BelUnija logo

Untitled Document

НАВІНЫ


Беларуская Царква


Публіцыстыка


Тэма падрабязна


 






 



Untitled Document
29 лістапада спаўняецца 175 гадоў ад пачатку Лістападаўскага вызвольнага паўстаньня 1830 году, якое узначаліў слаўны сын беларускага народу Міхал Валовіч. Ягонае кароткае, але гераічнае жыцьцё і мучаніцкая сьмерць ад рукі акупантаў за волю і незалежнасьць нашае Бацькаўшчыны ўражвае сваёй мужнасьцю, любоўю і беспрыкладным служэньнем Беларускаму народу аж да сьмерці.

А. Талерчык

ЯК  МІХАІЛ  МУРАЎЁЎ  ВЕШАЎ  МІХАЛА  ВАЛОВІЧА

Крыж  для  героя

Спартыўна-патрыятычная арганізацыя “Край” правяла ў вёсцы Парэчча Слонімскага раёна акцыю па аднаўленні каля мясцовай царквы крыжа памяці Міхала Валовіча.  На крыжы – надпіс: “Ва ўшанаванне памяці беларускага паўстанца Міхала Валовіча (1806-1833) і ягоных паплечнікаў, якія ахвяравалі сваё жыццё ў барацьбе за вызваленне Беларусі ад расейскага царызму”.

Пяціметровы жалезны крыж быў усталяваны 4 жніўня 2001 года, у 168-ую гадавіну смерці М.Валовіча. Паводле прэс-рэлізу арганізацыі, гэтая акцыя пачалася з урачыстага шэсця калоны з апранутых у камуфляж і чорныя бярэты 40 “краёўцаў”.  Падчас устаноўкі крыжа пад’ехала міліцэйская машына.  Чацвёра міліцыянтаў паспрабавалі спыніць акцыю, але пасля размовы з удзельнікамі акцыі з’ехалі.

Наступнай жа ноччу на загад мясцовых уладаў крыж быў вырваны з зямлі і кінуты.  Але месцічы адразу паставілі яго на месца.

Гэта было не першае ўсталяванне крыжа ў памяць Міхала Валовіча.  У леташнім лістападзе “Край” таксама паставіў яго блізу Парэцкай царквы, аднак праз месяц яго знеслі з ініцыятывы папа Уладзіміра Бобчыка.*

Мар’ян Карымонт.
(“Наша свабода”, 10.08.2001 г.)

У вядомага душыцеля беларускага народа графа Міхаіла Мураўёва было шмат мянушак.  Апошняй мянушкай “людаеда” ахрысціў яго не хто-нібудзь, а ўнук Аляксандра Суворава, генерал-губернатар Санкт-Пецярбурга князь А.А. Сувораў. Гэта адбылося так:  калі яму прапанавалі ў дзень імянін Мураўёва падпісаць адрас-віншаванне, ён адказаў: “Я людоедов не чествую”.

Але да гэтага ён больш вядомы як “Мураўёў-вешальнік”.  У сваім артыкуле “Крывавая купель графа Мураўёва” гісторык Алесь Петрашкевіч упамінае, што граф Міхаіл Мураўёў атрымаў сваю мянушку “вешальніка” ў Горадні, пасля таго як ён павесіў аднаго з першых беларускіх рэвалюцыянераў-дэмакратаў Міхала Валовіча.  У “Беларускай энцыклапедыі” Міхалу Валовічу прысвечаны сціплыя 33 радкі.  Дык хто гэта такі Міхал Валовіч?

Міхал Казіміравіч Валовіч нарадзіўся 18 чэрвеня 1806 года ў маёнтку Парэчча Слонімскага павету.  Маёнтак Парэчча знайходзіўся ў адной вярсце ад вёскі Парэчча – маёй роднай вёскі. (Парэчча ўпамінаецца ў актавай кнізе Слонімскага земскага суда ў 1566 г.).  У архівах Горадні, Вільні, Менска я сабраў вялікі матэрыял пра гэтага шляхетнага і мужнага патрыёта Беларусі.

Бацька,  Казімір Валовіч, быў Слонімскім падкаморым і ўладальнікам маёнтка Парэчча, якому належалі навакольныя вёскі Парэчча, Задвор’е, Шкндры, Азарычы ды фальваркі Яловікі і Гарадышча.  За маёнткам было 60 валок зямлі і 220 сялян пераважна грэка-каталіцкага (уніяцкага) веравызнання.  Маці Мар’яна паходзіла з вядомага роду Фэлькерзамбаў.  Было трое дзяцей.  Пазней Мар’яна развялася з Казімірам і выйшла замуж за абшарніка Сцяпана Мікульскага і пераехала разам са сваёю малодшаю дочкаю Паўлінаю жыць у яго маёнтак Стары Здзітаў Пружанскага павету. Старэйшая дачка Ганна выйшла замуж за маршалка ваўкавыскай павятовай шляхты Дамяніка Аскерку.  Міхал атрымаў добрую адукацыю, спачатку ў Варшаве, а затым з 1822 па 1825 годы вучыўся ў Віленскім універсітэце.  Курс гісторыі чытаў там будучы ідэйны кіраўнік польскіх дэмакратаў Іяахім Лелявель, які аказаў на яго вялікі ўплыў,  а потым стаў яго сябрам.
Лістападаўскае паўстанне 1830 года, якое застала Міхала Валовіча ў бацькоўскім доме ў Парэччы, крута змяніла яго жыццёвы лёс.

Трэба адзначыць, што 1830 год быў вельмі напружаным у палітычным жыцці:  пачалі трашчаць манархічныя рэжымы Еўропы.  Чэрвеньскія выступленні французскага народа зрынулі дынастыю Бурбонаў. Неўзабаве дамаглася сваёй незалежнасці Бельгія.  Мікалай І пачаў рыхтаваць войска да падтрымкі заходнееўрапейскіх манархаў і задушэння рэвалюцыйнага руху. Паўстанне, якое пачалося ў Варшаве 29 лістапада 1830 г. павінна было сарваць гэтае мерапрыемства.  18 снежня 1830 года польскі Сейм аб’явіў паўстанне ўсенародным з мэтай аднаўлення Рэчы Паспалітай у межах 1772 года.  Расійскія войскі былі выгнаны з Польшчы аж за Нёман.  25 студзеня 1831 года польскі Сейм абвясціў Мікалая І і дынастыю Раманавых скінутымі з польскага трону.

Не адседжваліся і ў Вялікім княстве Літоўскім, ці Літве, як тады называлася Беларусь.  У яе сталіцы Вільні быў створаны Цэнтральны камітэт па кіраўніцтву паўстаннем на тэрыторыі краю.  У яго склад увайшлі:  віленскі павятовы маршалак С. Шумскі,  паэт А. Гарэцкі, прафесар В. Пяткевіч,  Л. Замбрыцкі,  Э. Ромер,  Ю. Грабніцкі,  Л. Рагальскі і паэт В. Поль.  Камітэт наладзіў сувязь з Варшавай і з павятовымі камітэтамі, а кожны павет меў свайго прадстаўніка ў Вільні.  Першапачаткова Цэнтральным камітэтам было вырашана пачаць агульнае паўстанне 10 снежня.

Паўстанцкі камітэт Слонімскага павету начале з Антонам Бронскім вылучыў сваім прадстаўніком Міхала Валовіча і накіраваў яго па палітычныя дырэктывы ў Вільню.  Але Літва была яшчэ недастаткова падрыхтаваная да паўстання.  Не хапала зброі, грошай і арганізаванасці.  Таму Цэнтральны паўстанцкі камітэт накіраваў у Варшаву сваіх пасланцоў, каб узгадніць новую дату пачатку паўстання на Літве і атрымаць дапамогу зброяй.  Такімі пасланцамі ў адказную і небяспечную вандроўку былі абраны Міхал Валовіч і Лявон Пржэцлаўскі, ураджэнец фальварка Львоўшчына Слонімскага павету.
Пасля каляд яны дабраліся да Варшавы і звярнуліся да Хлапіцкага, тагачаснага дыктатара Польшчы, з просьбаю аказаць ліцвінам вайсковую падтрымку, ці дапамагчы ўзбраеннем.  “Не маю для вас ані гарнца пораху, ані карабінаў, ані нават крэмняў для стрэльбаў.  Мне не галота ды апалчэнцы патрэбныя, а рэгулярныя войскі”, – быў адказ недальнабачнага дыктатара, які не падтрымліваў ідэю распаўсюджвання паўстання на беларускія землі.

Вяртацца ў Вільню з пустымі рукамі не мела сэнсу.  А ў гэты час сабранае на граніцы 125-тысячнае расійскае войска пад кіраўніцтвам генерал-фельдмаршала Дзібіча рушыла супраць Польшчы,  армія якой налічвала 55 тысяч жаўнераў. Валовіч  уступае ў створаную Літоўска-рускую (украінскую – А.Т.) Лігу і ў лютым з палком уланаў удзельнічае ў Грахоўскай бойцы, за што атрымлівае сваю першую вайсковую ўзнагароду.

Тым часам дыктатар Хлапіцкі падае ў адстаўку.  А на Літве пачынае разгортвацца паўстанне.  У кожным павеце выбіраўся паўстанцкі ўрад і абвяшчалася мабілізацыя.  З 11 паветаў Віленскай губерні 9 – было ахоплена паўстаннем.  Цэнтрам паўстання на Гарадзеншчыне была Белавежская пушча.  Там дзейнічала тры паўстанцкія аддзелы, у якіх было каля 1000 чалавек.  На Слонімшчыне дзейнічаў паўстанцкі аддзел да 100 чалавек начале з Антонам Бронскім.  Актыўным стваральнікам гэтага атрада быў Казімір Валовіч - бацька Міхала.

Новы Народны ўрад Польшчы вырашыў дапамагчы Літве зброяй, якую кантрабандным шляхам меркавалася прывезці на англійскім караблі ў Палангу.  Арганізаваць сустрэчу карабля ў Паланзе ды разгрузку зброі даручылі групе эмісараў, у якую ўвайшлі Валовіч і Пржэцлаўскі.  4 сакавіка 1831 года Валовіч з сябрамі пакінуў Варшаву і накіраваўся ў Палангу. З вялікімі цяжкасцямі, прабіраючыся праз расійскія заслоны, Валовіч з сябрамі дабраўся да Палангі.  Аднак іх тут напаткала няўдача:  Паланга яшчэ 8 сакавіка была захоплена расійскімі войскамі.

Эмісары звязаліся з кіраўніком партызанскага аддзелу Тальшэўскага павету Яцэвічам і вырашылі захапіць Палангу.  10 траўня яны разбілі расійскі аддзел пад Дабріянамі, а 13 траўня пачалі штурм Палангі.  Бойка была зацятай.  Аддзел Камінскага, у складзе якога змагаліся Валовіч і Пржэцлаўскі, прабіўся да галоўных умацаванняў.  Перамога, здавалася, была ў руках аддзелу Камінскага.  Але неспадзяваны падыход вялікіх расійскіх сіл з генералам Пагленам не дазволіў авалодаць Палангай.  Давялося адступаць на Рэтаў, а калі і гэтая дарога была перарэзаная, рушылі на Таўрагу, дзе іхні аддзел быў канчаткова разбіты.

Тэрмінова трэба было паведаміць Народнаму ўраду ў Варшаве наконт немагчымасці дастаўкі зброі праз Палангу.  Выбар зноў прыпадае на Валовіча, якому перад гэтым надалі чын ротмістра (капітана) літоўскай кавалерыі і ўзнагародзілі ганаровым вайсковым крыжам.  Па дарозе ў Варшаву ён напаткаў пад Рэйградам 12-тысячны польскі корпус генерала Гелгуда, які там 25 траўня разбіў расійскі корпус генерала Сакена і трыумфальным маршам крочыў праз Жмудзь на дапамогу ліцвінам, але потым замарудзіў гэты рух.  Гелгуд пачаў траціць дарагі час на парады, фэсты, гулянкі, калі была мажлівасць заняць Вільню.  Не скарыстаў ён і тых абставін, што рускую армію пачала касіць халера, занесеная сюды войскамі, перакінутымі ў Літву з Сярэдняй Азіі.  Халера не шкадавала ні салдатаў, ні генералаў.  Усяго ад яе ў царскай арміі тады загінула больш 5 тысяч чалавек.  Не ўратаваліся і памерлі фельдмаршал Дзібіч і вялікі князь Канстанцін – намеснік цара ў Польшчы.

Надаючы важнасць захопу Вільні, сталіцы ВКЛ, польскі ўрад яшчэ 20 траўня загадаў невялікаму корпусу з 720 чалавек начале з генералам Хлапоўскім рушыць праз Белавежскую пушчу і Гарадзеншчыну на Вільню.  У Троцкім павеце да корпуса далучылася Эмілія Плятэр з 400 паўстанцамі.  Да Вільні Хлапоўскі падышоў 13 чэрвеня з 5-тысячным аддзелам і пачаў прыспешваць Гелгуда да хутчэйшага аб’яднання сіл і штурму горада.  Але Гелгуд марудзіў.  Гэтае злучэнне адбылося толькі 18 чэрвеня.  А тым часам не спала і расійскае камандаванне,  якое тэрмінова сцягвала ў Вільню значныя сілы.  Як піша В. Поль “… штодзённа па вуліцах Вільні больш падобна на людскую раку чым на ледаход, цякла грозная чэрнь, панурая і маўклівая, якая складалася з карпусоў расійскай гвардыі ды азіяцкіх ордаў казакаў, чаркесаў і башкірцаў…  Цэлымі днямі цягнуліся палкі па вуліцах Гродскай ды Вострабрамскай.  Цэлымі начамі енчыў брук Вільні пад коламі артылерыіі ды павозак з амуніцыяй”.
Запозненая акцыя па захопу Вільні скончылася паразай.  Апрача таго, што на подступах да Вільні, на Панарах, было забіта і паранена каля 2 тысяч жаўнераў, адбылася агульная дэмаралізацыя войска.  З гэтага часу корпус Гелгуда знаходзіўся ў адступленні.  Валовіч пад камандаваннем генерала Шыманоўскага яшчэ прымаў удзел у бітвах пад Шаўлямі, Душвэнтамі, Повэндэнямі і Новым Мястам.  Каб пазбегнуць канчатковага разгрому і хоць часткова вывесці войска да Варшавы, пад Куршанятамі корпус Гелгуда падзялілі на тры часткі, камандаваць якімі былі прызначаны генералы Хлапоўскі, Дэмбінскі і Рогланд, з апошнім быў і Гелгуд.  Каб увесці ворага ў зман, кожнаму быў вызначаны свой маршрут да Варшавы.  Але толькі Дэмбінскі, прадзіраючыся сярод мноства небяспечнасцяў і нечаканых сутычак, змог, прайшоўшы 120 міль па Гарадзеншчыне (Жодзішкі-Смаргонь-Навагрудак-Дзятлава-Зэльва-Поразава), прыйсці да Варшавы.

Па дарозе да Дэмбінскага ў Наваградку далучыліся паўстанцы начале з Язэпам Кашыцам, якія перад падыходам Дэмбінскага напалі на рускі гарнізон і прымусілі каменданта Фэлькерзамба пакінуць горад. Слонімскія паўстанцы начале з Цітусам Пуслоўскім і Антонам Бронскім таксама далучыліся да корпуса Дэмбінскага і рушылі на дапамогу Варшаве.  З імі быў Казімір Валовіч.

Групоўкі Хлапоўскага, Роглада з Гелгудам, ухіляючыся ад сутычак з рускімі войскамі, накіраваліся да Варшавы уздоўж прускай мяжы, але, прыціснутыя рускімі войскамі да яе, перайшлі 15 ліпеня ў Прусію, склалі зброю, былі інтэрнаваныя і змешчаныя ў лагер.  Тут быў Міхал Валовіч. Сярод салдатаў і афіцэраў было такое абурэнне дрэнным кіраўніцтвам Гелгуда, што пры пераходзе прускай мяжы капітан Скульскі яго застрэліў.

Міхал Валовіч і чатыры ягоныя сябры таемна пакінулі лагер, купілі сялянскую вопратку і вырашылі вярнуцца на Радзіму.  Але прускія жаўнеры схапілі іх, аддалі пад суд і пасадзілі ў турму.  Праз некаторы час іх выпусцілі з турмы і пераправілі ў Францыю, дзе ў Парыжы Міхал сустрэўся са сваім бацькам.  Тут у эміграцыі ўжо знаходзілася больш як 250 былых паўстанцаў з Гарадзенскай губерні.

За заслугі ў паўсатнні Валовіч і Пржэцлаўскі 4 кастрычніка 1831 года Цэнтральным урадам Польшчы былі ўзнагароджаны залатымі кавалерскімі Крыжамі.  Францыя, удзячная паўстанцам за зрыў паходу расійскіх войск у Заходнюю Еўропу, прызначыла паўстанцам грашовае ўтрыманне.

А гэтым часам, калі бацька і сын Валовічы знайходзіліся ў эміграцыі ў Францыі, 19 кастрычніка 1831 года выйшаў указ Мікалая І, у якім загадвалася Віленскаму і Гарадзенскаму ваеннаму губернатару князю Далгарукаву арганізаваць ваенны суд над паўстанцамі на месцах іх злову і здзяйсняць смяротныя выракі там, “где ими злодеяния их учинены”.  З 8 лістапада 1831 года да 11 снежня 1834 года ў Горадні засядала губернская следчая камісія “для определения степени вины мятежников, секвестра и конфискации их имений”.  У шляхты, абшарнікаў і манастыроў было канфіскавана многа маёнткаў:  у Гарадзенскім павеце – 3,  У Ваўкавыскім – 5,  у Лідскім – 10,  у Навагрудскім – 12,  Слонімскім – 19.  Гарадзенскай губернскай камісіяй 19 кастрычніка 1832 года бацька і сын Валовічы былі прылічаныя да злачынцаў другой катэгорыі,  а іх маёнтак Парэчча быў канфіскаваны на карысць дзяржавы.  Адабралі гаспадарскі дом, дом эканома, вінакурню, валоўню, корчму, прыхадскую уніяцкую царкву з домам святара, а таксама мноства другіх пабудоваў.  Забралі 163 тамы кніг на польскай, нямецкай і французскай мовах, якія потым былі вывезены ў Пецярбургскую публічную бібліятэку.  Канфіскаваны 3 каровы і 6 цялятаў, бо, як сказана ў справе аб секвестры маёнтка, 50 галоў дваровай рагатай жывёлы без догляду да гэтага здохлі.

У Парыжы Валовіч прымаў чынны ўдзел у эмігранцкім жыцці.  Быў сябрам Лелявеля і прыхільнікам яго ідэяў. Уваходзіў у Нацыянальны польскі камітэт, прымаў актыўны ўдзел у дзейнасці Таварыства літоўскіх і рускіх земляў пад кіраўніцтвам Цэзара Плятэра.  Належаў да той групы палымяных патрыётаў Дэмакратычнага Таварыства, якія прагнулі распачаць барацьбу за пабудову грамадства на новых, больш дэмакратычных асновах.  Аналізуючы прычыны недастатковага ўдзелу людзей у лістападаўскім паўстанні, лічыў, што ў большасці шараговых паўстанцаў не было зацікаўленасці ў ім.  Валовіч прытрымліваўся поглядаў Т. Крэмпавецкага, які заяўляў:  “Аб апошнім паўстанні сцвярджаю, што яно было падхоплена толькі шляхтай, якая хацела скінуць уладу Мікалая, каб мець магчымасць яшчэ безкантрольней і мацней прыгнятаць сялянаў, выкарыстоўваючы для гэтага царскі дэспатызм”.  А таму адбудову незалежнай дэмакратычнай Літвы, звязанай федэратыўнымі адносінамі з Польшчай, Валовіч лічыў, што трэба пачынаць з грамадскіх рэформаў, з адмены прыгонніцтва і надзелу сялянаў зямлёю, з абуджэння іх нацыянальнай свядомасці.  Сродкам дасягнення дэмакратычнага і  справядлівага грамадства лічыў сацыяльную рэвалюцыю агульнаеўрапейскага маштабу.  “Эмігранцкая хроніка” згадвае Валовіча як чалавека, адданага рэспубліканскім прынцыпам.

У гэты час патрыятычныя эмігранцкія колы збліжаюцца з Вярхоўным кіраўніцтвам тайнага карбанарцкага Інтэрнацыяналу і чынна рыхтуюцца распачаць у першай палове 1833 года агульнаеўрапейскае паўстанне прыгнечаных народаў супраць манархаў Еўропы.  У поспех такога паўстання шчыра паверыў і Валовіч, асабліва тады, калі за падрыхтоўку і правядзенне яго на Беларусі ўзяўся палкоўнік Юзаф Заліўскі, адзін з арганізатараў лістападаўскага  паўстання 1830 года ў Польшчы.  Ягоная ідэя зводзілася да арганізацыі шырокага вызвольнага партызанскага руху.  Паводле планаў Заліўскага, на Беларусь павінны былі выехаць усе патрыёты-эмігранты і ў сваіх родных мясцінах пачаць партызанскую вайну, уцягваючы ў яе мясцовых сялянаў гарантыямі надзелу ўласную зямлёю і вызвалення ад паншчыны.

Для аператыўнага кіраўніцтва паўстаннем уся тэрыторыя Беларусі была падзелена на акругі, у склад якіх увайшло па два паветы. Начале акруг яшчэ ў Парыжы зацвярджалі начальніка,  а той сам падбіраў намесніка і двух памочнікаў.  Міхал Валовіч пагадзіўся стаць паўстанцкім начальнікам слонімска-наваградскай акругі.  Марцэль Шыманскі – гарадзенскае акругі, Юзаф Гардынскі – беластоцка-сакольскай,  Адам Пішчатоўскі – віленскай.  Была пастаўлена задача, каб да пачатку  “…усеагульнага выступу прыгнечаных народаў Еўропы”  ўсе кіраўнікі акругоў знаходзіліся на месцы і падрыхтавалі сялянаў у патрэбны момант актыўнымі выступленнямі спрыяць звяржэнню ўсіх манархаў Еўропы, у першую чаргу - расійскага цара.

У пачатку сакавіка 1833 года патрыёты невялічкімі групкамі з фальшывымі  пашпартамі рушылі з Францыі праз Швейцарыю, Баварыю, Саксонію, Галіцыю ды Прусію на Бацькаўшчыну.  Многія не вытрымалі цяжкасцяў блукання па чужых краінах і вярнуліся назад, іншыя былі схопленыя ўжо на мяжы.  Але найбольш здатныя, як было дамоўлена, да 19 сакавіка перайшлі мяжу і распачалі падрыхтоўку паўстання. Сярод іх быў Міхал Валовіч са сваім памочнікам Язэпам Яцкевічам.  Пешшу, па  веснавым бездарожжы, абмінаючы вёскі, маючы пры сабе два рэвальверы, камплект бялізны і 55 рублёў, яны спачатку дабраліся ў Ваўкавыскі павет да Міхайлавай сястры Ганны, якая была замужам за Дамянікам Аскерка, былым маршалкам ваўкавыскай павятовай шляхты.  За ўдзел у Патрыятычным таварыстве Дамянік Аскерка быў асуджаны напрыканцы 1830 г. і выселены ў Варонежскую губерню, адкуль вярнуўся толькі ў мінулым годзе і знаходзіўся пад наглядам паліцыі.  Пазнаўшы пакуты выгнанніка, ён раіў Валовічу адмовіцца ад задуманага і вярнуцца за мяжу.  “Я рашыў вярнуцца на сваю Бацькаўшчыну, - адказаў Міхал, - каб астатак жыцця правесці ў тутэйшых лясах і памерці тут”.  Аскерка пакінуў настойваць на яго ад’ездзе і нават садзейнічаў знаёмству з абшарнікам Шабанскім, які 10 дзён хаваў іх у фальварку Бараўшчына.  Ён дапамог Валовічу звязацца з Міхалам Песакоўскім, былым прыгонным бацькі Валовіча, якому 13 гадоў таму была дараваная вольнасць.  Цяпер ён жыў у фальварку Яловікі, які знаходзіўся за Шчараю ў 4 вярстах ад маёнтка Парэчча.

Але на некаторы час ўся дзейнасць была спынена з-за хваробы Валовіча.  Блукаючы па лясах халоднаю слотнаю вясной, ён моцна прастудзіўся.  Цела  нібыта агнём гарэла.  Амаль беспрытомным ён вярхом на кані дабраўся да Шабанскага.  Той прывёз з Ваўкавыска вядомага доктара, які спачуваў паўстанцам, - Ізідара Нагумовіча.  Патрыятычныя намеры Валовіча ўзрушылі як Шабанскага, так і Нагумовіча.  Яны, як маглі, лячылі Валовіча, але дапамагаць яму разгортваць партызанскі рух пабаяліся.
Песакоўскі без ваганняў далучыўся да Валовіча і ўзяў на сябе абавязкі па забяспячэнню будучага аддзелу харчаваннем, адзеннем, а таксама наладжваннем сувязяў з мясцовымі сялянамі.  Гэта ён прывёў у аддзел парэцкага лясніка Лявона Панасюка, якому Валовіч гарантаваў пасля перамогі паўстання даць вольную і бясплатны зямельны надзел. Лявон Панасюк прывёў яшчэ двух парэцкіх хлопцаў, братоў Яна і Базыля Панасюкоў,  апошні хаваўся ад рэкруцкага набору.  Потым да Валовіча далучыўся Тамаш Васіліцкі, былы ўдзельнік паўстання 1830 года, які пасля яго паразы вярнуўся з Прусіі дадому і быў краўцом ў Шундрах.  Прыйшлі ў атрад хлопец з Задвор’я – Мікалай Фярадка і два хлопцы з маёнтка Кіеў – Аляксандр Лапко і Сцяпан Сідаркевіч.  Іх стала 12 чалавек.

З’явілася патрэба ў наладжванні сувязяў з кіраўнікамі паўстанняў у сумежных акругах і асабліва з Цэнтральным кіраўніцтвам ў Вільні.  Даручылі гэтай справай заняцца Яцкевічу, якому былі вядомыя таямнічыя паролі, на якія адкрываліся падпольныя сябры.  Але выканаць даручэнне ён не здолеў.  Бо праз два дні, калі Яцкевіч праязджаў ў Вільню праз Воранава, там яго западозрыў карчмар Хаім Янкелевіч і выдаў расійскім уладам, пра што, безумоўна, Валовіч не ведаў.  Не дачакаўшыся звестак ад Яцкевіча і сігналу з Цэнтра аб пачатку паўстання, Валовіч пачаў дзейнічаць самастойна. Фальварак Яловікі, дзе абаснаваўся ў смалакурні Валовіч, ляжаў на паштовым тракце Брэст-Слонім-Вільня, па якім у спецыяльных брычках перыядычна перавозілі казённыя грошы.  Вырашылі напасці на такую брычку, забраць грошы, купіць на іх патрэбную зброю і добра ўзброеным атрадам здзейсніць напад на слонімскую турму і вызваліць зняволеных былых паўстанцаў, якія павінны былі значна папоўніць іх аддзел.  А тады, супольна з памежнымі аддзеламі, пачаць шырокае сялянскае паўстанне супраць расійскіх уладаў, за адмену прыгоннага права і за надзел сялянаў уласнаю зямлёю.

Дзве першыя засады на пошту былі безвыніковымі.  Трэцяя засада закончылася драматычна.  26 красавіка яны падпільнавалі паштовую брычку за Шундрамі.  Двое паўстанцаў заступілі дарогу, а чацвёра другіх хацелі залезці ў брычку.  Але фурман бізуном моцна сцебануў коней, тыя падбілі заступіўшых, пераехалі па іх брычкаю і, такім чынам, уцяклі.

Рапарт мясцовых уладаў аб нападзе на паштовую брычку быў накіраваны Віленскаму губернатару Далгарукаву.  Той 28 красавіка загадаў падначаленаму Гродзенскаму губернатару М. Мураўёву вылавіць нападнікаў, дзеля чаго дазволіў выкарыстаць салдатаў, расквартэраваных у Слоніме.  Праведзеныя мясцовымі ўладамі дзве аблавы вакол гасцінца ад Слоніма да Задвор’я вынікаў не далі.  Тады губернатар М. Мураўёў для арганізацыі пошукаў накіраваў у Слонім урадніка па асобых даручэннях маёра Галянкоўскага. Усім жыхарам навакольных вёсак было абвешчана, а ўладальнікам маёнткаў даведзена пад роспіс:  калі хто ведае пра нападаўшых на пошту і не паведаміць пра гэта мясцовым уладам,  ён будзе цяжка пакараны,  а маёмасць канфіскавана.  Наладжваліся новыя аблавы,  але Валовіч, як спрактыкаваны вайсковец, удала манеўруючы, выводзіў аддзел ад пераследу.  Калі стала немагчыма хавацца на Слонімшчыне, ён перабраўся ў наваградскія лясы.

Не мог ведаць капітан літоўскай кавалерыі Міхал Валовіч,  што яго захопам займаецца асабіста Гарадзенскі грамадзянскі губернатар на правах ваеннага губернатара па гораду Горадні генерал-маёр і кавалер Міхаіл Мураўёў.  Так пачалося супроцьборства расейскага генерал-маёра Міхаіла Мураўёва з капітанам літоўскіх войскаў Міхалам Валовічам.

Дык хто ж такі быў гэты Міхаіл Мураўёў?  За Валовіча ён быў старэйшы на 10 гадоў.  Скончыў Маскоўскі універсітэт. Удзельнік вайны з Напалеонам.  Актыўны ўдзельнік першых тайных дзекабрысцкіх арганізацый, аддзін з заснавальнікаў і аўтараў статута “Саюза благоденствия”.  Пасля паразы паўстання дзекабрыстаў у 1825 годзе быў арыштаваны і амаль паўгода прасядзеў у Петрапаўлаўскай фартэцы.  Расказаў ахоўцы ўсё,  што яе цікавіла і, такім чынам, выбраўся з турмы, у той час як брат Аляксандр быў сасланы ў Сібір.  Пасля вызвалення з астрогу, дзякуючы пратэкцыі барона Дзібіча, Міхаіл Мураўёў укладваўся на дзяржаўную службу.  У 1827 годзе прызначаны Віцебскім віцэ-губернатарам,  у 1828 – Магілёўскім грамадзянскім губернатарам,  а з 1831  па  1835 гады быў Гарадзенскім грамадзянскім губернатарам.  Мураўёў быў вельмі энергічным дзеячом і здольным адміністратарам,  але інтэлектуальна і духоўна ён быў вельмі абмежаваным чалавекам.  “Наколькі высока ён стаяў па розуме і адукацыі, - пісаў аб ім яго начальнік князь П. В. Далгарукаў, - настолькі нізка стаяў па сваіх маральных якасцях…  Яго характар складваўся з дзвюх стыхій, двух памкненняў, сквапных і ненасытных: уладалюбства і прагнасці да грошай.  Пачуццё асабістай годнасці, гонар, сумленне для яго не існуюць;  усё гэта для яго толькі словы, пустыя гукі;  улада і грошы – вось яго рэлігія”.  Стараючыся перад царом замаліць свае грахі юнацкага вальнадумства,  ён проста лез са скуры, каб даказаць сваю “верноподданность” цару.  Каб дамагчыся палітычнай рэабілітацыі, ён становіцца заўзятым рэакцыянерам, самай змрочнай і агіднай фігурай таго часу. “Змоўшчык, які выйшаў з турмы з павышэннем у чыне, генерал, які не бываў у баях, рабалепны нахабнік, выкрыты казнакрад, кат, інквізітар” – так характэрызаваў яго А. Герцэн.  У гісторыі Беларусі перыяд яго кіравання абазначаны як “мураўёўшчына”.  “Мураўёўшчына” – гэта спараджэнне імперскай ідэалогіі расійскага самаўладства, мэтай якога быў ваенны захоп чужых земляў пад сцягам абароны інтарэсаў імперыі, рускай нацыі і праваслаўя. Стратэгічнай мэтай гэтай палітыкі была ліквідацыя асаблівасцяў нацыянальнага жыцця захопленых народаў,  іх прымусовая русіфікацыя.  Мураўёў і яго памагатыя імкнуліся ператварыць Беларусь ва ўзорна-паказальны куток расійскай імперыі з рускім складам адміністрацыі, першынством праваслаўя і рускай школай.  Усй, што перашкаджала ці працівілася яго задумкам, бязлітасна знішчалася.

Калі шматдзённыя аблавы ў слонімскіх лясах, у якіх, паводле паведамлення іх арганізатара маёра Галянкоўскага, удзельнічала да 1500 сялянаў і вайскоўцаў, ніякіх вынікаў не далі, Мураўёў зразумеў,  што ён мае справу з вельмі хітрым і прадбачлівым праціўнікам, здольным манеўраваць ці абводзіць сваіх пераследвальнікаў.  Мураўёў загадаў пачаць аблавы па ўсіх лясах, бліжэйшых да Слонімскага павету, бо дакладна не ведаў ні колькасці паўстанцаў, ні таго, хто імі кіруе.  Мураўёў прыняў рашэнне арганізаваць масавыя аблавы і вылавіць паўстанцаў, пакуль яны не пашырылі ўплыў на мясцовых сялянаў прывабнай ідэяй – аб’явіць ім вольнасць.

А гэтым часам у Міхала Валовіча з’явілася рэальная мажлівасць папоўніць свой атрад.  10 траўня за тры вярсты ад паштовай станцыі Дзедаў Слонімскага павету (у 3 вярстах ад в. Ніз) 28 палонных, былых паўстанцаў, якіх пераганялі са слонімскай турмы ў другую, раззброілі канвойных салдатаў і ўцяклі ў лес.  Каб не дапусціць злучэння ўцекачоў з аддзелам Валовіча, у аблавы былі кінутыя вялікія сілы.  Толькі па Гарадзенскай губерні ў вышуках прынялі ўдзел звыш 10 тысяч салдатаў, паліцыянтаў і сялянаў, у тым ліку ў Слонімскім павеце – 1500 чалавек, у Наваградскім – 3000,  у Лідскім – 2000, у Ваўкавыскім – 2500  і  Гарадзенскім – 1500 чалавек.  Апрача таго, аблавы праводзіліся ў Менскай губерні і на Беласточчыне.

Валовіч кідаўся з аднаго месца ў другое,  а аблаўнае кола сціскалася.  17 траўня выкрылі Лявона Панасюка, які быў моцна хворы, ісці не мог і схаваўся ў капе сена.  Вось як пра ход далейшых пошукаў дакладваў Мураўёву кіраўнік аблаваў маёр Галянкоўскі:  “… По данным Панасюка усилили большую часть облавы из собранных  вновь крестьян, распространили наши действия к обыску по всем подозреваемым пунктам Слонимского уезда, обратив внимание на самые густые леса и болотные места. И продолжали облаву беспрерывно 5 или 6 дней, не упуская из виду и наблюдения через секретных агентов, разосланых нами во все дома, связующие родство и дружбу Волловичей.  По продолжению сих обысков захвачен другой из шайки Валловича, с весьма противоположной стороны от обысков наших к границе Новогрудского уезда, с чего взяли, что Воллович взял направление к селению Люшняны на другой пунт Новогрудского уезда.  Обошли все леса усилием мужиков до 3 тысяч человек, заняли леса Новогрудского уезда и прилегающие к Слонимсому.  Присем командировал заседателя Вольфа от Лидского уезда с другой облавой до 2 тысяч человек крестьян и приказал ему обыскать все подозрительные места и леса и в продолжении того захватил порознь в разных местах 3 человек из шайки Волловича, из показания коих (как впоследствии открыто), что не верно объяснили место укрывательства предателя Волловича, но с нашей стороны приняты меры, чтобы не выпустить его из Слонимского уезда, где последний был захвачен.  Воллович часто прятался под мостами, близ строений на которые действительно никто не мог обратить подозрение.  Перерезав путь подпитки продовольствием, Воллович обратно направил свой путь с оставшимися 3 человеками к лесам Шундровским вблизи Поречья”.

А вось рапарт маёра Галянкоўскага Мураўёву аб злаўленні Валовіча.  “Вашему Превосходительству почтеннейше донести честь имею, что преследуемый нами Государственный преступник Михал Воллович, из нас Земским Исправником Курбацким Сего Числа пополудни во 2-м часу пойман в Лесах Слонимских, и взят с имевшимся в руках двухствольным ружьём, таковым же пистолетом, заряженными пулями, и кинжалом;  при сем случае преступник Воллович кинжалом ранил двух человек, и в то же время сперва из пистолета, а потом кинжалом хотел лишить себя жизни, но действиями исправника к тому не допущен.  С ним Волловичем взяты также три крестьянина с ружьями заряженными пулями и последний товарищ его крестьянин Елизар, отыскан в воде утопившимся, итак вся шайка Волловича совершенно истреблена… . При допрашивании нами об открытии Соучастников Его в предательстве, Воллович совершенно не сознается и никого не открывает”.

На наступны дзень маёр Галянкоўскі прывёз Валовіча ў Горадню.  Першы допыт ў Горадні рабілі ў прысутнасці самога Мураўёва, пракурора Санкоўскага і падпалкоўніка корпусу жандараў Папова.

Так сустрэліся кат і яго ахвяра.  Яны пільна прыглядаліся адзін да аднаго.  Мураўёў, па рапартах Галянкоўскага, ужо ведаў, што Валовічу ўсяго 26 гадоў, росту сярэдняга, валасы цёмнарусыя хвалістыя, вочы цёмнаблакітныя, голас ціхі.  Хоць ён выглядаў змучаным, на твары былі сляды пабояў, аднак трымаўся ён прыстойна і ўпэўнена.
Вонкавы выгляд Мураўёва быў непрыцягальны.  Ён ўставаў, хадзіў па пакоі павольнай загрэбістай паходкай.  Нічога прыемна ўражлівага не было ў яго калмыцкім твары з кірпатым носам і тоўстымі губамі.  Кідаліся ў вочы вялікія скулы на яго твары з вельмі абвіслымі шчакамі каля вушэй, якія звісалі над каўняром яго генеральскага мундзіра.  Але з-пад навіслых густых броваў уважліва глядзелі яго бегаючыя вочы, ад якіх, здавалася, нічога не можа схавацца. На мундзіры зіхацеў ордэн Святой Ганны, які ён нядаўна атрымаў за ідушэнне паўстання на Віцебшчыне.

Гэтыя два чалавекі ў 1831 годзе былі ўзнагароджаны сваімі ўрадамі за ўдзел у лістападаўскім паўстанні.  Валовіч атрымаў рыцарскія крыжы за ратаванне Айчыны ад расійскіх захопнікаў і за жаданне вызвалення сялянаў ад паншчыны.  Мураўёў атрымаў узнагароду за задушэнне гэтага паўстання, за “умиротворение и обрусение”  Беларусі і за лютую прыхільнасць да прыгоннага права.  Тады Мураўёў нават не мог падумаць,  што мара Валовіча аб адмене паншчыны і надзеле сялянаў зямлёю праз пару дзесяцігоддзяў прыйдзе ў галаву новаму цару Аляксандру ІІ.  І ён неафіцыйна звернецца да літоўскай шляхты з прапановай выступіць ініцыятарамі скасавання прыгонніцтва ў Расіі.  Бо цар лічыў, што літоўская шляхта была найбольш падрыхтавана да такога лёсавызначальнага для Расіі мерапрыемства.  Прапанова была прынята,  і ў 1861 годзе, у бытнасць Мураўёва міністрам дзяржаўных маёмасцяў (сельскай гаспадаркі), прыгоннае права ўсё ж было скасавана.  Расія рушыла ў новую фармацыю-капіталізм.

Мураўёў чакаў ад допыту Валовіча сенсацыйных звесткаў, якія пралілі б святло на ўсю арганізацыю партызанскага руху на Літве.  Аднак яго напаткала расчараванне. Ён не на таго натрапіў.  Дарэмна скончыліся намаганні змусіць Валовіча назваць прозвішчы паплечнікаў і памагатых.  Колькі раз, прыціснуты доказамі аб яго кантактах з патрыётамі,  ён сцвярджаў, што пра гэта гаварыць не будзе, а таму раіў, каб яго не спрабавалі вымушаць гэта рабіць.  Члены вайсковага суда бачылі,  што Валовіч  “… знарок не прызнае віны, каб схаваць праўду, пазбегнуць заслужанай кары, схаваць сваіх паплечнікаў ад суровай паводле адпаведных мер кары, і такім чынам дапамагчы другім, падобным да яго,  здзейсніць свае гнюсныя намеры”.  Не спраўдзіліся яго асцярогі,  якімі ён падзяліўся з сябрам свайго дзяцінства Ігнатам Дамейкам, перад адыходам з Францыі на Радзіму:  “…Калі мяне паймаюць,  калі будуць катаваць,  з жахам думаю,  што вораг зможа пры маёй слабасці ці пры балючым выцягванні з мяне жылаў - выцягнуць і якое-небудзь неасцярожнае слова,  альбо паклёп на сяброў”.

Гэтага не адбылося.  Мяркуючы па запісаных паказаннях яго допытаў, вырысоўваецца постаць Валовіча,  якая кранае шляхетнасць і нязвыклай цвёрдасцю духа.
Большасць сялянаў прызналіся, што пайшлі добраахвотна ў Валовічаў аддзел.  “Апрацаваныя”  адпаведным чынам,  ці паверыўшы абяцанкам следчых,  што за чыстасардэчныя паказанні будуць памілаваныя,  яны расказалі амаль усё, што ведалі,  абцяжарваючы сваё і Валовіча становішча.

Звесткі аб тым, што Валовіча злавілі і аб першых выніках дазнання,  Мураўёў без затрымкі парадаваў у канцылярыю Віленскага губернатара князя Далгарукава,  а той – цару.  Цар быў вельмі задаволены рашучымі дзеяннямі Мураўёва,  аб чым вядома з ліста ад 23 траўня Віленскага губернатара Далгарукава да Мураўёва: “Содержание рапорта ко мне Вашего Превосходительства от 17 сего мая, я имел счастье лично всеподданейше докладывать Государю Императору в Динабурге. Его Императорское Величество, удостоив обратить благосклонное внимание свое на быстроту и успешность принятых Вами Милостивый Государь, мер к открытию и изловлению преступного бродяги Волловича и шайки его…  Высочайше повелел мне:  объявить за сие Вашему Превосходительству и местным Чиновникам отличившимся точным, усердным и деятельным исполнением возложенных на них обязанностей,  Всемилостивейшую признательность…  Разбойника Михайла Волловича и сообщников его как находившихся в составленной ими шайке и по поимке содержащихся ныне под стражею,  так и тех,  Помещиков или другого звания лиц,  как давших сей шайке приют разрешаю предать немедленно военному Суду,  приговор коего с мнением Вашим подлежит представить мне на утверждение.

Между тем благоволите как найскорее сообщить мне сведения:  в каких Иностранных землях и сколько времени находился Михайло Воллович до настоящего преступного покушения его и в особенности был ли он во Франции?”

Пасля заканчэння следства Мураўёў так і зрабіў, аддаў пад вайскавы суд Валовіча і яго 10 жывых паплечнікаў.  Суд доўжыўся 10 дзён,  і 9 чэрвеня 1833 года быў агалошаны вырак.  Міхала Валовіча як  “…здрадніка, валацугу, бунтаўшчыка і кіраўніка ўзброенай банды”,  а таксама Міхала Песакоўскага за тое, што даваў яму сховішча і дапамагаў ў яго справе, прысудзілі да чацвертавання.  Л. Панасюка,  Т. Васіліцкага,  Я. Мартынкевіча,  Т. Саўчука,  Я. Панасюка,  якія дабраахвотна далучыліся да аддзелу,  а некаторых ў дадатак і за напад на пошту, вырашана было павесіць.  М. Фярадку і Б. Панасюка – да ламання колам.  С. Сідаркевіча  і  А. Лапко прысудзілі да смяротнага пакарання.

Рашэнне суда было накіравана на разгляд каменданта Горадні генерала Казлова.  Апошні пагадзіўся з прысудам,  але прапанаваў замяніць для Валовіча чацвертаванне на павешанне і змягчыць пакаранні сялянам.  Мураўёў, разгледзеўшы прапановы Казлова, палічыў,  што   “… подсудимые по важности преступления никакого снисхождения не достойны, тем более, что таковым примером необходимо нужно остановить дальнейшее покушение подобных злодеев, прибывших в страну из-за границы.  Причем полагаю необходимою мерою, чтобы казнь означенным преступникам произведена была не в одном городе Гродно, но в разных местах сей губернии, а именно:  Волловича в Гродне,  эконома Пейсаковского в Слониме, а прочих по усмотрению местного начальства.  Дабы все жители видели определенное по силе законов наказание не только самим преступником но и тем, кои знали о прибытии в здешний край заграничных бродяг-мятежников, о преступных их замыслах но не донесли, давали им приют и спобобствовали их укрывательству.  Употребленные во время поисков и поимки преступника Волловича и его шайки прогонные деньги,  по получении отчетов от командировонных чиновников, так,  как имение его Волловича еще в прошлом 1832 году по решению Гродненской о мятежниках Комисси конфисковано в казну,  взыскать с имений его сообщников давших ему приют.  В прочем означеное дело и мое мнение представляю на власть и благоусмотрение вышнего начальства. Г. Гродно,  июня 13 дня 1833 г.  Генерал-Майор Муравьёв”.

Амаль месяц спатрэбілася Віленскаму губернатару князю Далгарукаву,  каб 12 ліпеня прысуд зацвердзіць канчаткова.  Але ён значна змяніў спосаб пакарання ў параўнанні з прызначаным судом.  Пэўна,  прынародна чацвяртаваць Валовіча,  гэта значыць,  на вачах у тысячы людзей адсекчы на пласе спачатку рукі і ногі,  а потым гэтаму, даходзячаму ад болі акрываўленаму абрубку, адсекчы і галаву, было б мярзотным гледзішчам для набожных гарадзенцаў.  Таму чацвертаванне Валовіча было зменена на павешанне.  Хаця павешанне ў Расіі лічылася больш ганебным,  чым адсячэнне галавы.  Праваслаўная царква да такога пакарання ставілася з агідай і дапускала такую кару,  напрыклад,  толькі да здраднікаў.  Як сцвярджалася ў адной з кніг таго часу:  “Русские долгое время затруднялись принять повешение как способ казни,  думая,  что душа человека повешенного, будучи принуждена выходит из тела через нижний проход,  тем оскверняется”.  Як бачым, гэты аргумент не падзейнічаў на князя Далгарукава,  ён аддаў перавагу павешанню.

Песакоўскі,  Л. Панасюк, Сайчук, Мартынкевіч, Я.Панасюк, Васіліцкі і Фярадка прыгаварваліся да біцця бізунамі, а пасля пакарання – да высылкі ўсіх у Сібір на катаргу.  Б. Панасюка,  Лапко і Сідаркевіча прыгаварылі біць розгамі, прагнаўшы па 2-3 разы праз шарэнгу з 500 чалавек,  а пасля экзекуцыі Б. Панасюка выслаць у Бабруйскую крэпасць, а Лапко і Сідаркевіча здаць у рэкруты ў сібірскія лінейныя батальёны.

Міхала Валовіча  21  ліпеня (2 жніўня па н.ст.) павесілі ў Горадні за Скідальскаю “заставаю”,  недалёка ад тагачаснай парахоўні.  Як гэта адбывалася,  бачна з рапарта Віленскага губернатара Далгарукава ваеннаму міністру графу Чарнышову:  “Я имел честь донести Вашему Сиятельству сего месяца 12 числа за № 654 что военносудное дело о преступнике Волловиче и бывших в его шайке девяти человек рассмотрено мною со всей поспешностью и уже конфирмировано.

О приведении в исполнение таковой конфирмации я тогож числа дал предписание Гродненскому гражданскому Губернатору состоящему на правах Военного Губернатора по Городу Гродно Г. Генерал Майору Муравьёву.

Нынеж в дополнение вышеуказанного моего рапорта,  для подробнейшего сведения как о степени вины и злонамерениях сих преступников, равно и о мерах определенного каждому наказания, долгом щитаю представить Вашему Сиятельству краткое из означенного дела извлечение,  по донесениям, основанным на таковомже Генерал Майора Муравьёва, что казнь Волловича совершена 21 числа сего месяца в г. Гродно со всевозможною торжественностью и на сем позорище были несколько тысяч  разного звания народа, при всем том тишина была вполне соблюдена,  и столько были все сем поражены, что при столь многочисленном стечении народа решительно все безмолвно смотрели.  Сие произвело весьма сильное влияние на умы обывателей, которые наконец видят,  что правительство преследуя преступников не стремиться гнусных похвал неблагонамеренных и действуя во всем законно, наказывет злодеев бестрепетно, не тайно но публично, для всеобщего примера.  Чтобы не могло быть тайных молений над телом преступника, оное ночью сокрыто и никем не может быцть отыскано”.  Па загаду Мураўёва ноччу цела Валовіча было адкапана,  таемна перанесена ў закінуты вапнавы кар’ер і закапана так,  каб ніхто яго не мог адшукаць.  Бо ўжо на Гарадзеншчыне былі выпадкі,  калі целы паўстанцаў,  растраляных рускімі,  таемна ноччу адкопвалі і хавалі на мясцовых могілках ці ў фамільных склепах.

Перад павешаннем Валовіча, на ягоных вачах, адбывалася жудасная экзекуцыя над часткай яго паплечнікаў.  Ён маліў не рабіць такіх здзекаў над імі,  бо адчуваў,  якія нечалавечыя мукі прыдзецца вынесці пакутнікам.

Пачалі экзекуцыю з тых, хто быў прысуджаны да пакарання розгамі, ці шпіцрутэнамі,  бо гэты від пакарання лічыўся слабейшым у параўнанні з біццём бізуном і адбываўся па другім сцэнару.  Для гэтага ставілі твар у твар дзве паралельныя шарэнгі салдатаў.  Кожны салдат трымаў у руцэ розгу. Выводзілі караемых, агалялі цела да поясу,  рукі прывязвалі да штыка ружжа так, каб штык упіраўся ў жывот і караемы не мог ухіліцца ад удараў.  За прыклад ружжа караемага цягнулі два унтэр-афіцэры.  Пад барабанны бой кожны салдат рабіў з шарэнгі крок наперад, біў розгаю і станавіўся на сваё месца.  Пакутнік атрымліваў удары з двух бакоў і столькі, колькі яму было прысуджана.  Калі ён страчваў прытомнасць,  то давалі панюхаць нашатырнага спірту,  і лупцоўка працягвалася.

Біццё бізуном праводзілася на “кабыле”.  “Кабыла” – гэта дошка даўжынёю больш за чалавечы рост,  таўшчынёю каля трох дзюймаў і шырынёю паўаршына. На канцы дошкі – выразка для шыі,  а па баках – выразкі для рук.  Калі каранага клалі на “кабылу”,  то ён абхопліваў яе рукамі і ўжо на другім боку рукі звязвалі пасам.  Шыя і ногі таксама прывязваліся пасам да дошкі.  Тады за справу браўся кат.  Яго паводзіны мелі выгляд нейкай абрадавай цырымоніі здзекаў над жывым чалавекам.  Ён быў у чырвонай кашулі і плісавых штанах.  Трымаў плецены бізун,  да кончыка якога быў прывязаны шасцівяршковы сырамятны рэмень таўшчынёю ў аловак. Ён спачатку адыходзіў ад “кабылы”,  а потым павольна набліжаўся да яе,  высока ўзмахваў бізуном, і тады чуўся свіст ды ляск бізуна аб цела.  Быў вызначаны парадак біцця.  Спачатку ўдары рабіліся крыж-накрыж, першы з правага пляча па рэбрах пад левы бок,  а другі з левага пляча на правы бок.  Потым удары клаліся ўздоўж і ўпоперак спіны. Кат з першага разу глыбока рассякаў бізуном скуру, пасля некалькіх удараў леваю рукою сцэджваў з бізуна жменю крыві і страсаў яе на зямлю.  Пры першых ударах яшчэ вырываўся глухі стогн у пакутніка, але хутка ён змаўкаў.  Тады яго секлі, як мяса.  Ужо безпрытомнага яго адвязвалі, давалі панюхаць нашатырнага спірту і адпраўлялі ў турму,  дзе некаторыя, моцна збітыя, паміралі на другі ці трэці дзень.

Тыя пакуты і боль, якія давялося перажыць у гэты дзень Валовічу, не зламалі яго.  Ён знайшоў сілы прынародна сказаць, што ўсю віну за арганізацыю супраціву рэжыму бярэ на сябе, і заверыў, што спакойна аддае маладое жыццё на алтар Айчыны.  А ў сваім лісце да маці, напісаным перад смяротным пакараннем, Валовіч прасіў, каб яна не забылася пра турэмнага дазорцу і ўзнагародзіла яго за тое, што ён прыносіў яму ў турму ежу.

Архіўныя матэрыялы сведчаць,  што “сие позорище” з пазбаўленнем жыцця беларускага патрыёта Міхала Валовіча абышлося Расіі ў 17 рублёў, з якіх было заплочана капітану Рэнубергу 1 рубель і 5 капеек за набыццё 18 аршынаў вяроўкі, 3 рублі заплацілі салдатам за ўзвядзенне шыбеніцы,  кату Паўлюкоўскаму за работу заплацілі 3 рублі і 1 рубель далі салдатам за закапанне ў зямлю цела Валовіча.  Ці не пераплаціла Расія за маладое жыццё палымянага барацьбіта за незалежнасць нашай Бацькаўшчыны?

Даведаўшыся аб зверстве, учыненым Мураўёвым над Валовічам,  Іяахім Лялевель пісаў генералу Дзвярніцкаму:  “Падлюга, хто зневажае постаць Валовіча ці безнадзейна брэша на яго шляхетнасць.  Скажы мне, генерал, якімі кветкамі абсыплем яго труну, якімі слязамі яго обмыем?  Ён быў маім вучнем”.

Пры Мураўёве было павешана 128 беларускіх патрыётаў, але,  менавіта, пасля павешання Міхала Валовіча гэтая мянушка была на ўсё жыццё прыклеена да яго графскага тытула.  Выступаючы перад гарадзенскім дваранствам, казаў, што ён не з тых Мураўёвых, якіх вешаюць, а з тых, якія вешаюць.  Так стаў ён “Мураўёвым-вешальнікам”.
Праз трыццаць гадоў тым жа Мураўёвым і ў такім жа 26-гадовым ўзросце,  але не ў Горадні, а ў Вільні быў павешаны Кастусь Каліноўскі, прадаўжальнік справы Валовіча і кіраўнік нацыянальна-вызвольнага руху беларускага народа супраць расійскага паняволення.

У міжваенныя часы, адзначаючы стагоддзе лістападаўскага паўстання 1830 года,  тое месца ў Гродне, паміж вуліцамі Лідскай, Белуша і Парахавым завулкам, дзе адбывалася павешанне Валовіча, было названа “Пляцам Валовіча”.  На радзіме Валовіча ў маёнтку Парэчча побач з царквою быў пастаўлены яму прыгожы белы мармуровы помнік.  Помнік яго паплечнікам-сялянам быў пабудаваны ў Шундрах.  На жаль, у 1940 годзе ўсё гэта было знішчана і забыта.  Уніяцкая царква, якая знаходзілася побач з маёнткам Парэчча, пры нявысветленных абставінах згарэла,  а на тым месцы пабудавана каменная праваслаўная “мураўёўка”,  якую ў савецкія часы ператварылі ў калгасны склад, а потым спалілі.  Па сядзібе Валовічаў, абсаджанай некалі ліпамі, нядаўна праклалі магістральны газапровад “Дружба”.  Сяляне, якія жывуць у навакольных вёсках, пазбаўленыя савецкай уладай уласнай зямлі, за якую змагаліся іх продкі і якія мелі вялікую ласку да яе,  цяпер апрацоўваюць яе калектыўна і жывуць у беднаце.

Праўда,  4 лістапада 2000 г. на “Дзяды” слонімскаю спартыўна-патрыятычнаю арганізацыяю каля спаленай парэцкай царквы на ўмоўнай магіле Валовіча быў устаноўлены і асвечаны памятны крыж з надпісам “Ва ўшанаваньне памяці беларускага паўстанца Міхала Валовіча (1806-1833) і ягоных паплечнікаў, якія ахвяравалі сваё жыццё ў барацьбе за вызваленне Беларусі ад расейскага царызму”.  Але прастаяў гэты крыж толькі месяц.  Як не дзіўна, па ініцыятыве мясцовага благачыннага і пры падтрымцы мясцовых уладаў,  ён быў знішчаны. Мураўёўшчына прадаўжае жыць на Беларусі.
Адначасова са справай Валовіча падпалі пад следства і людзі, якія дапамагалі яму, ці ведалі пра яго вяртанне і намеры.  Гэта абшарнікі Ваўкавыскага павету Дамянік Аскерка і Францішак Шабанскі, якія абвінавачваліся ў тым, што некаторы час хавалі ў сябе Валовіча;  Ізідар Нагумовіч, які лячыў Валовіча;  уніяцкі святар парэцкай царквы Марцін Якутовіч, які быццам бы дапамагаў Валовічу харчамі;  Язэп Яцкевіч, які быў памочнікам Валовіча.  Хаця судовы працэс адбываўся ў розныя дні, на самой справе гэта была адзіная паказальная карна-палітычная акцыя, якая мела на мэце запалохаць мясцовую шляхту і сялянаў у іх патрыятычных памкненнях змагацца з рэакцыйным царскім рэжымам.

5 лістапада 1833 года следства па іх закончылася, і следчая камісія вырашыла:  Язэпа Яцкевіча – за далучэнне да Валовіча, вяртанне на радзіму з “брадзяцкімі намерамі”, напад на пошту – прысудзіць да смерці праз чацвертаванне;  Аскерку і Шабанскага – “за свядомае ўзяцце пад апеку валацуг” прысудзіць да смяротнага пакарання;  доктара Нагумовіча – “за лячэнне Валовіча, пра якога ведаў, хто ён такі, а таксама за тое, што будучы праінфармаваным аб паўстанцах, якія быццам былі накіраваны ў Пецярбург для забойства цара, аб чым ён распускаў чуткі сярод сваіх знаёмых” – засудзіць да чацвертавання;  святара Якутовіча, у сувязі з недастатковасцю доказаў яго віны, было вырашана вызваліць ад пакаранняў.

Затым справа разглядалася Казловым і Мураўёвым.  Апошні рашэнне суда палагодзіў.  Ён прапанаваў Яцкевіча пазбавіць шляхецтва і адправіць у Сібір на катаргу,  а маёнтак канфіскаваць;  Шабанскага выслаць у асобы каўказскі корпус;  Аскерку паўторна адправіць у ссылку ў далёкую расійскую губерню. Выдаткі, звязаныя са злаўленнем Валовіча, у колькасці 4193 рублі і 18 капеек утрымаць з Аскеркі.

7 лістапада Даўгарукаў зацвердзіў прысуд у рэдакцыі Мураўёва, за выключэннем пакаранняў, якія тычыліся Аскеркі і Нагумовіча.  Аскерку вырашана было пакінуць дома, устанавіць над ім тайны нагляд паліцыі, а выдаткі, звязаныя са зловам Валовіча, усё ж аднесці за яго кошт. Нагумовіча пастанаўлялася выслаць у Табольскую губерню з дачай яму гадавога тэрміну на продаж маёнтка.

Што падзейнічала на Даўгарукава, які змягчыў пакаранне Аскерку і Нагумовічу?
Віленскі губернатар Даўгарукаў любіў бываць у ліцвінскіх дамах на балях.  На яго мелі значны ўплыў мясцовыя жанчыны-шляхцянкі.  Вядома, што не адзін вязень атрымаў палёгку, дзякуючы іх заступніцтву.  Жонка Аскеркі (сястра Валовіча) была багатай дамай і належала да таго кола, якое мела ўплыў на губернатара.  Пэўна, такое заступніцтва спрыяла Аскерку пазбавіцца далёкай ссылкі.

Па змякчэнні пакарання Ізідара Нагумовіча былі, напэўна іншыя матывы, пра якія варта паведаміць падрабязней.

Браты Нагумовічы, старэйшы Лявон (1792-1853 г.) і малодшы Ізідар (1800-1853гг.), сталі вядомымі беларускімі лекарамі, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё медычнай навукі і практыкі.  Нарадзіліся ў Вільні ў шляхецкай сям’і.  Абодва скончылі медычны факультэт Віленскага універсітэта.  Жыццёвы і навуковы шлях таленавітага доктара Лявона Нагумовіча быў вельмі спрыяльным.  У 20 гадоў ён стаў доктарам медыцыны.  У 1813 годзе абраны членам-карэспандэнтам Парыжскай акадэміі навук. Пазней быў абраны ганаровым членам Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі.  Ён з’яўляўся заснавальнікам вядомай суполкі рускіх лекараў у Пецярбургу.

Зусім іншы лёс напаткаў ягонага брата Ізідара. Калі ён вучыўся ў Віленскім універсітэце, курс гісторыі ім чытаў будучы ідэолаг польскага паўстання Іяахім Лелявель, пад уздзеяннем якога ён са спачуваннем стаў ставіцца да нацыянальна-вызваленчай барацьбы прыгнечаных Расіяй народаў.  У 1825 годзе ён, як і Валовіч, закончыў універсітэт, затым абараніў доктарскую дысертацыю,  а ў 1827 годзе быў накіраваны лекарам у Самгаіцкі гранадзёрскі полк у Жамайцію.  Тут, падчас лістападаўскага паўстання 1830 года, чацвёра маладых афіцэраў забілі свайго ротнага камандзіра і перайшлі на бок паўстанцаў.  Следства ўстанавіла, што да гэтай справы меў нейкае дачыненне Нагумовіч,  за што ён быў звольнены з войска.  Нагумовіч пасяліўся ў Ваўкавыску і займаўся прыватнай лекарскай практыкай.  Вось тады яго запрасіў Шабанскі паставіць на ногі моцна хворага Валовіча, добра ведаючы яго прыхільнасць да патрыётаў.  На судзе гэта было выяўлена і вось як ацэнена камісіяй вайсковага суда ад 25 ліпеня 1833 года:  “Доктор медицины Исидор Нагумович оказался также виновным не только в совершеном знании о всех злонамеренных замыслах преступников Волловича и Яцкевича,  лечении из них первого с 20 марта до самой Пасхи, но сведущ от них же, что семь человек эмиссаров отправились в Санкт-Петербург с намерением покуситься на жизнь Государя Императора и о том никому не донесли”.  Далей паведамлялася, што за “…неблагонамеренные его поступки – комиссия Военного Суда, соображая преступления сии с законами, приговорила… доктора Нагумовича … четвертовать”. Вось “мураўёўская” гуманнасць за тое, што доктар сумленна вылячыў хворага чалавека,  гэтага доктара трэба жыўцом сякераю пасекчы на кускі.

Пэўна, у лёс малодшага брата ўмяшаўся ўплывовы старэйшы брат, і кара была зменшана:  яго панізілі ў званні да фельчара і выслалі ў Вятку пад паліцэйскі нагляд.  Там ён прабыў чатыры гады, потым зноў, відаць, не без удзелу брата, быў памілаваны і атрымаў дазвол на пасяленне ў маёнтку жонкі ў Драгічынскім павеце. У пачатку 1839 года ўладкаваўся лекарам у Гарадзенскую гарадскую бальніцу.  Але хутка пераехаў у мястэчка Друзгенікі,  якое перад гэтым атрымала статус курорта.

Малады курорт яшчэ не меў навуковых рэкамендацыяў па лячэнню хваробаў сваімі водамі. Нагумовіч вырашыў гэтую праблему і ў 1841 годзе выдаў на французскай і рускай мовах сваю навуковую працу “Способ лечения минеральными водами в Друскениках”.  Там навукова абгрунтаваў, якія хваробы і якім чынам можна лячыць друзгеніцкімі водамі.  Памёр Ізідар Нагумовіч рана, у 1842 годзе, і, магчыма, пахаваны на гарадзенскіх могілках.

http://tbm.org.by

* у сьнежні 2000 году нават адбылася адмысловая нарада біскупа Наваградскага і Лідскага Гурыя, благачыннага Ўладзімера Бобчыка з “зампрэдам” Слонімскага райвыканкама Аляксандрам Тарсуновым - вядомым душыцелем рэлігійнае свабоды савецкіх часоў, на якой імі было пастаноўлена патаемна зьнішчыць гэты сьвяты Памятны крыж. Паказальна, што ў хаўрусьніках блюзьнерскіх дзеяньняў адносна Гасподняга Крыжа разам з вопытным у гэтай справе бязбожнікам А. Тарсуновым выступіў праваслаўны біскуп Гурый (Апалька). Нязбожная пастанова была выканана пры актыўным удзеле благачыннага У. Бобчыка, які хутка стаў пратаярэям, відавочна за руплівасьць і зьнішчэньні Крыжоў... (unija.info)

на галоўную

©BEZ-Info , 2003-2006
Rating All.BY Каталог TUT.BY