You are here

Пастырскае Слова Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі на свята Пасхі Хрыстовай 2010 году

archim-gajek.jpgПастырскае Слова Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі на свята Пасхі Хрыстовай 2010 году

Пачэсныя Айцы святаслужыцелі!
Дарагія Манахі, Манахіні і Браты Семінарысты!
Любыя ў Госпадзе Браты і Сёстры! Паважаныя Сябры!

1. Дзякуючы ласцы Хрыста Чалавекалюбца мы прайшлі шлях Велікапоснага духоўнага вандравання, як неабходную падрыхтоўку да святкавання Пасхі Гасподняй. Вялікдзень прыносіць нам радасць Уваскрасення Госпада і Збаўцы нашага Ісуса Хрыста. У гэтым годзе гэта радасць тым больш вялікая, што ўсе хрысціяне святкуюць Пасху Гасподнюю разам.
У святле Ўваскрасення Хрыстовага дзякуем Госпаду за ўсе значныя моманты, праз якія Ён нас вёў да радасці Вялікдня.

- Першым з іх быў 20-цігадовы Юбілей аднаўлення душпастырскай дзейнасьці Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі. Як вядома, у нядзелю 11 сакавіка 1990 г. мітрафорны протаярэй Аляксандр Надсан, Апостальскі Візітатар для беларусаў замежжа з Лондану адслужыў ў Мінску, у адзіным тады адкрытым у сталіцы касцёле Ўзвышэння Святога Крыжа на Кальварыйскіх могілках, Боскую Літургію у візантыйскім абрадзе па-беларуску. Гэта была першая непадпольная, адкрытая грэка-каталіцкая Літургія ў паваеннай Беларусі. Тая Літургія сталася момантам аднаўлення адкрытай літургічнай і душпастырскай дзейнасці Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. Літургія была адслужаная на беларускай мове ды з таго часу мы, беларускія грэка-католікі, лічым нашым асаблівым пакліканнем і прывілеем маліцца на роднай мове.
У свята Пасхі Гасподняй у шчырай малітве дзякуем Уваскросламу Хрысту Чалавекалюбцу, што нашая Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква, якая ніколі не перастала існаваць, атрымала магчымасць адкрыта прапаведваць Евангелле на роднай зямлі.

- Другім момантам на шляху велікапоснага навяртання былі парафіяльныя рэкалекцыі – дні духоўнага аднаўлення, якія праходзілі ў парафіях нашай Царквы. Гэта быў час духовага асэнсавання Дзесяці Божых Запаведзяў, як “шляху веры і справядлівасці”. Па гэтым шляху Госпад вядзе нас, як Народ Божы, і хоча блаславіць нашае духовае ўзрастанне.
Дзякуем ўсім святарам, якія ў Вялікім посце праводзілі катэхізацыі і катэхізацыйныя рэкалекцыі ў давераных ім парафіях ды такім чынам споўнілі заклік Папы Бенядыкта XVI, выказаны ў ягоным Пасланні да каталіцкіх ярархаў Беларусі падчас візіту ad limina, “каб належная катэхетычная адукацыя паказвала шлях веры на ўсіх этапах жыцця”.

- Чарговым значным момантам падрыхтоўкі да Пасхі Гасподняй было свята Дабравешчання Багародзіцы – 25 сакавіка, якое паводле доўгай традыцыі ёсць у нашай Царкве Днём малітвы за Бацькаўшчыну. У гэтым годзе 25 сакавіка вернікі мінскіх грэка-каталіцкіх парафіяў і вернікі касцёла святых Сымона і Алены ў Мінску сумесная маліліся за Бацькаўшчыну ў свята Дабравешчаньня Багародзіцы. Святарамі двух абрадаў быў адслужаны Акафіст да Маці Божай Жыровіцкай - Валадаркі Беларусі. Асаблівым чынам прысутныя вернікі маліліся за беларускія сем’і, за нашу вялікую Сям’ю – Беларусь, за развіццё беларускай мовы і культуры.

- Яшчэ адным значным момантам былі службы Пальмовай (Вербнай) Нядзелі, у якую ў Каталіцкай Царкве адзначаецца Сусветны дзень моладзі. У суботу - 27 сакавіка 2010 г., напярэдадні Вербнай Нядзелі Ўваходу Госпада ў Ерусалім, моладзь мінскіх парафіяў арганізавала “Велікапосныя маладзёвыя чуванні”. У рамках літургічнага «Усяночнага чування» прысутныя маліліся за ўсю моладзь Беларусі. Гэтая малітва мела працяг у Пальмовую Нядзелю 28 сакавіка ў рамках Боскай Літургіі, якую я, як Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі, узначаліў у грэка-каталіцкай парафіі ў Берасці. Гэта быў час духовай сулучнасці і братэрскай салідарнасці з моладдзю ўсёй Каталіцкай Царквы.
Выхаванне моладзі ў духу Евангелля, у адказнай любові да Бацькаўшчыны, да беларускай мовы і культуры, лічым асаблівым пакліканнем нашае Царквы.

