You are here

КВАЗІ-СТРАЙК, ПСЭЎДА-АПАЗЫЦЫЯ, ЗДРАДА ЛУКАШЭНКІ

large_1521897778_12.jpgТолькі беларуская нацыянальна-вызвольная сіла, толькі беларускі нацыянальны адраджэнскі дэмакратычны рух, толькі сьведамая нацыянальная палітыка можа забясьпечыць вольную будучыню вольнай Беларусі. Хто спадзяецца на іншых -- ня майце ілюзій.

Гуртуймася ў рух «Вольная Беларусь». Стварайма падземную Беларускую Вызвольную Армію.

Цяперашняя апазыцыя, раскручаная ў канфармісцкіх мэдыях (групоўкі вакол Латушкі, Ціханоўскай і інш.), -- гэта праява і ўвасабленьне маскоўскай палітыкі, прарасейскай рыторыкі і шкодных дзеяньняў для Беларускай нацыі і незалежнай Беларусі. Дэманстрацыя барацьбы (замест рэальнай барацьбы), выяўленьне аднабокага, залежнага ад чужых уплываў пратэсту, зварот да чужых сілаў і чужой палітыкі насуперак нацыянальным інтарэсам ёсьць характэрнай дзейнасьцю псэўдаапазыцыі.

Формай палітыкі псэўдаапазыцыі (а на справе -- сутнасьцю) зьяўляецца імітацыя, прафанацыя, фальш і хлусьня. Зьвязана тое з дабраахвотнай фінансава-палітычнай залежнасьцю ад чужой улады і чужых структур, абумоўлена адсутнасьцю беларускіх палітычных ідэалаў і беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

Псэўдаапазыцыя змыкаецца з палітбізнэсам на нізкім узроўні, схільная да здрады нацыянальных каштоўнасьцяў. Псэўдапазыцыя канфармісцкая, кампрадорская, прарасейская, прабрусэльская, але не нацыянальная, не прабеларуская. Слова "Беларусь" на вуснах яе групнікаў ня мае нацыянальнага сэнсу. Выступаючы супраць рэжыму Лукашэнкі, псэўдаапазыцыя не імкнецца да нацыянальнай улады, але адыгрывае ролю прылады чужой палітыкі і чужых інтарэсаў.

Псэўдапазыцыю нельга падтрымліваць, бо падтрымка абернецца на шкоду Беларусі. Псэўдаапазыцыю трэба адкінуць і ліквідаваць разам з рэжымам Лукашэнкі.

Беларусы могуць дакладна тое абазначыць, бо маюць вялікі вопыт назіраньня за такой псэўдаапазыцыяй, пачынаючы з 2000-га года, калі яе стварыў Ганс-Георг Вік на грошы Эўразьвязу ў супрацоўніцтве з лукашысцкім КГБ (пра што той Вік публічна засьведчыў).

У квазі-палітыкаў ўжо склалася звычка, стэрэатып імітацыі псэўдазмаганьня з дыктатурай. Звычка ўзбуджае хэпэнінгавае выяўленьне пратэсту, узьдзейнічае ня толькі на паводзіны, але і на сьвядомасьць палітычна заангажаваных людзей, якія не ўяўляюць іншага змаганьня з рэжымам, як блефаваньне, дэманстрацыя пазыцый, імітацыя намераў і агучваньне авантур.

Вось назіраем чарговыя пэрлы словаблудзтва і гапонаўшчыны -- заклікі да ўсеагульнай хатняй забастоўкі, заявы пра яе пачатак і хлусьню пра шматтысячнае трыюмфальнае шэсьце забастовачнага сядзеньня людзей па кватэрах ды мільённы патэнцыял нявыхаду на працу ў пэрспэктыве.

Тым часам ніякай хатняй забастоўкі не існуе, няма яе і ў прынцыпе ня будзе ў цяперашняй сітуацыі тэрору і рэпрэсій. Забастоўка -- гэта масавыя, гучныя і салідарныя зборныя дзеяньні (праява калектыўнай сілы), але не індывідуальнае ціхае сядзеньне на кухнях, зь якіх кожнага (альбо выбарачна) можна выцягнуць, кінуць за краты і звольніць з працы за прагул.

Былі ўжо раней інфантыльныя заявы віленскай групоўкі "дзеячоў" пра забастоўку, пра прымус Лукашэнкі да перамоваў і нават ультыматум рэжыму (якога рэжым не заўважыў).

Але ёсьць справы сур'ёзныя, якія цяпер трэба рабіць кожны дзень, спакойна, упарта і жмудна, як гэта рабіла некалі польская "Салідарнасьць" у час ваеннага стану і рэпрэсій. Рабіла падпольна, нясьпешна, пасьлядоўна і -- перамагла.

Ёсьць беларусы, якія тое разумеюць, робяць і ведаюць, што, каб перамагчы рэжым, прыдзецца разабрацца і з халяўнай русіфікаванай напоўненай агентурай псэўдаапазыцыяй, якая імітуе змаганьне за выбары пры Ярмошынай ў антылюдзкім рэжыме ды агітуе за эканамічныя санкцыі супроць Беларусі.

Асабліва па шкодніцку гэта ўспрымаецца цяпер, калі узурпатар Лукашэнка антызаконна і злачынна падпісаў расейскія гібрыдна-акупацыйныя паперы і планы аб пакрокавым захопу Беларусі Расеяй (28 маскоўскіх крокаў) на бліжэйшыя два гады. Тое што гэтыя «падпісаньні» антызаконныя з боку Лукашэнкі, тое што яны нікчэмныя і ня маюць законнай праўна-юрыдычнай асновы, – няхай нікога не супакойваюць.

Тут здрада Радзімы. Вар'ят прадае беларускую дзяржаву па кавалках нацысцкаму рэжыму ў Маскве. Супраць Беларусі і Беларускай нацыі вядзецца гібрыдная крымінальная вайна з боку пуцінскай Расеі. У расейскіх агрэсараў, як кажуць палітычныя крымінальнікі, «не да законаў». Для Пуціна – галоўнае вынік, ціхі захоп краіны, ваенныя базы ў Беларусі, а там і пастраляць можна, і Эўропа праглыне. Рыхтуймася да абароны Радзімы ўсімі сродкамі.

Заклік да хатняй паасобкавай "забастоукі" ў пэрыяд рэпрэсіяў і тэрору выглядае ня тое што нясьпелым рашэньнем, але бяссільнай банальнай авантурай, без характэрнай для забастоўкі дэманстрацыі калектыўнай пазыцыі і сілы. Тут не барацьба. Тут прафанацыя, імітацыя сабатажу. Ня больш.

Пытаньне толькі ў тым, навошта натхняльнікі такіх паводзінаў для беларусаў тое прыдумалі?.. І навошта публічна хлусяць аб нібыта масавым шэсьці неіснуючай пакватэрнай забастоўкі?

4 лістапада 2021 г. Зянон ПАЗЬНЯК

Навіны Беларусі: 
Навіны дыяспары: 
У сьвеце: