустрэчы вялікае ўрачыстасьці – Нараджэньня Хрыстовага.

Гэты Пост належыць да аднаго з чатырох працяглых хрысьціянскіх постаў і мае вельмі старажытнае паходжаньне. Радзімай гэтага Посту ёсьць старажытная Галія, - сёньняшнія Бельгія, Францыя, частка Германіі і Паўночнай Італіі, дзе ён распаўсюдзіўся яшчэ ў 4-5 стагоддзі, спачатку сярод манаства, а і сярод сьвецкіх вернікаў. Адсюль ён перайшоў да Рыму і Італіі і, неўзабаве, да Англіі. Тут жа, на Захадзе, гэты Пост атрымаў лацінскую назву “адвэнту” (“adventus” - “прыйсьце”), бо так спачатку называлася само сьвята Нараджэньня Хрыстовага, гэта значыць прыйсьця ў целе Госпада Ісуса Хрыста. Пра неабходнасьць гэтага посту ўжо ў IV стагоддзі згадваюць такія сьветачы сьвятасьці, як сьвяты Амброзій Міланскі, сьвяты Аўгустын Іпонскі, а ў V стагоддзі сьвяты Леў Вялікі, Папа Рымскі, кажа пра Калядны пост, як пра старажытную традыцыю Царквы Божай.

Дзяды ў Бэльгіі

У нядзелю 1 лістапада Беларусы Бэльгіі і Францыі адзначылі Дзяды - традыцыйнае беларускае памінальнае сьвята.

Памінальныя Набажэнствы на Дзяды

У нядзелю 1 лістапада Беларуская Вуніяцкая Царква ў Антвэрпане адзначае Дзяды - традыцыйнае беларускае памінальнае сьвята, прысьвечанае малітоўнаму ўшанаваньню спачылых прашчураў.

Святкаваньне пачнецца ў Антвэрпанскай Царкве Сьвятога Мучаніка Язафата і Ўваскрасеньня Хрыстовага заўпакойнай Боскай Літургіяй. Пасьля ўсе жадаючыя наведаюць у Лёвэне магілу Дзеда Міколы Равенскага, аўтара знакамітае музыкі да гімну "Магутны Божа", дзе будуць ускладзены кветкі, адпраўлена Паніхіда і пройдзе памінальная трапеза.

Жадаючых наведаць магілу с.п. Равенскага просім папярэдзіць, каб арганізатары маглі загадзя забясьпечыць месцы ў машынах.

Парафіяльная Рада

Аб'ява: 50-годдзе сьвятарства сьвятара Язэпа Гэндрыкса

У нядзелю 20 верасьня 2009 году а 13.30 ў царкве Сьвятога Сэрца Ісуса Хрыста (Беларуская царква) у Антвэрпане адбудзецца ўрачыстая Імша, прысьвечаная 50-годдзю сьвятарства і 75-годдзю з дня нараджэньня духовага апекуна Беларускай парафіі Сьвятога Мучаніка Язафата Полацкага і Ўваскрасеньня Хрыстовага сьвятара Язэпа Гэндрыкса (Jos Hendrickx).

Узначаліць Сьвятую Імшу біскуп-эмерыт Павал ван дэн Бэрхге, былы Атвэрпанскі ўладыка. Суслужыць яму будуць сьвятары фламандскай, беларускай і англа-афрыканскай супольнасьцяў.

У сувязі з гэтымі сьвяткаваньнямі Беларускай Грэка-Каталіцкай Літургіі сьв. Яна Залатавуснага, што звычайна штонядзелі адпраўляецца а 12-ай гадзіне, ў гэты дзень ня будзе.

Пасьля Імшы адбудзецца невялікая рэцэпцыя для ўсіх вернікаў.

Парафіяльная Рада

Падзяка

Парафіяльная рада Беларускай Грэка Каталіцкай Царквы ў Антверпане выказвае ўдзячнасьць спадару Міколе Раманаву за ахвяраваньне беларускіх кніг у бібліятэку,што існуе пры парафіі.

Сьвяткаваньне Дня Беларускай Вайсковай Славы ў Бэльгіі /Відэа-Аудыё/

Для беларусаў гораду Антвэрпан сьвяткаваньне гэтай слаўнай для кожнага беларуса даты пачалося ў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве. Да беларусаў Бэльгіі зь віншавальным словам зьвярнуўся айцец Ян Майсейчык. Ён распавёў кароткую гісторыю гэтай слаўнай Перамогі, а таксама значнасьць яго для Беларусаў.

Блаславеньне на новы навучальны год

У нядзелю 30 жніўня ў Беларускай Царкве ў Антвэрпане адбылося Набажэнства прысьвечанае пачатку новага навучальнага году.