You are here

Абараніць Беларусь ад атамнай смерці

Больш за трыццаць гадоў мінула ад пачатку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. У выніку гэтай трагедыі Беларусь панесла велізарныя чалавечыя і эканамічныя страты. Яшчэ доўгія дзесяцігоддзі спатрэбяцца нашаму народу для пераадоленьня наступстваў Чарнобыля.

Сёньня над Беларускай нацыяй і сумежнымі краінамі навісла яшчэ адна сьмяртэльная небясьпека. Імя гэтай небясьпекі – Астравецкая атамная станцыя. Гэтая станцыя ёсьць расейская задума, расейскі неправераны праект, расейскі персанал абслугі, расейскае ядзернае паліва і расейскія грошы, якія аформлены як крэдыт для рэжыму ўлады ў Беларусі і які па пляну аддаваць Маскве з працэнтамі будзе беларускі народ. Прытым палову энергіі АЭС будзе забіраць Масква.

Станцыя насуперак навуковым дадзеным будуецца на стыку геалагічных пліт у сейсмічнай зоне, дзе перыядычна адбывацца землятрусы, у густа заселеным месцы паміж дзьвюма сталіцамі – Вільняй і Менскам. АЭС будуецца тут насуперак геалагічным, эканамічным і энергетычным экспертызам спецыялістаў. З 28 пляцовак, прапанаваных для будаўніцтва АЭС, Астравецкая пляцоўка з’яўляецца адной з самых небяспечных. Рашэньне аб пабудове АЭС пад Астраўцом было прынята адным чалавекам, кіраўніком улады, які па прафанску думаў зарабляць грошы на продажы электраэнергіі за мяжу, бо ў Беларусі электраэнергіі хапае. Але аказалася, што электрычнасць з гэтай АЭС нікому не патрэбная.

Будаўніцтва Астравецкай АЭС вядзецца з грубымі адступленьнямі ад тэхналёгіі і тэхналягічных стандартаў. Усё робіцца “па-руску” з парушэньнямі і недапрацоўкамі, з рабленьнем абы-як, з аварыямі, пажарамі і гібельлю людзей ужо ў часе будаўніцтва. Да сёняшняга дня ня вырашаны праблемы зьвязаныя з захаваньнем адпрацаванага ядзернага паліва. Гэтыя парушэньні і недапрацоўкі гарантуць катастрофу. Выбар расейцамі непрыдатнага, але стратэгічна выгаднага для агрэсіі месца пабудовы АЭС пад Астраўцом сьведчыць пра тое, што гэтая атамная супербомба, закладзеная пад Беларусь, выбухне абавязкова.

Яшчэ ёсьць магчымасць спыніць пабудову Астравецкай АЭС, пакуль не завезьлі ядзернае паліва. Спыніць гэту беларускую ядзерную сьмерць трэба любым спосабам, пакуль яшчэ ня позна. Заклікаем народ супраціўляцца. Зьвяртаемся да вайскоўцаў, бо ёсьць магчымасьць вырашыць задачу. Заклікаем да пратэстаў, пікетаў, дэманстрацый, блакіровак, байкотаў, зваротаў, пасыланьня лістоў у міжнародныя арганізацыі. Але ўсё залежыць ад беларусаў. Наша жыцьцё – наша права. Будаўніцтва атамнай станцыі ў Астраўцы мусіць быць спынена.

XII Зьезд Кансэрватыўна – Хрысьціянскай Партыі – БНФ
22 лютага 2020 г.
г. Менск

Навіны Беларусі: