You are here

Аб валютным крызісе ў Беларусі - Заява Руху Салідарнасці “Разам”

Папулісцкая безадказная палітыка рэжыма прывяла да валютнага крызісу ў Беларусі. Стварэнне Мытнага саюзу, падвышэнне заробкаў дзеля паляпшэння іміджу А.Лукашэнкі напярэдадні псеўдавыбараў, бездарная інвестыцыйная палітыка, залежнасць ад імпарту пры неліквіднасці ўласнай прадукцыі, адсутнасць свабод для прыватнага бізнэса прывялі да хранічнага дэфіцыту гандлёвага балансу ў 1 млрд. даляраў у месяц, што складае больш за 100 даляраў у месяц на кожнага грамадзяніна Беларусі. Пры гэтым у краіне існуе множнасць курсаў наяўнай і безнаяўнай валюты.
Рух Салідарнасці "Разам" заклікае адмовіць у фінансавай падтрымцы існуючаму нелегітымнаму рэжыму. Беларусы, не абменьвайце свае цяжка заробленыя грошы ў валюце па фіксаванаму курсу, не рызыкуйце сваімі ўкладамі ў банках, якія залежаць ад сваволі дыктатара!

Рух Салідарнасці “Разам” лічыць публічную заяву пасла РФ А.Сурыкава аб актуальнасці аднаўлення перамоў па ўвядзенні расійскага рубля на тэрыторыі Беларусі як чарговую спробу праз імперскі дыктат абрабаваць беларусаў. Мы выказваем рашучы пратэст такім цынічным захадам. Робіцца зразумелым, чаму Расія насуперак усяму цывілізаванаму свету прызнала дыктатара Лукашэнка легітымным прэзідэнтам. Рашуча асуджаем прадстаўнікоў мясцовай “пятай калоны” Масквы, якія падтрымалі імперскую заяву пасла.

Толькі вяртанне Беларусі ў цывілізаванны свет праз адхіленне Лукашэнкі ад улады і правядзенне дэмакратычных выбараў дазволіць не толькі пераадоліць валютны крызіс, але і забяспечыць падвышэнне ўзроўня жыцця і дабрабыту беларусаў.

4 траўня 2011 года.