You are here

Гадавіна Слуцкага Збройнага Чыну

Сёньня беларусы Бэльгіі адзначылі чарговую гадавіну Слуцкага Збройнага Чыну. У Беларускай Грэка-Каталіцкай царкве Антвэрпана у часе Літургіі адбылася малітва за Слуцкіх паўстанцаў і ўсіх беларускіх герояў і пакутнікаў, аддаўшых свае жыцьці за волю і незалежнасьць Бацькаўшчыны. Радны БНР айцец Ян Майсейчык зачытаў зварот Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы, у якім падкрэслівалася, што менавіта Слуцкія паўстанцы ў сваім адчайным і няроўным змаганьні з бальшавіцкаю цемраю найбольш яскрава выявілі годнасьць Беларуса ў тыя жахлівыя часы. Паўстанцы не жадалі нічога больш, акрамя таго, што пясьняр Янка Купала выказаў у сьціслай і неўміручай фразе: людзьмі звацца.

Сёньня зноў зло, цемра, пошасьць і хамства пануюць над краінай, апантана вынішчаецца ўсё беларускае, праплачаны і кіруемы з Масквы Лукашэнка разам са сваёй бандай вынішчае лепшых сыноў і дачок зямлі беларускай.

Але змагарны дух Слуцкіх паўстанцаў ня зломлены, іх справа жыве і цемры ўжо нядоўга засталося правіць баль на нашай зямлі.

Жыве Беларусь!

Навіны дыяспары: