You are here

Інфармацыйны пікет

23 лютага ў дзень вынясеньня несправядлівага прыгавора Беларускаму герою Сяргею Каваленка, беларускімі актывістамі быў зладжаны пікет падчас якога была распаўсюджана вялікая колькасьць чарговага інфармацыйнага бюлетня.

piket23022012.jpg

Беларусы не маюць права заставацца абыякавымі да праблемаў на Радзіме!

Рэал-палітыка ці палітычная здрада?

Эканоміка і палітыка ня могуць існаваць паасобку. Выхад з фінансавага крызісу, які так старанна шукаюць эканамісты і ўлады ўсяго сьвету, ня можа быць знойдзены, пакуль у сьвеце існуе палітыка цынічнага прагматызму і перавернутага разуменьня лібералізму.

Меры, што прымаюцца, заснаваныя, як правіла, на прагматызме. Яны могуць прыносіць толькі імгненна кароткі вынік і толькі для вузкага кола пэўных асобаў, якія знаходзяцца на вяршыні ўсечанай піраміды.

На думку дыктатара Лукашэнкі, дэмакратычныя прынцыпы, па якіх жыве Эўропа, зьяўляюцца крыніцай нестабільнасьці для Беларусі. Таму пачатак свайго кіраваньня ў 1994 годзе пракамуністычны фермер пачаў з увядзеньня ўзброеных бандытаў у будынак парлямэнту. Заканадаўчая ўлада незалежнай дзяржавы была цалкам падпарадкаваная волі марыянеткі з Крамля. Пасьля гэтага па загаду і пад кантролем расейскіх спецслужбаў быў цудоўна разыграны "рэферэндум", у выніку якога Лукашэнка набыў неабмежаваную ўладу. Крамлёўскія прапагандысты з дапамогай пануючага ў Беларусі расейскага TV, настойліва навязвалі і працягваюць навязваць беларусам думку, што галоўны вораг дзяржавы - эўрапейскія краіны, якія маюць выключна прагматычны інтарэс да Беларусі і жадаюць завалодаць уласнасьцю беларускага народу.

Насамрэч жа крамлёўскія акупанты праз падкантрольныя сродкі масавай інфармацыі на працягу 17 гадоў зьнішчаюць асновы беларускай дзяржаўнасьці, яе культуру і гісторыю. І ўсё гэта ажыцьцяўлялася і ажыцьцяўляецца з адной мэтай: сьцерці з аблічча Зямлі дзяржаву Беларусь!

Нельга не адзначыць той факт, што разам з расейскімі рэваншыстамі ўдзел у разбурэньні беларускай грамадзскай супольнасьці прынялі нямецкія спецслужбы, закамуфляваныя пад бэрлінскую дыпляматыю.

Дайшло да таго, што ў сучаснай Беларусі могуць арыштаваць і пасадзіць у турму за вітаньне «Жыве Беларусь!», прыраўноваючы яго да антыўрадавага закліку. Але нягледзячы на запалохваньні і страх, рэпрэсіі і этнацыд, сярод беларускага народу ўсё яшчэ ёсць гераічныя людзі, якія стаяць на варце беларускай дзяржаўнасьці, гістарычнай пераемнасьці і ідэнтычнасьці. У 2010 годзе Сяргей Каваленка ўпрыгожыў навагоднюю ялінку ў Віцебску Бел-чырвона-белым сьцягам, сьцягам са шматвяковай гісторыяй. За гэта акупацыйны рэжым кінуў яго за краты, тым самым пазбаўляючы ягоную жонку і двух непаўнагадовых дзяцей сродкаў да існаваньня. У знак пратэсту супраць незаконнага арышту беларускі герой Сяргей Каваленка 19 сьнежня 2011 году распачаў галадоўку, якую трымае да гэтага часу. Яго жыцьцю пагражае вялікая небясьпека, і садысты ў пагонах, выкарыстоўваючы катаваньні, кармілі яго прымусова, каб сьмерць была як мага больш пакутлівай.

Апошнім часам, каб адцягнуць увагу ад крытычнай сытуацыі ў эканоміцы Беларусі, антыбеларускія ўлады пачалі новую кампанію супраць беларускай мовы, гісторыі і культуры. Беларускіх артыстаў перасьледуюць за песьні на вершы беларускіх класікаў, музыкі вымушаныя выступаць за межамі краіны, бо ўсе іхныя канцэрты забароненыя ў Беларусі. Зусім нядаўна клюб, у якім вывучаюць гісторыю і культуру Беларусі, пацярпеў ад варварскіх дзеяньняў людзей у форме супрацоўнікаў міліцыі.

Палітыка эўрапейскіх чыноўнікаў у адносінах да Беларусі пачынае прымаць пагрозлівы выгляд, як для беларускага народа, так і для жыхароў эўрапейскіх краінаў. Эўрапейскія чыноўнікі, сабатуючы санкцыі супраць дыктатарскага рэжыму, спрабуюць пераканаць сусьветную супольнасць у тым, што гэтыя санкцыі бессэнсоўныя. Яны гатовыя ў чарговы раз пачаць заляцаньні да палітычных тэрарыстаў, што, відавочна, супярэчыць правілам барацьбы з сусьветным тэрарызмам. Палітыкі Эўропы ня ў стане зразумець, што барацьба з бандытамі патрабуе паслядоўнасьці і прынцыповасьці. Яны з году ў год галасуюць за нядзейсныя санкцыі, тым самым імітуючы барацьбу з дыктатурай.

Беларускія палітычныя ўцекачы мяркуюць, што ў сытуацыі, якая склалася на сёньняшні дзень, было б мэтазгодным праводзіць палітыку «няўтварэньня новых закладнікаў рэжыму». Для гэтага трэба даць поўныя гарантыі атрыманьня палітычнага прытулку асобам, якія былі задзейнічаны ў рэпрэсіях супраць дэмакратычных актывістаў, або былі прызначаны адказнымі за правядзеньне выбарчых махінацыяў.

Пасьля знішчэньня фундаментальных асноваў дзяржаўнага суверэнітэту і разбурэньня ўсёй беларускай культуры, адукацыі і гісторыі, якое праводзіць дыктатар Лукашэнка, настае час крытычнага супрацьстаяньня паміж эўрапейскай цывілізацыяй і крамлёўскай агрэсіяй.

У цяперашні час беларуская дзяржава па сутнасці страціла кіраваньне сваім войскам, яно перайшло на ўтрыманне крамлёўскіх алігархаў. Такім чынам ствараецца новая пагроза для краінаў Эўропы.

Беларусь - гэта першая дзяржава на тэрыторыі былога СССР, для якой пагроза страты суверэнітэту з кожным днём становіцца ўсё больш рэальнай. Безумоўна, гэты факт ня можа абяцаць умацаваньня стабільнасці ў Цэнтральнай Эўропе, паколькі палітыка нацыянальнага прыгнечаньня - этнацыду- характэрная для кіруючага ў Беларусі прарасейскага рэжыму, цалкам супярэчыць эўрапейскім каштоўнасьцям і поглядам на правы чалавека і права на самавызначэньне. Грэбаваньне цэлым народам, яго культурай, падаўленьне яго волі да развіцця ва ўгоду больш багатай сыравінай дзяржаве, зьяўляецца найвялікшай нясправядлівасьцю як з боку дыктатуры, так і з боку тых эўрапейскіх палітыкаў і лабістаў, якія, называючы сябе дэмакратамі, знаходзяць магчымым весьці так званы «дыялог» з дыктатарам. На жаль, гэтая грэблівая палітыка працягваецца ўжо 18 гадоў, што дазваляе Лукашэнку цьвёрда сядзець на троне, а дзясяткам дэсыдэнтаў - апанентаў рэжыму - губляць свае сілы і жыццё ў засьценках ўзурпатарскага КДБ.

Эўропа, ня будзь абыякавай да лёсу зьнішчанага беларускага этнасу!