You are here

САНКЦЫІ ПАВІННЫ ЗАСТАЦЦА. ЗАЯВА

Ад часу падпісаньня пагадненьня аб Усходнім партнёрстве 7 траўня гэтага года назіралася няўхільнае ўзмацненьне рэакцыі, парушэньня правоў людзей і рэпрэсіўнай палітыкі антыбеларускага рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі. Зьявіліся новыя палітычныя вязьні, якіх утрымліваюць без суда, пачасьціліся перасьледы настаўнікаў і іншых беларусаў за ўжываньне беларускай мовы. Пашырыліся звальненьні людзей з працы па палітычных прычынах, зачыняюцца праграмы беларускага радыё там, дзе яны ўзьнікаюць. Жорстка перасьледуецца апазыцыйная беларуская моладзь (нематываваныя арышты, зьбіваньні, пагрозы).

Узмацненьне рэпрэсіяў і антыбеларускай рэакцыі сталася магчымым, на наш погляд, у выніку фактычнага і рэзкага паслабленьня ўвагі з боку Эўразьвязу да дэмакратычных каштоўнасьцяў у дачыненьнях з рэжымам Лукашэнкі. Саступкі Эўразьвязу ў прынцыпах і ў дэмакратыі былі адэкватна ўспрынятыя Лукашэнкам як палітычная перамога над Эўразьвязам. Гэта разьвязала яму рукі для далейшых рэпрэсіяў і зьдзеку над беларусамі, над беларускай культурай і здаровым сэнсам у спадзяваньні, што Эўропа гэтага цяпер не заўважыць, а народ сьцерпіць.

Мы прытрымліваемся каштоўнасных і дэмакратычных прынцыпаў у палітыцы і бачым, што рэжымам Лукашэнкі рэальна ня толькі не была выканана ніводная ўмова павароту да дэмакратыі, а наадварот, узмацніўся паварот да антыбеларускай антыдэмакратычнай рэакцыі.

Мы лічым, што санкцыі Эўразьвязу аб няўезьдзе Лукашэнкі і групы асобаў, падазраваных у злачынствах (забойствы людзей) павінны быць пакінуты бяз зьменаў і ні ў якім разе не адменены. Гэтага патрабуе лёгіка падзеяў і элемэнтарная справядлівасьць.

Сойм Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”

Зянон Пазьняк
Старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”

Юры Беленькі
Намесьнік старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”

Сяргей Папкоў
Намесьнік старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”

11 кастрычніка 2009, г. Менск.
Беларуская Салідарнасьць

Навіны Беларусі: