Пачынаючы з 17-га студзеня 2022 года Беларусь падверглася акупацыі расейскай ваеншчынай. Цяпер краіна цалкам акупавана. Акупанты праводзяць вайсковыя псэўдавучэньні (каб напалохаць Украіну) і ствараюць у Беларусі акупацыйную інфраструктуру, уводзяць кантрольны рэжым (праверка дакумантаў ва ўсіх беларусаў, што едуць самаходамі на дарогах), будуюць казармы і гарнізоны.
Захад робіць выгляд, што нічога не разумее і ня бачыць. З сур'ёзнай чэмбэрленаўскай упэўненасьцю заходнія палітыкі гавораць пра нібыта "манеўры" ў Беларусі, куды ўламаліся амаль дзьве расейскія арміі і армада збройнай тэхнікі з усёй Расеі.
Але вось, нарэшце, Захад, як быццам, пачаў нешта казаць у сваім класічным прытворным стылі. Далей цытата:
"Сэнатар-рэспубліканец Джэймс Лэнкфард унёс у верхнюю палату Кангрэсу ЗША праект «Закону аб адказнасьці Беларусі за агрэсію»...
«Беларусь упускае ў сваю краіну тысячы расейскіх вайскоўцаў на мяжу з Украінай", - гаворыцца ў праекце ...
"Праект закону прадугледжвае, што ЗША ня будуць рабіць адрозьненьняў паміж Расеяй і Беларусяй.., да Беларусі будуць ужытыя жорсткія эканамічныя і дыпляматычныя санкцыі».
Вось так, спадары Беларусы. Салдафонскае "мысьленьне" сьведчыць Вам ўсім (і патрыётам, і "невераятным", і "нашпрэзідзентам", і "зачэмэтатязык") сьведчыць, што гэта, аказваецца, Вы вінаватыя ў тым, што Вас акупавалі і ўзялі ў закладнікі ворагі нацыі. Таксама Вы, маўляў, не закладнікі агрэсараў, Вы "агрэсары". Па-іхнаму, па-заходняму, гэта не расейскіх акупантаў, а Вас трэба прыдушыць эканамічнымі санкцыямі за тое, што Вас, закладнікаў, гнобяць, кідаюць ў турмы, катуюць, звальняюць з працы, зьневажаюць лукашысты і ворагі чалавецтва. Санкцыі на Вас, прыдушаных у вязьніцах, абрабаваных, запалоханых, бяспраўных ды беспрацоўных - санкцыі! За Лукашэнкам - Пуцін. А вы - хто?