BelUnija logo

Untitled Document

НАВІНЫ














Беларуская Царква



Публіцыстыка


Тэма падрабязна



 






 



Untitled Document

14 траўня 2006 у Лёндане быў высьвячаны на дыякана Сяргей Стасевіч

14 траўня 2006 у Лёндане быў высьвячаны на дыякана Сяргей Стасевіч –гадунец Папскай Грэцкай калегіі ў Рыме і былы супрацоўнік выдавецтва “Pro Christo”.

С. Стасевіч нарадзіўся ў 1978 г. ў Івацэвічах на Берасьцейшчыне. Падчас студыяў у БДУ далучыўся да Каталіцкай царквы ў парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Менску. Пры падтрымцы рэктара Беларускай каталіцкай місіі ў Лёндане а. Аляксандра Надсана ён быў прыняты ў Грэцкую калегію ў Рыме, дзе і праходзіў фармацыю да сьвятарства. Сяргей Стасевіч атрымаў ступень бакаляўра тэалёгіі на Папскім Універсітэце сьвятога Тамаша Аквінскага “Анджэлікум” у 2004 г.

Урачыстыя абрады распачаліся днём раней падчас адведваньня Беларускай Каталіцкай Місіі ў паўночным Лёндане Паўлам Хамныцкім OSBM, біскупам Стэмфардскім (Украінская каталіцкая царква ў ЗША). Біскупа Паўла сардэчная прывітаў а. Аляксандар Надсан - Апостальскі Візытатар для беларусаў-каталікоў у замежжы. У звароце да прысутных а. Аляксандар Надсан зазначыў, што надыходзячыя сьвятарскія пасьвячэньні Сяргея Стасевіча - гэта асабіва радасная і важная падзея, чакаць якой у Лёндане давялося блізу 25 гадоў. У беларускай царкве сьв. Пятра і Паўла Сяргей Стасевіч атрымаў ад біск. Паўла пасьвячэньні ў чытальніка і субдыякана.

У нядзелю 14 траўня ў лёнданскай украінскай катэдры Сьвятое Сям’і на Выгнаньні біск. Павал Хамныцкі ўзначаліў прынагодную сьв. літургію, удзел у якой узяў таксама а. Аляксандар Надсан, а пэўныя часткі набажэнства гучалі па-беларуску. У часе гэтай літургіі біск. Павал рукапаклаў Сяргея Стасевіча на дыякана. У звароце да вернікаў украінскай катэдры і шматлікіх гасьцей з беларускай грамады біск. Павал сказаў, што украінская царква працягнула руку братняй дапамогі беларускім грэка-каталікам, якія дагэтуль ня маюць уласнага біскупа ані ў Беларусі, ані ў замежжы. Ён павіншаваў а. дыяк. Стасевіча са сьвячаньнямі і дадаў, што наступнымі крокамі стануць высьвячэньне дыякана Стасевіча на прэзьбітара – а некалі магчыма і на біскупа - для духоўнага служэньня беларусам у замежжы і на Бацькаўшчыне.

Пасьля набажэнства а. дыяк. Сяргея Стасевіча ды а. Аляксандра Надсана на прыступках катэдры сустракала і шчыра віншавала беларуская грамада. Прадстаўнікі беларускай грамады ў Вялікабрытаніі таксама сардэчна дзякавалі біск. Паўлу за яго разуменьне духоўных патрэбаў беларусаў і чынную дапамогу. У размове з біскупам намесьнік старшыні Згуртаваньня Беларусаў Вялікабрытаніі Мікалай Пачкаеў зазначыў, што значэньне высьвячэньня новага беларускага сьвятара ў Вялікабрытаніі – гэта падзея, духоўны сэнс якой сягае далёка па-за межы ўласна супольнасьці беларускіх каталікоў у гэтай краіне.

Антон Запалота

на галоўную

©BEZ-Info , 2003-2006
Rating All.BY Каталог TUT.BY