You are here

Інфармацыйны пікет у Бруссэлі

Актывістамі Беларуска-Эўрапейскага Задзіночаньня насупраць будынкаў Эўракамісіі і Рады Эўропы быў праведзены інфармацыйны пікет. Мэтай гэтага пікета было данесьці інфармацыю да палітыкаў эўраструктур і жыхароў Бруссэля пра палітычную сітуацыю ў Беларусі і пра антыканстытуцыйную ваенную аперацыю на тэрыторыі Беларусі здзейсненую расейскай ваеншчынай.

Пад час пікету былі дадзеныя інтэрв'ю розным эўрапейскім СМІ якія зацікавіліся гэтай праблемай, таксама былі праведзены кансультацыі з эўрапейскімі палітыкамі. Была распаўсюджана вялікая колькасьць інфармацыйных матэрыялаў са зместам якіх можна азнаёміцца ніжэй.

Ваенная аперацыя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Расейскае войска бяз аб'яўленьня вайны ўварвалася на тэрыторыю суверэннай дзяржавы.
Гэта не сюжэт часоў «халоднай вайны» і не чарговы палітычны трылер. Гэта рэальнасьць у цэнтры Эўропы.

Пад выглядам правядзеньня сумесных ваенных вучэньняў 9 верасьня 2009 году на тэрыторыю незалежнай Беларусі ўведзены шматтысячны вайсковы кантынгент. У непасрэднай блізкасьці да межаў Эўразьвязу зноўку чутна бразгатаньне зброі.

Ня гледзячы на запісаны ў Канстытуцыі рэспублікі нейтральны статус краіны, дыктатар Лукашэнка на загад сваіх крамлёўскіх спадароў ладзіць «ваенныя вучэньні» з характэрнаю назваю «Захад 2009». З кім зьбіраецца ваяваць крамлёўская ваеншчына на захадзе? З Польшчай? З краінамі Прыбалтыкі? З Украінай?

Па старой крамлёўскай традыцыі патэнцыйны вораг Расейскай імперыі заўсёды знаходзіцца на тэрыторыі незалежных дэмакратычных краінаў. Затое лепшыя сябры Крамля – розныя адыёзныя дыктатарскія рэжымы ва ўсім сьвеце.

Адчуваючы слабасьць свайго рэжыму, дыктатар Лукашэнка чарговы раз спрабуе захаваць уладу з дапамогаю расейскіх спецслужбаў. Менавіта дзякуючы падтрымцы імпэрскіх рэваншыстаў з Масквы дыктару ўдаецца столькі гадоў утрымліваць уладу. Таму з такой брутальнасьцю была задушаная спроба беларускага народу пратэставаць ў Менску 9 верасьня 2009 году супраць уводу войскаў краіны-агрэсара на тэрыторыю незалежнай Рэспублікі Беларусь. Былі жорстка зьбітыя і арыштаваныя дзясяткі беларускіх актывістаў.

Мінуў год з пачатку агрэсіі супраць незалежнай Грузіі. Вынікам гэтай агрэсіі стала акупацыя грузінскіх тэрыторыяў і пралітая кроў мірных жыхароў. Разьвязаная супраць Грузіі вайна цынічна прыкрывалася крамлёўскімі ўладамі статусам кантынгенту міратворцаў. За дэмагагічнымі заявамі адкрыта дэкляравалася сапраўдная мэта – зрынуць законна абранага прэзыдэнта Грузіі, які праводзіць палітыку нацыянальных інтарэсаў сваёй краіны, будуючы дэмакратычную дзяржаву. Увесь час зьдзяйсьняецца ціск на дэмакратычна абранае кіраўніцтва Украіны і не спыняецца ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы украінскай дзяржавы.

Расейскай зброяй заліта крывёю Чачня і памежныя зь ёй рэспублікі. Незаконны продаж расейскай зброі ў гарачыя кропкі плянэты ня гледзячы на санкцыі ААН нясе сьмерць і нестабільнасьць ва ўсім сьвеце. Нездарма сымбалем міжнароднага тэрарызму стаў аўтамат Калашнікава. Лепшым саюзнікам у незаконным гандлі зброяй для крамлёўскіх чэкістаў стаў узурпатар Лукашэнка.

Мы, беларускія палітычныя ўцекачы краінаў Эўропы, патрабуем неадкладнага і безумоўнага вываду расейскіх войскаў з тэрыторыі нашай краіны. Беларускі народ і так больш за ўсе іншыя пацярпеў ад розных войнаў, ініцыятарам якіх была Расея.

Мы зьвяртаемся да лідэраў дэмакратычных краінаў з просьбай ня быць пасыўнымі і забясьпечыць гарантыі сувэрэнітэту і незалежнасьці нашай краіны – Рэспублікі Беларусь. Абыякавае стаўленьне і пасыўная рэакцыя на агрэсію зьяўляецца злачынствам супраць дэмакратычных нормаў сьвету.

БЭЗ-інфа

Навіны Беларусі: 
Навіны дыяспары: