You are here

Традыцыйнае сьвяткаваньне ўгодкаў абвяшчэньня Незалежнасьці Беларускай Дзяржавы 25 сакавіка

25-03-2011-sm.jpg26 сакавіка беларусы Бэльгіі, Францыі і Нямеччыны сабраліся разам, каб адзначыць Сьвята абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.

Сьвяткаваньне пачалося ў Беларускай Грэка-Каталіцкай царкве Антвэрпана (Бэльгія). Айцец Ян Майсейчык адслужыў Малебен за Беларускі народ, а ў сьвяточным казаньні нагадаў усім пра важнасьць захаваньня сваёй беларускай ідэнтычнасьці і неабходнасьць цьвёрдага трываньня на падмурку ідэалаў высакароднасьці і самаадданасьці. Сёньняшні дзень, зазначыў сьвятар, вымагае ад беларусаў не пасыўнага выказваньня сымпатый да Беларушчыны, але руплівага адстойваньня яе правоў па ўсіх накірунках, што выразна занатавана сьветлай паэткай-пакутніцай Ларысай Геніюш:

Сёньня на пласе родная мова.
Вырваць жывую належыць з вагню.
Слова «кахаю» – слабае слова.
Мужнае слова – «абараню»!

25-03-2011-1.jpg

Потым удзельнікі сьвяткаваньня адправіліся на могілкі, дзе пахаваны радны БНР сьветлай памяці спадар Янка Жучка, які спачыў у сьнежні мінулага году. Там адбылася сустрэча зь ягонымі роднымі і адпраўлена паніхіда за супакой ягонай душы і душаў усіх спачылых правадыроў, ваяроў і змагароў за вольнасьць Беларусі.
Сябра Рады БНР Зьміцер Піменаў усклаў на магілу Янкі Жучкі «Пагоню», ўпрыгожаную белымі і чырвонымі кветкамі, і зачытаў віншаваньне старшыні Рады Івонкі Сурвілы, а прадстаўнік Беларуска-Эўрапейскага Задзіночаньня ў Францыі Павал Хівук прадэкламаваў верш Натальлі Арсеньевай, прысьвечаны Сьвяту 25 Сакавіка. У сьвяточнай прамове сп. Піменаў распавёў пра жыцьцё Янкі Жучкі, а таксама зазначыў, што Сьвята Абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі – гэта сьвята для тых беларусаў, хто на справе, а не толькі на словах, вызнае ідэалы 25 Сакавіка.

25-03-2011-038.jpg

Ад 12 гадзіны ў цэнтры Брусэлю распачаўся сьвяточны пікет, падчас якога актывісты Беларуска-Эўрапейскага Задзіночаньня распаўсюджвалі ўлёткі з інфармацыяй аб Беларускім Сьвяце і балёнікі з надпісам «BELARUS».

25-03-2011-043.jpg

Скончылася сьвяткаваньне праглядам дакументальнага фільму пра эміграцыйнае жыцьцё беларускага патрыёта Янкі Жучкі і яго сяброў-беларусаў і сьвяточным сталаваньнем.

Навіны дыяспары: