BelUnija logo

Untitled Document

НАВІНЫ


Беларуская Царква


Публіцыстыка


Тэма падрабязна


 






 



АСОБНЫ АТРАД БНР

 

АСОБНЫ АТРАД БНР

У лістападзе 1919 года па даручэньні кіраўніцтва БНР Кастусь Езавітаў сустрэўся са Станіславам Булак-Балаховічам і запрасіў яго на службу ў беларускую армію.

"балахоўцы"генэрал Булак-Балаховіч

Ён быў знаёмы з генералам яшчэ з Першай сусветнай, калі Булак-Балаховіч са сваім узводам дзейнічаў у ваколіцах Дзвінска, дзе стаяў і вайсковы аддзел Езавітава.

Неаднаразова даходзілі чуткі пра геройства Балаховічавага "атрада сьмерці" (байцы насілі з сабой ампулы з ядам): ягоны кавалерыйскі ўзвод прарваўся быў у нямецкі тыл, захапіў палкавы абоз, дзесятак палонных і палкавую касу; сярод белага дня дваццаць добраахвотнікаў на чале з Булак-Балаховічам атакавалі і захапілі апорны пункт нямецкага войска - падчас агульнага пастраеньня, калі зачытваўся загад. Булак-Балаховіч пасьля таго стаў падпаручнікам і атрымаў узнагароды за адвагу. На агульнай "пачостцы" і сустрэліся тады Езавітаў і Булак-Балаховіч. Затым, пасьля рэвалюцый, з дазвола старшыні Рэўваенсавета Троцкага Булак-Балаховіч сфармаваў полк, які вялікай карысьці Чырвонай арміі не прынёс. Дачуўшыся, што бальшавікі падчас паездкі ў Петраград хочуць яго арыштаваць, Булак-Балаховіч аддаў свой мундзір ардынарцу татарыну Кубу-Гасенчу і выправіў яго замест сябе...

У лістападзе 1918 года балахоўцы ўліліся ў Белую армію. У лютым 1919-га паўтаратысячны полк Булак-Балаховіча захапіў Гдоў, з падвалаў ЧК вызваліў каля пяцісот вязняў, а затым абараняў ад бальшавікоў Пскоў. Да балахоўцаў перайшоў стралковы полк чырвонаармейцаў, за што камандуючы Паўночна-заходняй арміі Юдзеніч прысвоіў Булак-Балаховічу званне генерал-маёра і прызначыў яго камандзірам 2-га корпуса.

Булак-Балаховіч займеў у Пскове поўную ўладу і выступіў супраць манархісцкай групоўкі Радзянкі. Юдзеніч падтрымаў Радзянку - і выслаў у Пскоў карны атрад на чале з Пярмыкіным. Пярмыкін, былы памочнік Булак-Балаховіча, паступіў годна: перад тым, як увайсьці ў горад, ён напісаў былому камандзіру ліст: "Я прашу цябе аб адным, як бацьку, які любіць салдата: паклапаціся, каб нашыя малодшыя браты менш пралілі патрэбнай для нашай Радзімы крыві".

Булак-Балаховіч аддаў загад устрымацца ад супраціву. Атрад Пярмыкіна арыштаваў штаб "мяцежнага" корпуса. Булак-Балаховіч з некалькімі дзесяткамі сваіх салдат з дапамогай Пярмыкіна перабраўся на заходні бераг ракі Вялікай - у штаб 2-й Эстонскай дывізіі...

Калі Булак-Балаховіч пачуў ад Езавітава пра стварэньне Беларускай арміі, пастараўся прыхаваць свой сподзіў - адно варухнуліся бровы над глыбокімі сашклянелымі вачыма. Нечакана пачаў гаварыць зусім пра іншае - пра Фінскі заліў з ягоным няўстойлівым надвор'ем, а скончыў запытаньнем:

- Дзе ж гэта мы з панам бачыліся?..

А госьць выглядаў запамінальна. Напачатку кастрычніка падчас нападу пранямецкага белагвардзейскага генерала Бермондта-Авалава на Рыгу на Тэатральнай плошчы Езавітава параніла ў твар асколкам артылерыйскага снарада. Рана нязначная, але шнар на месяц толькі-толькі зарубцаваўся...

І давялося Езавітаву згадваць падрабязнасьці сумеснай службы пад Дзвінскам і почуты пра геройствы балахоўцаў...

Генерал адразу ж памякчэў:

- Я ж беларус, і ў маім атрадзе многа беларусаў. Ідэя барацьбы за незалежную Бацькаўшчыну мне радней, чым удзел у пачынаньнях Юдзеніча!

- Калі згода ёсьць, давай засведчым яе дакументальна.. - прапанаваў Езавітаў.

