You are here

Беларусы Бэльгіі пратэстуюць

Беларусамі Бэльгіі быў зладжаны пікет насупраць будынка амбасады РБ ў Бруссэлі. Мэтай пікету была перадача петыцыі (зьмест дакумэнту пададзены ніжэй), у якой сябры Беларуска-Эўрапейскага Задзіночаньня выказваюць абурэньне рэпрэсіямі, што днямі ізноў ажыцьцявіла пракрамлёўская акупацыйнай улада супраць Беларускіх герояў.

Супрацоўнікі амбасады ў катэгарычнай форме адмовіліся кантактаваць з беларускімі палітычнымі ўцекачамі. Бэльгійскія паліцыянты, якія дапамагалі ладзіць пікет, былі чарговы раз былі ўражаныя паводзінамі адказных асобаў амбасады, якія не хочуць прызнаваць сваіх суайчыньнікаў (хоць і палітычных апанэнтаў) за грамадзянаў Беларусі. Прадстаўнік паліцыі, які спрабаваў мець кантакт з амбасадарам, сказаў, што пра неналежныя паводзіны супрацоўнікаў амбасады ў адносінах да сваіх суграмадзянаў, будзе адзначана ў адмысловым рапорце, які будзе перададзены ў адпаведныя Эўрапейскія структуры.

Пікетоўшчыкамі былі адзначаныя карэктныя і вельмі спачувальныя адносіны з боку бельгійскіх улад, якія з паразуменьнямі ставяцца да беларускіх праблемаў.

Акцыі з патрабаваньнем вызваленьня Беларускага героя, што ўзьняў ненавісны для існуючага дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі Бел-Чырвона-Белы сьцяг над галоўнай ялінкай г. Віцебску, будуць працягнуты.

Беларусы замежжа не маюць маральнага права заставацца абыякавымі да рэпрэсіяў супраць беларускіх патрыётаў на Бацькаўшчыне!

Далоў пракрамлёўскі акупацыйны рэжым!

---------------------------------------------------------------------
Avenue Moliere 192,
1050 Bruxelles,
Belgique

Амбасадару Рэспублікі Беларусь
Супрацоўнікам беларускай дыпляматычнай місіі ў Бэльгіі

У Віцебску на пачатку студзеня 2010 году былі затрыманыя і арыштаваныя сябры Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ Сяргей Каваленка і Тарас Сурган. Палітычна матываваны арышт гэтых Беларусаў дапоўніў сьпіс рэпрэсіяў супраць беларускага народа, метадычна арганізаваных незаконнай уладай, якая была ўсталяваная і трымаецца пры дапамозе палітыкаў Крамля і спэцслужбаў Расеі.

Мы, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, вымушаныя часова пражываць па-за межамі нашай Радзімы, патрабуем ад вас давесьці да ведама структураў, адказных за палітычныя рэпрэсіі ў нашай краіне, наш рашучы пратэст і патрабаваньне неадкладнага вызваленьня ўсіх палітычных зьняволеных.

Паведамляем вам, што інфармацыя аб кожным факце палітычных рэпрэсіяў і іншых злачынствах супраць Беларускага народа будзе даведзеная да ведама нашых эўрапейскіх палітычных партнёраў, палітычных структураў Эўрапейскага Зьвязу і атрымае адпаведную адзнаку ў дэмакратычных інстытутах Эўропы. Гэта ў сваю чаргу пацягне за сабой адпаведныя высновы, у тым ліку пры разглядзе такіх пытаньняў, як дзеяньне санкцыяў і наступная крэдытная і партнёрская палітыка.

Кожны выпадак палітычных перасьледаў супраць беларусаў, нацыянальных сьвятыняў і сымбаляў Беларусі, кожны факт праявы генацыду супраць Беларускага народа кладзецца ў аснову абвінавачаньняў супраць дыктатара і яго памагатых.

Дыктатура Лукашэнкі ня вечная! Нашая Радзіма-Беларусь ўрэшце стане вольнай!

Жыве Беларусь!

Беларуска-Эўрапейскае Задзіночаньне

БЭЗ-Info

Навіны Беларусі: 
Навіны дыяспары: