У суботу 29 кастрычніка беларусы Бэльгіі і Францыі сабраліся разам у Беларускай Грэка-Каталіцкай царкве ў Антвэрпане, каб успомніць сваіх дзядоў і разам памаліцца за душы родных і блізкіх, а таксама за душы тых, хто аддаў сваё жыцьцё за Веру Сьвятую і незалежнасьць і свабоду роднай Бацькаўшчыны. Канешне, аддаць даніну малітоўнай памяці сваім продкам і спачылым героям прыйшлі далёка не ўсе, што аказаліся на чужыне – адчуджэньне ад традыцый свайго народу моцна засела ў сэрцах шматлікіх беларусаў. Абыякавасьць (а нярэдка і варожасьць) да старадаўняе Хрыстовае веры, да ўласнае культуры і мовы, спараджае і абыякавасьць да сваіх бацькоў, дзядоў, прашчураў. Але, як кажуць у народзе, - “Бог ня Цімошка, бачыць нямножка”, таму і застаюцца абыякавыя бяз Божага блаславеньня і пакутуюць ад сваёй жа неразважлівасьці...