Пасярод аркуша паперы Булак-Балахові размашыста вывеў:

"Старшыні Рады Народных Міністраў БНР.
Зьяўляючыся грамадзянінам БНР, лічу патрэбным, каб маё войска было скарыстана для абароны цэльнасьці і недзялімасьці маёй Бацькаўшчыны, а таму прапаную майму ўраду залічыць мяне і мой атрад на беларускаю службу.
Генерал-маёр Булак-Балаховіч".

Перадаў заяву Езавітаву - і не стрымаўся:

- Палкоўнік, дзе гэта цябе пагладзіла?

Езавітаў крануў пасечаную шчаку, усміхнуўся:

- Адзін шалёны белагвардзеец...

Пра паспяховыя перамовы Езавітаў паведаміў адразу ж, і праз некалькі дзён для канчатковага вырашэньня спраў у Эстонію прыехаў надзвычайны пасол БНР Клаўдыюш Дуж-Душэўскі.

Юдзеніч не выказаўся супраць дэмаршу Булак-Балаховіча, але адпускаць са сваёй арміі дзейсны і моцны атрад не хацеў. Конны полк і пяхотныя часткі Булак-Балаховіч адвёў з фронту на поўдзень Чудскага возера, пад Ізборск. Артылерыйскую ж батарэю Юдзеніч паспеў затрымаць.

Булак-Балаховіч выбухнуў гневам. Сам адабраў сотню адданых салдат і з дзесятак афіцэраў, увайшоў з імі ў Рэвель (цяперашні Талін), арыштаваў Юдзеніча і вывез яго за горад. З вока на вока паміж генераламі адбылася гутарка - і Юдзеніч падпісаў загад і аб звальненьні батарэі.

Балаховічава артылерыя таксама перамясьцілася пад Ізборск. Новы атрад заняў лапік фронта паміж эстонскімі і латвійскімі арміямі і меў задачу прайсьці на лінію Апочка-Невель-Себеж-Полацак-Дрыса, каб стварыць ураду БНР тэрыторыю, на якой можна б было пачаць барацьбу за незалежнасьць Беларусі і ад Расеі, і ад Польшчы.

Рада БНР
Першы ўрад БНР - Народны Сакратарыят: (зьлева направа, сядзяць) Алесь Бурбіс, Іван Серада, Язэп Варонка (старшыня), Васіль Захарка; (стаяць) Аркадзь Смоліч, Пётра Крэчэўскі, Кастусь Езавітаў, Антон Аўсянік, Лявон Заяц

Атраду Булак-Балаховіча не хапала зброі і абмундзіраваньня. У порце Рэвеля стаяла англійская эскадра, якая падтрымлівала эстонцаў і Юдзеніча ў барацьбе з бальшавікамі. Езавітаў ведаў, што аператыўна знайсьці сродкі на ўтрыманьне атрада Булак-Балаховіча ўрад БНР не зможа. Выйсьце прапанаваў сам генерал:

- А ты перамоўся з англічанамі. Ім жа ўсё роўна, каму плаціць...

І - як на тое - нечаканае знаёмства з англійскімі прадстаўнікамі ў эстонскім штабе. Камандзір англійскай эскадры выслухаў Езавітава стрымана, але перад развітаннем запрасіў праз дзень на свой крэйсер - для дэталёвых перамоў.

На аўдыенцыю выбраліся зранку. Езавітаў, Булак-Балаховіч і перакладчык. З Фінскага заліва дзьмула стынню і сіверам. Да абмерзлага берага шэрыя хвалі прыбівалі парэпаныя крыгі, бязлітасна крушылі іх аб каменныя выступы і ўмацаваньні. А ўдалечы марскі вецер злосна трос хвалевыя ўзрыўкі, пеніў і рваў іх.

Над крэйсерам лунаў флагманскі штандар. Значыць, камандзір эскадры - на крэйсеры, падумаў Езавітаў і прапусціў першым на трап Булак-Балаховіча. Дошкі, як ні абчышчалі матросы, пакрываліся наледдзю, і генерал пачынаў пазлоўвацца: паслізнуўшыся, ледзь не паваліўся.

- Набудуюцы гмахаў і ганарацца... Браняпоезд - во дзе моц!

Езавітава ж крэйсер уразіў. Люструючыся бранёй, жалезны айсберг - як ні білі яго хвалі - нават не гайдануўся, здавалася, зросся з нябачным дном ці проста ўмёрз у глыбіню...

Вахценны афіцэр правёў гасьцей да камандзірскай каюты, перад якой іх сустрэў камандзір эскадры. Разгаварыліся напачатку пра агульныя клопаты. Камандзіра некалькі разоў турбаваў памочнік. Затым падалі каву з ромам, і госьці перайшлі да сутнаснага.

