You are here

Развагі пра палітыку і пра палітыкаў пасьля інфармацыйнай акцыі ў Стразбургу

silent_europe.JPGБеларус, што воляй лёсу стаў палітычным уцекачом, ня можа сядзець склаўшы рукі заляпіўшы свае вушы і вочы эўрапрагматызмам. Ён увесь час намагаецца зрабіць штосьці карыснае для сваёй Радзімы.

Пачатак 2012 году адзначыўся навінай, што 25 студзеня ў горадзе Стразбургу будуць ў чарговы раз прыймацца касметычныя санкцыі супраць рэжыму, які праводзіць вынішчэньне беларускай нацыі. Стаўленьне дыктатара да гэтых санкцыяў даўно вядомае : як падлетак прызвычаіўся да прышчоў на сваім твары, так і Лукашэнка звыкся з тым фактам, што эўрапейскія дыпляматы мусяць для галачкі чарговы раз прагаласаваць ... Батлеечны персанаж з-пад Шклова думае, што ён сапраўдны кіраўнік краіны. Эўрапалітыкі думаюць, што сваімі «клірасільнымі» сродкамі здольныя зрабіць рэкламным прыгажуном чалавека, які шчаслівы ад таго, што яго ўспрымаюць эўрапейскім «квазімодам». Людзі, якія называюць сябе палітыкамі ад апазыцыіі, думаюць, зь якога боку прыйдзе больш выгадная фінансавая дапамога. І толькі крамлёўская мафія ўжо пра ўсё падумала і робіць сваю мярзотную справу па вынішчэньню беларускага народа.

З нагоды разгляду беларускага пытаньня ў Радзе Эўропы, беларусы Бэльгіі, Францыі і Нямеччыны сустрэліся 25 студзеня непадалёк ад будынка ПАРЭ. Горад эўрапейскіх інстытуцыяў сустрэў беларускіх актывістаў прывабным і сонечным надвор'ем, якое спрыяла аптымізму і баявому настрою. Падыйшоўшы да месца правядзеньня пікету, удзельнікі ўбачылі, што акрамя іх тут таксама хтосьці рыхтуецца да барацьбы пры дапамозе палітычнага плякату. Сябрам па зброі апынуўся грузінскі мастак, які ўжо 18 год стала жыве ў Нямеччыне і ні на хвіліну ня забывае аб сваім краі. Ягоныя майстэрскі выкананыя плякаты сталі добрым дапаўненьнем да палітычнай акцыі Беларусаў.

P1010214.JPG

P1010215.JPG

P1010216.JPG

P1010218.JPG

P1010221.JPG

P1010220.JPG

silent.JPG

На пачатку акцыі ля пікетоўцаў зьявілася групка маладзёнаў, якія назваліся беларускімі журналістамі. Гэта спачатку выклікала нейкую цікаўнасьць да іх, але...пасьля некалькіх іхных пытаньняў-адказаў стала відавочна, што ідэалягічны інтэлект гэтых майстроў клавіатуры мала чым адрозьніваецца ад таленту рэдактараў дыктатарскага «СБ» ці сумнавядомых «Навінак». Уражаньне ад гэтай нечаканай сустрэчы засталося не самае прыемнае. Пытаньне адносна выданьняў, якія яны прадстаўляюць, так і засталося вісець у паветры. Зьявіліся здагадкі, што магчыма гэтая «раць віртуальных троляў», што акупуюць незалежныя форумы, ... уваходзіць у сьпіс абслугі Мілінкевіча і Лебедзькі, што наведвалі ў той дзень будынак Рады Эўропы. Але яны, пэўна, былі настолькі занятыя “вырашэньнем беларускіх грантавых праблемаў да наступнай выбарчай афёры”, што ім не хапіла часу падыйсьці да прадстаўнікоў беларускай дыяспары. У адрозьненьні ад іх, польскі палітык Andrzej Halicki, ня гледзячы на дужа шчыльны графік у палітычных справах, у знак салідарнасьці наведаў удзельнікаў пікету, выказаў ім падтрымку, а таксама паведаміў пра вынікі галасаваньня. Як заўсёды супраць санкцый выступілі «адвакаты» крамлёўскай мафіі, якая на працягу 17 гадоў падтрымлівае сваю марыянетку. Было цікава даведацца, што сярод абаронцаў беларускага дыктатара былі палітыкі ня толькі з “медвапуціі”, але і з іншых «ліберальных» краінаў, якія чамусьці вельмі паважна ставяцца да дыктатарскага рэжыму. Рэжыму, які змагаецца супраць свайго народа на сродкі, скрадзеныя ў беларускіх падаткаплацельшчыкаў пры дапамозе спецслужбаў з Лубянкі. Нельга выключаць, што гэтыя «эўрапалітыкі» сталіся ахвярамі шантажу ці правакацыяў, на якія вельмі здатныя ўнукі Берыі.
Вось сьпіс тых, хто прагаласаваў супраць рэзалюцыі па Беларусі:

1. Valeriy FEDOROV - расеец,
2. Svetlana GORYACHEVA – расейка,
3. Nataša JOVANOVIC – сербка,
4. Jean-Pierre KUCHEIDA – француз,
5. Ganira PASHAYEVA – азербайджанка,
6. Grigore PETRENCO – малдаванін,
7. Samad SEYIDOV – азербайджанін,
8. Sergey SOBKO – расеец,
9. Giacomo STUCCHI – італьянец,
10. Dragan TODOROVIC – серб.

Акцыя Беларусаў выклікала зацікаўленасьць з боку розных теле і радыёкампаній, якія ў сваёй інтэрпрэтацыі спрабавалі асьвятліць беларускія праблемы, не жадаючы аднак паказаць, што менавіта ліберальны прагматызм прыводзіць да цяжкіх наступстваў у адносінах з дыктатарскімі рэжымамі. Вядомы канал Эўраньюс зрабіў вінаватым беларускі народ у тым, што на працягу 17 год церпіць зьдзекі над сабой. Журналісты вельмі ўмела выразалі фразы пра тое, што рэжым быў усталяваны і падтрымліваецца з Крамля. Яны не палічылі патрэбным паказаць тую частку інтэрвью, дзе арганізатар акцыі распавядае пра “дзяжурнасьць” фразаў эўрапалітыкаў, пра сьпісы неўяздных, каторыя рэальна не працуюць, пра адмываньне грошай на беларускай праблеме. Зьнік і сам заклік “спыніць імітацыю барацьбы супраць дыктатуры ў Беларусі”. Журналісты не пажадалі зразумець і данесьці да карыстальнікаў галоўнага пасылу ад беларускіх палітычных уцекачоў: “Палітыкі, абудзіце сваё сумленьне!”

P1010255.JPG

P1010248.JPG

Немагчыма не зьвярнуць увагу на знаёмства і размову з вельмі цікавым і сапраўды прыемным праваабаронцам з Расеі, які адзначыў, што першы раз бачыць беларусаў, якія разгледзелі корань зла ў асобах, што заселі ў кабінэтах Крамля і рабуюць жыхароў былых савецкіх рэспублік. Да пікетоўцаў ён падыйшоў, зацікавіўшыся зьместам плякатаў. Пасьля размовы з такімі людзьмі язык не паварочваецца казаць, што ўсе расейцы - маскалі. Зьяўляецца думка, што сярод жыхароў імпэрыі зла ёсьць сапраўдныя сябры беларускай дзяржаўнасьці і прыхільнікі беларускай культуры.

Развітаньне Беларусаў з розных краінаў адбылося пад агульны заклік:

Жыве Беларусь!
Жыве вечна!

Ян Лучынаўскі, 31/01/2012