You are here

РАСПРАДАЮЦЬ БЕЛАРУСЬ, КАБ ПАЗЬБЕГНУЦЬ АДКАЗНАСЬЦІ

10 студзеня сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ.

Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ – “Ягонае існаваньне – небясьпека для нацыі”.

З дакладамі выступіў сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі. На фоне чарговай нафтавай спрэчкі паміж Масквой і мясцовым прамаскоўскім рэжымам мы не павінны падманвацца ілюзіяй, што рэжым абараняе нейкія нацыянальна-дзяржаўныя інтарэсы Беларусі. Йдзецца выключна аб прыватных інтарэсах рэжымных колаў і асобаў. Той жа мэце служыць татальны распродаж па заніжаных цэнах беларускіх прадпрыемстваў непасрэдна ў расейскія рукі або апасрэдвана праз іранскія і кіпрскія фірмы. Рэжым разгарнуў нават кампанію выпуску аблігацыяў, каб інтэнсіфікаваць і легалізаваць гэты антыбеларускі працэс. Назіраючы за гэтымі афёрамі і выступамі лідэраў рэжыму, многія беларусы зразумелі, што рэжымныя колы згубілі ўпэўненасьць у вечным існаваньні іхнага рэжыму. На працягу некалькіх гадоў яны зьбіраюцца цалкам аддаць расейскаму крымінальнаму капіталу нашую нацыянальную маёмасьць і нейкім чынам пазбавіцца ад адказнасьці за сваю антыдзяржаўную дзейнасьць. Але марная іхная ўпэўненасьць у забесьпячэньні ўласнай камфортнай будучыні на беларускай народнай бядзе. У Расеі актыўна разьвіваюцца працэсы распаду, набліжаецца канчатковы калапс імпэрскай сістэмы. Цьвярозыя расейскія аналітыкі бачаць гэта і папярэджваюць, што калапс можа быць “нечаканы і хуткі”, як у выпадку з Савецкім Саюзам. А можа прыняць іншыя формы дэструкцыі. Але для падзеньня імпэрыі дастаткова моцнага палітычнага або сацыяльна-эканамічнага штуршка. Такім штуршком можа стаць маштабная вайна на Каўказе (напрыклад, у Дагестане) або экалагічная катастрофа на Саяна-Шушанскай ГЭС. Вядома, што ў выпадку прарыву плаціны ў зоне бедства апынуцца больш за два мільёны людзей, некалькі вялікіх гарадоў Сібіры. Мясцовыя жыхары зьвяртаюцца да крамлёўскага і мясцовага кіраўніцтва з заклікамі ліквідаваць плаціну, спусьціць ваду і адмовіцца ад эксплуатацыі ГЭС. Але на гэта прэм’ер Пуцін адказвае аптымістычнымі запэўніваньнямі ў стабільнасьці сітуацыі.

Вялізныя чалавечыя ахвяры і сотні тысячаў людзей з сем’ямі, якія страцяць жыльлё і ўсю маёмасьць, – цалкам верагодны варыянт пачатку распаду маскоўскай імпэрыі. Вельмі важна, каб у гэтым крывавым віры не апынуўся беларускі народ. Трэба адзначыць, што разам з антыбеларускім рэжымам адну справу здачы Беларусі ў маскоўскі палон актыўна робіць падстаўная прамаскоўская псэўдаапазыцыя. Вядома, што яе прадстаўнікі (Лябедзька, Раманчук і інш.) зьбіраюцца ў бліжэйшы час накіравацца ў Маскву на вялікую канфэрэнцыю па эканоміцы, дзе маюць намер сустрэцца і абмеркаваць агульную стратэгію з “выдатным эканамістам” Пуціным. Гэтая ж публіка мабілізуецца (за заходнія і маскоўскія грошы), каб заклікаць беларусаў ісьці на выбарчыя ўчасткі ды галасаваць на выбарчым шоў рэжыму. Супрацьпаставіцца гэтым злачынным працэсам павінен наш народ, аб’яднаны ў Беларускую Салідарнасьць.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра факты злачыннага распродажу нацыянальнай маёмасьці расейцам. Напрыклад, у руках маскоўцаў апынуўся малаказавод у Горках, што на Магілеўшчыне. Асноўная яго прадукцыя накіроўваецца на Маскву. Маскоўская акупацыйная дырэкцыя выкарыстоўвае мясцовы адміністрацыйны рычаг, каб прымусіць дырэктараў калгасаў аддаваць на малаказавод малако. Маскоўцы за малако не плацяць беларускім калгасьнікам, на пратэсты старшыняў калгасаў адказваюць цынічнымі прамовамі. Такі вось “бізнэс па-руску” прышоў на нашую зямлю.

Усё больш беларусаў пачынаюць разумець антычалавечую практыку пабудовы каласальных вавілонскіх палацавых будынін, у якіх рэжым імкнецца ўславіць і абяссьмерціць сябе. Жыхары Баранавічаў і мясцовыя камунальныя службы зьвяртаюцца да гарадзкога кіраўніцтва з патрабаваньнем грошай на капітальны рамонт жылых дамоў і дарог. На гэта начальства адказвае, што грошы выдаткоўваюцца на лукашэнкаўскія спартовыя палацы. Дзікія па сваёй бессэнсоўнасьці будаўнічыя праекты рэжыма ўжо ўражаюць сваімі маштабамі ўсю цывілізаваную Эўропу. Такіх адносінаў дзяржаўнай улады да грамадзянаў няма нідзе. Патрыёты тлумачаць ўражаным людзям, што так можа рабіць з народам толькі захопнік зямлі і ўлады, толькі акупант.

У такіх умовах беларусы павінны арганізаваць усенародны байкот фальшывым выбарам рэжыму, дзе ўсё ўжо вызначана наперад і не залежыць ад волевыяўленьня людзей. Нельга ўдзельнічаць у жульніцкіх “выбарах”, у якіх балатуецца ўзурпатар улады на Беларусі.

Зянон Пазьняк: Ягонае існаваньне – небясьпека для нацыі

Шчыра кажучы, нават здалёку назіраць за тым, што адбываецца ў Беларусі і як паводзіць сябе рэжым, робіцца нязносным выпрабаваньнем. Можа зблізку інакш выглядае гэты маразм. Усю палітыку, эфір, сеціва запаланілі сваркі паміж мафіямі з адпаведным узроўнем гаварэньня, тэмай і лексікай. Даўно зразумела, што гэтаму ня будзе канца, пакуль яны ня зглумяць і не здадуць усё беларускае і пакуль будзе існаваць антыбеларускі рэжым са сваім начальнікам. На нашых вачах мафія гуляе ў мытны саюз з Расеяй, грызецца за нафту, здае беларускія банкі, а грамадзтва вымушанае на гэта толькі глядзець, не маючы магчымасьці ўплываць на тое, што адбываецца.

Усё гэта паказвае наколькі важнай зьяўляецца наша агульная тактычная задача байкоту незаконных выбараў, стварэньня ўмоваў для непрызнаньня рэжыму і падрыхтоўка ўпадку ягонай улады.

Тым часам аналіз і ацэнку ягоных дзеяньняў па мытным саюзе і нафце мы рабіць мусім. Пытаньне з нафтай – брыдкі мафійны гандаль народнымі рэсурсамі, які мы пастаянна бачым і чуем. Больш сур’ёзная справа са здачай беларускіх банкаў. Гэтым падводзіцца грунт пад захоп расейцамі нашай нацыянальнай эканомікі і маёмасьці.

Паўтара гады таму я засяроджваў Вашу ўвагу на тым, што дзейнасьць і далейшае існаваньне Лукашэнкі ва ўладзе становіцца крайне небясьпечным для нашай нацыі і дзяржавы. Увесь гэты час кожны дзень пацьвярджае маю засьцярогу. У вобласьці права даўно існуе палажэньне аб першасным праве на абарону жыцьця. Гэта значыць, што калі нехта некага заганяе ў кут, каб забіць, то чалавек, баронячы сваё жыцьцё, можа зьнішчыць нападніка і не атрымае за гэта ніякай судовай кары.

Наш народ, нашае грамадзтва ўжо даўно загнаныя ў кут цемрай, што захапіла ўладу ў краіне. Адбываецца павольнае (прытым усьвядомленае, мэтанакіраванае) забіваньне нацыі. Але сапраўдная бяда нават ня ў тым, што гэта адбываецца. Драматызм у тым, што нацыя, якая асьлеплена антыбеларускай ідэалёгіяй рэжыму, гэтага вынішчэньня ў значнай частцы сваёй не разумее і нават ня бачыць. Сытуацыя, што склалася, рэальная, а рэакцыя на яе – намінальная, сузіральная і неадэкватная.

Зыходзячы з гэтага становішча, мы накрэсьлілі патрэбныя варыянты дзеяньняў і стратэгіі, каб не ўваліцца ў пабочныя шляхі, не рабіць другарадныя справы ды не скаціцца ў авантуру. Адсюль зразумелая абавязковасьць нацыянальнага асьветніцтва і наш упор на нацыянальную ідэалёгію, культуру і мову. Паралельная абавязковасьць – гэта абарона незалежнасьці і высьвятленьне агрэсіўнай сутнасьці расейскай палітыкі. Трэцяя абавязковасьць – ліквідацыя антынароднага рэжыму. Тут усе справы сацыяльнага, эканамічнага, культурнага кшталту мусяць быць падпарадкаваныя гэтай абавязковасьці. Кульмінацыйнымі момантамі ў гэтай трэцяй і рашаючай лініі змаганьня становяцца выбары любога ўзроўню. На гэтым цяпер засяроджана галоўнае нашае дзеяньне.

Зьвяртаю Вашу ўвагу на тое, як выразна разьмеркавалася цяпер вікаўская маргінальная апазыцыя пасьля зьмены эўрапейскай палітыкі. Частка (зь Мілінкевічам) пайшла на калябарацыю з рэжымам, падтрымаўшы эўрапейскі прагматызм, іншая частка (АГП, Лябедзькі, Раманчукі) зноў скіраваліся на Маскву; трэцяя частка і маладзёвае асяроддзе трапіла ў яшчэ большую (часам у непасрэдную) залежнасьць ад КГБ, ягоных правакацыяў і авантураў.

Зразумела, што ні з кім зь іх у нас няма сэнсу нешта сур’ёзнае рабіць. Але мы павінны імкнуцца адрадзіць і ўзмацніць наш Беларускі Вызвольны Рух і Беларускую Салідарнасьць. Ва ўмовах нацыянальнай несвабоды і вынішчэньня ўсё, што зьвязана з разьвіцьцём Беларускай Нацыянальнай ідэі, з барацьбой за беларускую мюву, культуру, свабоду і незалежнасьць Беларусі – усё гэта ёсьць галоўная генэральная лінія разьвіцьця нацыі. Толькі яна гарантуе яе сьветлую будучаню. Усё, што з гэтым не зьвязана, ёсць маргінальнае, пабочнае, коснае і тупіковае.

Генэральную лінію разьвіцьця і будучыню нацыі ў ХІХ стагоддзі вызначалі такія людзі як Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч, Кастусь Каліноўскі, дзеяньні і ідэі, якія за імі былі, а не косныя масы спаланізаванай верхавіны, зрусіфікаванага чынавенства і іх галосных артадоксаў. Паланафільства і русіфікацыя у тым стане грамадзтва былі цэнтральна пашыранымі, існавалі на вызначальных пазыцыях, але былі ідэйна правінцыйнымі, пабочнымі і цалкам невызначальнымі ў галоўным разьвіцьці Беларускай нацыі.

Сёньняшняя зрусіфікаваная (вікаўская) апазыцыя, падтрыманая лібэральнай Эўропай, гэтак жа як і косная маса адэптаў рэжыму, ёсьць на Беларусі зьявай маргінальнай і тупіковай, якая блытаецца на ідэйным узбочы нацыянальнага разьвіцьця грамадзтва у расейшчыне, трасянцы, калгаснай псіхалёгіі і абстрактнай дэмакратыі бяз нацыі і ідэі. Адзін сьмелы ўчынак Каваленкі са Сьцягам Беларусі вышэйшы за ўсё іх мёртвае існаваньне. Пацьвярджэньнем усіх гэтых словаў ёсьць наш Фронт 90-х гадоў і наша дзяржаўная незалежнасьць, якой ён дамогся. Няхай жа веданьне і разуменьне гэтага ўселіць рашучасьць і веру ў нашы душы.

Прасіў бы абмеркаваць на Сойме і прыняць захады да высьвятленьня пытаньня з арыштам нашага партыйнага сябра ў Віцебску спадара Каваленкі. Зноў зьвяртаю Вашу ўвагу, што дзяеяньні рэжыму ў дачыненьні да Каваленкі – гэта мэтады і паводзіны тыпова чужых акупацыўных уладаў. Трэба арганізаваць юрыдычную, палітычную, маральную і матэрыяльную дапамогу Каваленку.
З Богам прыступаем да працы.
Жыве Беларусь!

Зянон Пазьняк
Старшыня Беларускага Народнага
Фронту “Адраджэньне” і
Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ
10 студзеня 2010 г.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ
10 студзеня 2010 г

Беларуская Салідарнасьць

Навіны Беларусі: