BelUnija logo

Untitled Document

НАВІНЫ


Беларуская Царква


Публіцыстыка


Тэма падрабязна


 






 



Untitled Document

"АДВЕЧНАЯ ПЕСЬНЯ":
Аб адной няўдалай спробе аб'яднаньня паваеннай беларускай эміграцыі.

Ігар Лялькоў

Чарговая ў нашай гісторыі хваля масавай эміграцыі зь беларускіх земляў, восьмая па падліках вядомага гісторыка эміграцыі Аўгена Калубовіча, хлынула ў Заходнюю Эўропу напрыканцы Другой сусьветнай вайны ў выніку чарговай жа зьмены акупацыйных рэжымаў у нашым краі - нацыскага на савецкі. У выніку, на Захадзе апынулася некалькі сот тысячаў нашых суайчыньнікаў, прычым упершыню сярод іх была значная колькасьць людзей, якія ўсьведамлялі сябе менавіта беларусамі. Зусім натуральна, што ў такіх абставінах пасьля 1945 г. на Захадзе склалася самая вялікая ў гісторыі беларускай эміграцыі палітычная плыня.

Як вядома, палітычная актыўнасьць, для таго, каб быць выніковай, вымагае вельмі высокай ступені арганізаванасьці і каардынаванасьці ў дзеяньнях суб'ектаў гэтай актыўнасьці. Гэта выдатна разумелі найбольш адукаваныя і дальнабачныя актывісты тагачаснага беларускага руху на эміграцыі, і недарэмна, па словах Янкі Запрудніка, "пэрыяд другой палавіны 40-х - пачатку 50-х гадоў быў часам арганізацыйных намаганьняў… Вялікі высілак быў пакладзены на тое, каб стварыць свае арганізацыі, прышчапіць моладзі нацыянальны сьветагляд, ... наладзіць грамадзка-культурнае жыцьцё ў краёх новага пасяленьня, устанавіць лучнасьць зь іншымі беларускімі асяродкамі, скаардынаваць нутраную і вонкавую дзейнасьць" (1). Аднак, аб'ектыўным фактарам, які значна ўскладняў гэтую арганізацыйную працу, быў сацыяльны склад паваеннага беларускага замежжа, дзе пераважалі выхадцы зь вёскі, з іх невысокім адукацыйна-культурным узроўнем, заўсёднай сялянскай хцівасьцяй і прыроджаным меркантылізмам ды індывідуалізмам. Дарэчы будзе заўважыць, што і надзвычай тонкая праслойка інтэлігенцыі, якая складалася літаральна зь некалькіх дзясяткаў асобаў, у большасьці сваёй паходзіла таксама ад вяскоўцаў і, за рэдкім выключэньнем, не пераўзыходзіла ўзроўню сельскага настаўніка.

Да таго ж, і гэтая нешматлікая "эліта" была глыбока расколатая і па палітычных, і па рэлігійных матывах (галоўнай жа прычынаю гэтага расколу былі, як падаецца, міжасабовыя канфлікты ў вярхушцы беларускай заходняй дыяспары). Падзел сьвядомых беларусаў у замежжы на "бэнээраўцаў", то бок прыхільнікаў адноўленай у канцы 1947 ці на пачатку 1948 Рады Беларускай Народнай Рэспублікі на чале зь Міколам Абрамчыкам, і "бэцээраўцаў", - сымпатызантаў створанай у канцы 1943 Беларускай Цэнтральнай Рады Радаслава Астроўскага, стаўся галоўным суб'ектыўным фактарам цяжкасьцяў у арганізацыйным станаўленьні нашай палітычнай эміграцыі. Гэта, у сваю чаргу, шмат у чым абумовіла яе вельмі сьціплы, у параўнаньні з эміграцыяй нашых суседзяў палякаў, прыбалтаў або ўкраінцаў, ўплыў як на ўнутрыпалітычнае жыцьцё Беларусі пад савецкай акупацыяй, так і на фармаваньне грамадзкай думкі адносна Беларусі ў дэмакратычным сьвеце.

Маючы ўсё гэта на ўвазе, зьвернемся да працэсаў, якія адбываліся ў канцы 1940-х гг. у беларускіх асяродках Францыі. У гэты час Парыж робіцца цэнтрам "бэнээраўскай", альбо "крывіцкай" плыні беларускага нацыянальнага руху. Менавіта тут, відаць, і была падрыхтаваная "Дэклярацыя Рады БНР", якая паведаміла сьвету пра аднаўленьне дзейнасьці дзяржаўнага прадстаўніцтва незалежнай Беларусі ў выгнаньні. Дэклярацыя была апублікаваная ў газэце "Бацькаўшчына", якая выдавалася ў лягеры для перамешчаных асобаў Остэргофэн (Ніжняя Баварыя), пад фіктыўнай датай 29 сьнежня 1947, і, дарэчы, гэта дасюль уводзіць у зман гісторыкаў з КГБ, якія лічаць, што Рада БНР адрадзілася ў Остэргофэне ў сьнежні 1947 (як А. Салаўёў у кніжцы "Белорусская Центральная Рада: создание, деятельность, крах" (Мн, 1995)). На самой справе, рашэньне было прынятае ў сталіцы Францыі - інтэлектуальным цэнтры тагачаснай беларускай эміграцыі. Менавіта тут, яшчэ ад 1931 г., дзейнічала найстарэйшая сёньня ў сьвеце беларуская эмігранцкая арганізацыя "Хаўрус беларусаў у Францыі", тут існаваў адзіны на эміграцыі беларускі прафсаюз "Аб'яднаньне беларускіх работнікаў у Францыі", - нацыянальная сэкцыя Францускай канфэдэрацыі працоўных хрысціянаў, тут выдавалася першая на Захадзе паваенная беларуская газэта "Беларускія Навіны" і першы легальны друкаваны часопіс "Божым Шляхам", тут жылі й працавалі тыя, хто склаў "мазгавы цэнтар" адноўленай Рады - Мікола Абрамчык, Лявон Рыдлеўскі, Уладзімер Шыманец, айцец Леў Гарошка. Мэтаю ініцыятараў аднаўленьня дзейнасьці Рады БНР было стварэньне паўнавартаснага "беларускага ўраду ў выгнаньні", прызнанага краінамі Заходняга Сьвету (натуральна, што на такое прызнаньне не магла разлічваць Беларуская Цэнтральная Рада, створаная ў свой час з дазволу й пад кантролем нацыскай акупацыйнай адміністрацыі). Аднак, каб дасягнуць гэтае мэты, кіраўніцтва Рады мусіла прадэманстраваць патэнцыйным партнэрам па перамовах аб прызнаньні, што за ім стаяць сапраўды значныя сілы як на эміграцыі, так і ў Савецкай Беларусі.

Што да працы Рады БНР сярод удзельнікаў антысавецкага падпольля й партызанскага руху ў паваеннай БССР, то гэтая тэма яшчэ патрабуе адмысловага вывучэньня і выходзіць за межы разгляданай тут праблематыкі. Таму спыняцца на гэтым я не буду, а толькі адзначу: выглядае на тое, што ўсё ж такі большасьць ідэйных удзельнікаў антысавецкага беларускага супраціву канца 1940-х - пачатку 1950-х гг. была больш прыхільная да БЦР, чым да БНР. Што да эміграцыі, то тут Рада БНР магла разлічваць на цьвёрдую падтрымку пераважнай большасьці беларускай грамады ў Францыі й Бэльгіі, Беларускага Нацыянальнага Камітэта Амэрыканскай акупацыйнай зоны ў Нямеччыне, Беларускага Цэнтральнага Дапамогавага Камітэта Нямеччыны, Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі, герархаў Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, сьвятароў-католікаў і уніятаў, ангажаваных у беларускі рух. Гэта была толькі частка эміграцыі, хаця і даволі значная, але ж часьцяком слаба зьвязаная паміж сабою. У гэткіх умовах узнікла ідэя стварэньня Сусьветнага Аб'яднаньня Беларускае Эміграцыі (САБЭ), якое б мусіла, з аднаго боку, публічна падтрымліваць дзейнасьць Рады ад імя ўсёй эміграцыі і забясьпечваць, такім чынам, неабходны ўзровень яе легітымнасьці ў вачах заходніх хаўрусьнікаў, а з другога - кіраваць палітычнай і культурнай працай "бэнээраўскіх" арганізацыяў ува ўсіх краінах сьвету і, між іншым, ствараць матэрыяльныя ўмовы для дзейнасьці Рады шляхам падаткаабкладаньня гэтых арганізацыяў "на патрэбы нацыянальнага руху".

САБЭ было заснаванае рашэньнем Першага сусьветнага зьезду беларускае эміграцыі, які адбыўся ў Парыжы 28 лістапада - 2 сьнежня 1948 г. У звароце дэлегатаў зьезду "да беларусаў і беларусак ува ўсім сьвеце" апошнія заклікаліся "гуртавацца пад родным сьцягам Беларускае Народнае Рэспублікі, якая цераз Раду БНР, Прэзідэнта Рэспублікі інж. М. Абрамчыка і Ўрад БНР зьяўляецца безпасярэднім злучвом з прыгожымі традыцыямі нашага вызвольнага змаганьня, яго найвышэйшым дасюль здабыткам і адзінай для нас надзеяй і гарантыяй павароту на вольную Беларускую Зямлю!" Сярод пунктаў рэзалюцыі зьезду найбольшае практычнае значэньне мелі наступныя: "3. Старацца стварыць сталыя матар'яльныя базы для беларускай грамадзкай працы, выкарыстоўваючы для гэтага мясцовыя ўмовы й магчымасьці. 4. Стварыць адзінае ўсебеларускае кіраўніцтва ўсёй беларускай работы на эміграцыі і ўсестароньняй апекі над беларускімі эмігрантамі ўва ўсіх краінах, дзе-б яны ні былі, з прадстаўніцтвамі ад усебеларускага кіраўніцтва." Той факт, што з 22-х дэлегатаў зьезду 9 прадстаўлялі Францыю, 4 - Вялікабрытанію, 2 - Нямеччыну і яшчэ з 7 краінаў (Бэльгія, Данія, Швэцыя, Італія, Канада, Аргентына, Аўстралія) прыехалі па аднаму чалавеку, красамоўна паказвае ступень уплыву тагачаснай беларускай дыяспары ў Францыі на ўсю "бэнээраўскую" эміграцыю. Нядзіўна, што старшынём Ураду Сусьветнага Аб'яднаньня Беларускае Эміграцыі быў абраны лідар Аб'яднаньня беларускіх работнікаў у Францыі Лявон Рыдлеўскі. Дарэчы, ён быў ветэранам францускага Рэзістансу й пяць гадоў (1940-1945) правёў у "макі", што было зусім немалаважна для здабыцьця прыхільнага стаўленьня да новаўтворанай арганізацыі з боку нядаўніх пераможцаў нацызму. Адным з заступнікаў старшыні і, адначасова, фінансавым рэферэнтам САБЭ быў прызначаны міністар фінансаў БНР Уладзімер Шыманец. Пунктам размяшчэньня сядзібы Аб'яднаньня зусім натуральна стаўся Парыж, дзе ўжо функцыянавала "Гаспода" Прэзідэнта БНР Міколы Абрамчыка.

Здавалася, былі створаныя ўсе перадумовы для гуртаваньня пад агульным кіраўніцтвам беларусаў на эміграцыі, прынамсі тых зь іх, хто прытрымліваўся пэўнага палітычнага напрамку. Каб гэта тады адбылося, то, без усялякага сумненьня, цалкам выканальнымі былі б наступныя вельмі перспэктыўныя пункты рэзалюцыі зьезду: "…2. Зьвязаць і здысцыплінаваць грамадзкія актывы … так, каб праца вялася рацыянальна, плянава і сыстэматычна бязь ніякіх перарываў. … 5. Сканцэнтраваць і скаардынаваць усе высілкі ў справе беларускай прэсы і выдавецтва наагул. 6. Стварыць Цэнтральную Беларускую Інфармацыйную Службу і архіў дакумантаў. 7. Правесьці рэгістрацыю беларускіх эмігрантаў ува ўсіх краінах. … 11. Узмоцніць высілкі дзеля павялічэньня колькасьці студыюючых беларусаў з мэтай запэўненьня росту кадраў беларускай інтэлігенцыі і арганізацыі беларускіх школаў і навуковых установаў. … 14. Стварыць цэнтралю беларускіх камбатантаў-вайскавікоў у сусьветным значэньні дзеля кансалідаваньня і каардынаваньня іх арганізацыйнай работы." ды інш. Увасабленьне гэтых плянаў у жыцьцё дало б магчымасьць беларускай эміграцыі, прынамсі, "на роўных" пачувацца сярод эміграцыйных асяродкаў іншых народаў, што патрапілі пад савецкую акупацыю і, як і беларусы, спадзяваліся на падтрымку й дапамогу краінаў Вольнага Сьвету.

Аднак, на пачатку, як сьведчаць дакумэнты, якія мне пашчасціла выявіць у архіўным зборы Беларускай каталіцкай місіі ўсходняга абраду ў Парыжы, трэба было хаця б вырашыць задачу каардынацыі дзейнасьці беларускіх арганізацыяў у самім сэрцы руху - у Францыі. Вядзецца пра пратаколы паседжаньняў Каардынацыйнага камітэта беларускіх арганізацыяў у Францыі, першы зь якіх датаваны 27 лютага 1949 г., апошні (пяты) - 16 ліпеня 1950 г. (пратакол №4 адсутнічае). Першапачаткова, у камітэт увайшлі толькі дзьве галоўныя арганізацыі: Хаўрус беларусаў у Францыі на чале зь Міколам Абрамчыкам і Аб'яднаньне беларускіх работнікаў Лявона Рыдлеўскага. На другім паседжаньні ягоны склад папоўнілі яшчэ 6 арганізацыяў, "якія стаяць на грунце БНР і якія маюць самастойны статут ці рэгуляміны" (2): Беларускі выдавецкі фонд (старшыня - Ул. Шыманец), Аб'яднаньне беларускіх жанчын (старшыня - Ніна Абрамчык), Беларуская незалежніцкая арганізацыя моладзі (старшыня - Янка Філістовіч), Згуртаваньне беларускіх студэнтаў (старшыня - Міхась Наумовіч), Зьвяз Беларускіх скаўтаў (старшыня - той самы М. Наумовіч) і Беларуская каталіцкая місія (рэктар - а. Леў Гарошка). Пры гэтым, наколькі мне вядома, рэальна, а не на паперы, існавала зь іх толькі БНАМ Я. Філістовіча, ды яшчэ каталіцкая місія, якая складалася з самога айца Льва, займалася ўласьцівай для яе справай рэлігійнага душпастырства. Але колькасьць арганізацыяў была тут справай прынцыповай, бо камітэтам пастаноўлена, "што кожная Арганізацыя павінна плаціць 10% сваіх складак на карысьць САБЭ" (3).

Аналіз названых пратаколаў дазваляе меркаваць, што менавіта фінансавыя пытаньні былі галоўнай тэмай разгляду на паседжаньнях Каардынацыйнага Камітэту. На трэцім паседжаньні Уладзімер Шыманец абвясьціў, што "кожны Беларус, які прызнае сувэрэнітэт БНР, павінен самаападаткавацца, купляючы маркі БНР" (4). Пратакол пятага паседжаньня прыводжу тут цалкам, бо стаўся ён апошнім тагачасным сьведчаньнем аб'яднаўчых памкненьняў нашых палітэмігрантаў у Францыі (наступны дакумэнт за подпісам "Каардынацыйны Камітэт", які знаходзіцца ў той самай тэчцы, адносіцца ўжо да 1966 г.) і менавіта ў ім, на маю думку, хаваецца ключ да разуменьня прычынаў няўдачы гэтых памкненьняў":

Пратакол № 5.

Паседжаньня Каардынацыйнага Камітэту

з дня 16.7.50.

Прысутнічалі:

Інж. Рыдлеўскі Лявон, а. Гарошка Леў, сп. Шыманец Уладзімір, сп. Наумовіч Міхась, сп. Міцкевіч Аляксандар і Лысуха Мікола.

Парадак дня.

1) Справа Фонду 25 Сакавіка.

2) Вольныя прапановы.

Старшынёю паседжаньня быў выбраны а. Гарошка Леў.

Адн. п. 1.

Слова заняў сп. Шыманец, які накрэсьліў гісторыю нашай эміграцыі, пры гэтым зацеміў[,] што дзеяньне эміграцыі ёсьць разбітае і ня ёсьць скардынаванае. Прычым[,] як-бы мы не хацелі дагадзіць розным групоўкам, якія выдзяляюцца ў нас, трэба прыняць агульны плян. Калі-б у нас былі зарганізаваны добрыя фінансы, мы маглі-б лёгка зарганізаваць прэсу i t.d. Нажаль[,] да гэтага часу кожная краіна дзеяла на свой лад.

У сувязі з гэтым, у газэце ["]Бацькаўшчына["] быў артыкул, які заклікаў нашае грамадзянства ўліцца ў адну поласьць[,] каб дагнаць іншыя нацыі, якія стаяць шмат вышэй як Беларусы. З гэтае прычыны паўстала арганізацыя С.А.Б.Э.[,] каб каардынаваць працу розных арганізацыяў, якія параскіданы па ўсім дэмакратычным сьвеце.

Аднак[,] Урад Б.Н.Р. выдаў дэкрэт у справе Фонду 25 Сакавіка - вольныя складкі. Пры гэтым [ён] перадаў гэтую справу для выкананьня С.А.Б.Э.[,] якая можа затрымаць 25% з даходу. Маркі былі выданы[,] і абавязкова трэба прыступіць да данай акцыі, якая з[ь]яўляецца неабходнай.

Была разгледжана як, і якімі мэтадамі трэба прыступаць да беларусаў, усьведамляючы што гэтыя грошы зьбіраюцца на дзейнасьць ворганаў Б.Н.Р.

Гэтым [для] прадажу марак на Францыю быў выбран сп. Міцкевіч Аляксандар.

Сп. Шыманец зачытаў пастанову фінансавага агэнта С.А.Б.Э.

Пастаноўлена склікаць агульны сход арганізацыяў у Францыі, на парадку дня будзе: "Фонд 25 Сакавіка".

Зборка адбудзецца 23.7.50.

На гэтым паседжаньне закончана.

Старшыня паседжаньня[Подпісу няма](5)

Сакратар [Подпіс: Лысуха]

Мне не вядома, ці адбылася зборка 23 ліпеня 1950 г., але калі прыгадаць, што Сусьветнае Аб'яднаньне Беларускае Эміграцыі ціхутка спыніла сваё існаваньне неўзабаве пасьля нараджэньня, так і не выканаўшы ніводнага пункту рэзалюцыі Першага сусьветнага зьезду беларускай эміграцыі, што сам гэты зьезд так і застаўся першым і апошнім у гісторыі нашай дыяспары, што Рада БНР за наступныя 40 гадоў так і не здолела разгарнуць сваю дзейнасьць у такім масштабе, які плянаваўся для яе ў момант яе адраджэньня, то можна прыйсьці да высновы, што галоўнай праблемай, зь якою сутыкнулася кіраўніцтва беларускай палітычнай эміграцыі "бэнээраўскага" напрамку ў канцы 1940-х - пачатку 1950-х гг., сталася немагчымасьць мабілізацыі сродкаў эмігрантаў-беларусаў у памерах, неабходных для належнай рэпрэзэнтацыі Беларусі ў вачах патэнцыйных хаўрусьнікаў на Захадзе. Нежаданьне большасьці "простых людзей" са шматтысячнай, на той час, эўрапейскай беларускай дыяспары выдаткоўваць сродкі на ўтрыманьне сваіх палітычных і культурніцкіх інстытутаў сталася адной з галоўных прычынаў глыбокага крызісу беларускага эміграцыйнага жыцьця ў Эўропе (апрача, магчыма, Вялікабрытаніі), які, часткова, быў пераадолены толькі тою часткаю эміграцыі, якая неўзабаве перабралася ў Паўночную Амэрыку. Няўдалая спроба аб'яднаньня намаганьняў беларускіх арганізацыяў у Францыі для вырашэньня агульных праблемаў дыяспары, была адной зь першых прыкметаў набліжэньня гэтага крызісу.

Беларус, ён, як бачым, і ў Францыі застаецца беларусам. Заўсёдная гатоўнасьць да гуртаваньня пад патрыятычнымі лёзунгамі на словах і заўсёдная няздольнасьць выдаткоўваць на ўвасабленьне гэтых лёзунгаў у жыцьцё свае сілы, час і, асабліва, сродкі. І няма ў гэтым ні "савецкасьці", ні "калхознасьці", бо то ёсьць "адвечная песьня" непалітычнага люду, праз моц абставінаў уцягнутага ў палітычны вір…

Спасылкі:

1) Запруднік Я. Уводнае слова // З гісторыяй на "Вы". Вып.3. - Мн., 1994. - С.6-7.

2) Пратакол №2 паседжаньня Каардынацыйнага Камітэту з дня 11.9.1949 // Архіў Беларускай каталіцкай місіі ўсходняга абраду ў Францыі.

3) Пратакол №2 паседжаньня Каардынацыйнага Камітэту з дня 11.9.1949 // Архіў Беларускай каталіцкай місіі ўсходняга абраду ў Францыі.

4) Пратакол №3 паседжаньня Каардынацыйнага Камітэту з дня 25.1.1950 // Архіў Беларускай каталіцкай місіі ўсходняга абраду ў Францыі.

5) Пратакол №5 паседжаньня Каардынацыйнага Камітэту з дня 16.7.1950 // Архіў Беларускай каталіцкай місіі ўсходняга абраду ў Францыі. Рукапіс, аўтограф М. Лысухі, друкуецца ўпершыню

Артыкул быў надрукаваны ў газэце "Наша Ніва", а таксама ў сеціве:

http://www.belcentrum.org/archive/history/piesnia.htm

http://www.abcnet.com.pl/blr/artykul.php?art_id=59&token=

на галоўную

©BEZ-Info , 2003-2006
Rating All.BY Каталог TUT.BY