Найбольшы сподзіў абудзіла ў англічан паведамленьне Езавітава аб тым, што беларусаў - шаснаццаць мільёнаў. Выявілася, што англічане анічога пра Беларусь не ведалі, і прадбачлівы Езавітаў пакінуў ім брашуру Доўнар-Запольскага "Асновы дзяржаўнасьці Беларусі", выдадзеную на французскай і нямецкай мовах (праз некаторы час англічане выдалі яе і ў сябе).

Камандзір эскадры выглядаў бадзёрым:

- Што ж, пан палкоўнік... - Ён гаварыў толькі з Езавітавым - як з шэфам ваенна-дыпламатычнай місіі БНР, а на генерала Булак-Балаховіча, здавалася, не зважаў - і той, колькі разоў да гэтага беспаспяхова паспрабаваўшы завесці гаворку, пачаў нават злавацца. - Я гарантую вам сваё спрыяньне і абяцаю сёння ж перадаць вашыя прапановы майму ўраду. А як звязацца з беларускім урадам?

генерал Езавітаў
Канстанцін Езавітаў (кароткую біяграфію чытайце тут)

Езавітаў прадыктаваў яму адрас пражскай місіі БНР, патлумачыўшы вымушаны выезд беларускага ўрада акупацыяй краіны.

Калі зноў ішлі доўгім намерзлым трапам, можна было чуць бухценне Булак-Балаховіча:

- Запацучацца ў каюты... Іх бы ў акопы!.. І ўсё ж крэйсер - сіла... Бач, адных гармат колькі...

А Езавітаву, гледзячы на матросаў у цёплых скураных курціках, узгадаўся Муха: "Дзе ж ён цяпер? І што з тым атрадам Сяменіка?.."

Назаўтра, 9 студзеня, Езавітаў разаслаў усім прадстаўнікам Рады БНР пры ўрадах вядучых дзяржаў і кіраўніку рэгістрацыйна-пашпартнага аддзела ў Лібаве сакрэтныя тэлеграмы:

"<...> Беларусь не павінна заставацца ў сфэры французскага ўплыву і павінна перайсьці ў сфэру ўплыву англійскага ці амэрыканскага. <...> Беларусь - найбольш выгадны плацдарм для наступленьня на бальшавіцкую Маскву. <...> яна яшчэ ня думае мірыцца з бальшавікамі, а яе мяжа ў 280 кілямэтрах ад Масквы. <...> Беларусь - краіна індывідуальнай гаспадаркі па эўрапейскім узоры, а таму рэзка адрозьніваецца ад вялікарускай абшчыны, якая пачынаецца на ўсход ад межаў Беларусі. <...> Калі ў адносінах да многіх нацыянальнасьцяў прымяняўся прынцып прызнаньня de fakto, то Беларусь павінна быць адразу і перш за ўсё прызнана de jure".

Аднак першым у грашовых субсідыях корпусу Булак-Балаховіча дапамагло эстонскае ваеннае камандаванне. Яно згадзілася выплочваць грошы і дастаўляць прадукты да тога часу, пакуль гэта не зможа зрабіць кіраўніцтва БНР. Паміж эстонскім штабам, Езавітавым і Дуж-Душэўскім была падпісана дамова аб тым, што вылучаная Булак-Балаховічу сума будзе лічыцца пазыкай Беларусі.

Езавітаў і Дуж-Душэўскі пасля гэтага выехалі ў Рыгу і праз некалькі дзён вырашылі даведацца аб выніках перамоў паміж англічанамі і беларускай місіяй у Празе. Але прадстаўнік рыжскай англійскай місіі палкоўнік Талент адмовіўся прыняць Езавітава...

Прычыны такіх паводзінаў беларускаму палкоўніку адкрыюцца толькі летам - калі да яго ў штаб прыедзе міністр беларускіх спраў у Літве Язэп Варонка.

- Ты навошта даў англічанам адрас прадстаўніцтва ў Празе, а не ў Берліне? - спытаў ён Езавітава падчас абеда і горка пасміхнуўся.

- Такія былі ягоныя ж указанні... А што? - насцярожыўся Езавітаў.

- Ты што... не чуў яшчэ пра той скандал з Вяршыніным? Місія Вяршыніна месцілася ў Празе на добрай вуліцы, у добрым доме з прыгожым пад'ездам. Кватэра невялікая, два пакоі з кухняй. Там і прымалі гасцей... І вось англійская амбасада ў Празе атрымала тэрміновую тэлеграму: звязацца з беларускай місіяй і пачаць перамовы. Прадстаўнік амбасады на аўто і выехаў на Венскую, 4, дзе кватараваў Вяршынін. Перад уваходам - шыльда па-французску і чэшску. Англічанін узышоў на ганак, а насустрач яму Вяршыніха з анучай... Памыла падлогу ў пакоях і цяпер хацела "акультурыць" ганак. Англічанін прайшоў у першы пакой: кухня з "ачагом", на "місію" не падобна... У другім думаў сустрэць служку, каб абвясціў пра ягоны прыход... А там - сціплы кабінецік з пісьмовым сталом, паліцамі, кніжкамі... І ўсё, больш няма куды ісці! А следам за англічанінам Вяршыніха з анучай. Усчала лямант: "няпрошаны" госць натаптаў гразі, збаёдаў ейную работу... Англічанін у яе пра беларускага дыпламата пытаецца, а тая (мовы не разумела) на падлогу тыкае і яшчэ большы гвалт усчыняе... Адпаведны даклад і пайшоў у Англію... Англічане як анекдот пераказалі французам. А ковенскія французы - мне. - Варонка ўбачыў, як нахмурыўся і скамянеў сябар. - Што скіснуў, ты ж не павінен у тым. А з французамі мы адно пасмяяліся... Ёсць дамова накіраваць англічан у наш Берлінскі цэнтр.

- Ты ж ведаеш, што яны свой адрас засакрэцілі. Хоць чаго хавацца - Matzstrasse, 21. Так?

- Езавітаў двума пальцамі пацёр лоб (так рабіў, калі хваляваўся), уздыхнуў: - Значыць, тупік?

- Ну... чаго так адназначна... Пабачым.

***

2 лютага 1920 года Эстонія падпісала з Расіяй мірную дамову і мусіла расфармаваць усе антыбальшавіцкія злучэнні, сярод іх - і Асобны атрад БНР у Прыбалтыцы пад камандаваннем Булак-Балаховіча. Генерал пачаў дасылаць Езавітаву цыдулкі з адзіным пытаннем "Што новага?" А добрых навінаў у Езавітава не было, і Булак-Балаховіч пачаў злавацца і піць. Спрыяў таму і польскі ваенны аташэ, які "выпадкова" пазнаёміўся з генералам - і пачаў пераманьваць яго на свой бок: адразу ж прапанаваў аванс, падахвочваў узначаліць беларускія атрады, што ствараліся ў Менску. Ад яго ж Булак-Балаховіч дачуўся пра непаразуменні паміж беларусамі за мяжой і Белнацкамам у Менску і запрасіў у свайго прадстаўніка пры місіі БНР у Латвіі падпалкоўніка Мінгрэльскага тлумачэнняў.

"У Рызе пасля вызвалення з польскай турмы жыве кіраўнік беларускага ўрада Вацлаў Ластоўскі, які пацвердзіў, што ў Менску замежных беларускіх дзеячаў лічаць здраднікамі", - паведаміў Мінгрэльскі.

8 лютага Езавітаў мусіў рабіць "апераджальны ўдар" - пісаць ліст Пілсудскаму:

"Пане Галоўнакамандуючы! Як Вам, пэўне, вядома, у складзе Эстонскай арміі вёў барацьбу з бальшавікамі Асобны атрад БНР пад кіраўніцтвам генерал-маёра Булак-Балаховіча. Замірэньне эстаў з бальшавікамі прымушае Асобны атрад знаходзіцца ў спакоі ў той момант, калі яшчэ не ўся наша Бацькаўшчына - Беларусь ачышчана ад бальшавікоў. Каб не аставацца без баявой працы, Асобны атрад зьвярнуўся да мяне з просьбай перавесьці яго на Беларусь. <...> прашу, па моцы загаду Вашага аб фармаваньні Беларускага войска на Беларусі, прадаставіць Асобнаму атраду БНР кавалак фронту на левым флангу Польскай арміі і ўзлажыць на польскае інтэнданцтва павіннасьць адпускаць усё яму патрэбнае. Канчатковыя ўмовы па гэтым пытаньні маюць быць зроблены паміж Вамі, Галоўнакамандуючым Беларускімі войскамі палкоўнікам Канапацкім і Ўрадам БНР, якім я, адначасна з гэтым, пішу належныя рапарты..."

Калі эшалоны з атрадам Булак-Балаховіча спыняцца ў Бярэсці, Менск зноў зойме Чырвоная армія. Польскае вайсковае кіраўніцтва вылучыць атраду ўчастак фронта на Палессі і прапануе распачаць арганізацыю новых беларускіх аддзелаў...

на галоўную

©BEZ-Info , 2003-2006
Rating All.BY Каталог TUT.BY