2. Да пасхальнай радасці Ўваскрасення Госпада Царква вяла нас праз Вялікі Тыдзень Мукаў Хрыстовых, асабліва праз Вялікі Чацвер, Вялікую Пятніцу, Вялікую Суботу. У багаслужбах тых дзён мы маглі ўспамінаць увесь Провід Божы, які Ісус Хрыстос споўніў дзеля нас і дзеля нашага збаўлення.
У Вялікі Чацвер мы ўзгадвалі вялікі Дар Еўхарыстыі і святарскага служэння, які Хрыстос даручыў Сваёй Святой Царкве. Год святарства, які адзначаем у Каталіцкай Царкве, няхай будзе для ўсіх нас добрай нагодай асэнсаваць каштоўнасць гэтага дару святарства для ўсяго Народу Божага.
Усіх святароў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы даручаю вашым малітвам і дзякую ім за ахвярнае і бескарыснае служэнне Богу, Царкве і Бацькаўшчыне. Усім вернікам выказваю глыбокую ўдзячнасць за духовую, малітоўную і матэрыяльную падтрымку іхняга служэння.
Каштоўны прыклад нястомнага святарскага служэння мы атрымалі ад Слугі Божага Папы Яна Паўла ІІ-га, пятую гадавіну спачыну якога мы адзначалі ў Вялікую Пятніцу – 2 красавіка. Асабліва каштоўнымі для нас застаюцца ягоныя словы, якія за некалькі тыдняў перад сваёй смерцю накіраваў Ён да беларускіх грэка-католікаў: ”Будзце мужнымі! Адвагі!”
Хай гэтыя словы, поўныя пасхальнай надзеі і аптымізму суправаджаюць нас – беларускіх грэка-католікаў – на шляху нашага нястомнага сведчання пра Ўваскрасенне Хрыста.

3. Паводле візантыйскай літургічнай традыцыі нашай Царквы, у пасхальнай радасці Вялідня ўзвялічваем Найсвятую Багародзіцу, якой Анёл прынёс вестку пра Ўваскрасенне Яе Сына.
“Анёл усклікнуў Поўнай ласкі: Чыстая Дзева, радуйся!
І зноў кажу: Радуйся, бо Твой Сын уваскрос на трэці дзень з магілы...
Людзі, весяліцеся!”

У гэты пасхальны час з асаблівай радасцю ўшаноўваем Жыровіцкую Заступніцу – “Маці Еднасці”, цудадзейная Ікона Якой была каранаваная папскімі каронамі 280 год таму – 19 верасня 1730 г..
Свята Жыровіцкай Іконы Маці Божай прыпадае ў Велікодны перыяд - 7 траўня. Хай гэтае свята стане для нас усіх заахвочваннем да тым больш радаснага праслаўлення Багародзіцы, на шляху да святкавання Юбілею 280-годдзя каранавання – 19 верасня гэтага году. Няхай час юбілейных святкаванняў будзе для нас усіх нагодай да руплівай малітвы за наш народ, за захаванне ды пашыренне ў яго жыцці хрысціянскіх каштоўнасцяў.
“Такая малітва няхай дапаможа нам увайсці ў глыбіню праўды пра “Сулучнасць святых”, якой ёсць Паўсюдная Хрыстовая Царква ў яе вымярэнні як гістарычным, так і геаграфічным. Тады зможам лепш зразумець каштоўнасць нашай духовай спадчыны, якую подзвігам нашага хрысціянскага жыцця маем працягваць сёння ў нашай Бацькаўшчыне”. (Пастырскае Слова на Пачатак Вялікага Посту 2010 г.).

Няхай праз магутныя малітвы Жыровіцкай Багародзіцы – “Маці Еднасці” – Блаславенне Ўваскрослага Ісуса Хрыста дойдзе да ўсіх вас, да ўсіх вернікаў нашай Царквы ў Беларусі і ў Замежжы, да ўсіх хрысціянаў і да людзей добрай волі ў нашай Бацькаўшчыне.

4. Пачэсныя Айцы! Любыя ў Госпадзе Браты і Сёстры! Паважаныя Сябры!

На заканченне гэтага пасхальнага разважання жадаю данесці да вашай увагі каштоўныя для нас словы Велікодных віншаванняў, якія накіраваў на нас, беларускіх грэка-католікаў, Прадстаўнік Святога Айца Бенядыкта XVI-га, Апостальскі Нунцый у Беларусі, Высокадастойны Архібіскуп Марцін Відавіч. У сваім лісце Ён піша:

“Раздзеляючы радасць, крыніцай якой з’яўляецца Уваскрасенне Гасподняе, прагну перадаць самыя сардэчныя зычэнні Вялебнаму Айцу, Святарам, Асобам богупасвячанага жыцця, а таксама ўсім свецкім вернікам дарагой Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі.
Зычу, каб Хрыстос Госпад, якога сустракаем у ламанні хлеба і тлумачэнні Слова жыцця, дадаваў адвагі ў вызнанні веры, што гэта Ён перамог свет, узмацняў надзею ў перадоленні цяжкасцяў, якія паўстаюць перад намі кожны дзень, каб Ён быў прыкладам узаемнай хрысціянскай любові.
Няхай Госпад шчодра Вас блаславіць, даруючы ласку здароўя і ўсялякага поспеху ў кожнай хвіліне жыцця.”

Прымаем гэтыя віншаванні Апостальскага Нунцыя з вялікай удзячнасцю і вітаем адзін аднаго пасхальным прывітаннем:

Хрыстос уваскрос – Сапраўды Уваскрос!

Мінск, Пасха Хрыстова 2010 г.

+ Архімандрыт СЯРГЕЙ (Гаек)
Апостальскі Візітатар
для грэка-католікаў Беларусі

Парафія сьвятога Язэпа