сб, 01/12/2007 - 21:04 — bez-admin
У пятніцу мінуў тэрмін афіцыйнага адказу, які павінна была даць Генэральная пракуратура Рэспублікі Беларусь сваякам зьніклых апазыцыйных палітыкаў.
30 кастрычніка сваякі выкрадзеных у Беларусі апазіцыянэраў Зінаіда Ганчар, Ірына Красоўская, Сьвятлана Завадзкая, Вольга Завадзкая, а таксама іх юрыдычныя прадстаўнікі Гары Паганяйла й Алег Воўчак перадалі Генэральнаму пракурору Беларусі патрабаваньне завершыць сьледзтва й прыцягнуць да адказнасці злачынцаў.
Да хадайніцтва быў далучаны „Абвінаваўчы акт” – дакумэнт, падрыхтаваны юрыстамі, у якім выкладзеныя меркаваньні аб тым, хто вінаваты ў гэтых злачынствах, - патлумачыў адзін з аўтараў „Абвінаваўчага акту” юрыст БXК Гары Паганяйла.
Сваякі зьніклых папярэджваюць, што гэта быў апошні зварот у беларускія юрыдычныя ворганы, - зазначае спадар Паганяйла.
Г. Паганяйла: Згодна з заканадаўствам, нам павінны даслаць адказ. Прычым адказ павінны былі даць цягам 3 дзён, таму што мы скіравалі ў пракуратуру хадайніцтва й дадалі ўсе неабходныя дакумэнты. Я не выключаю магчымасьці таго, што пракуратура палічыла наш зварот не пацэсуальным дакумэнтам, а проста перапіскай ведамства з грамадзянамі. Таму генпракуратура мела 30 дзён на адказ. Мы пазначылі, што будзем чакаць на адказ цягам месяца, а пасьля прымем іншае рашэньне.
Тэрмін 30 дзён закончыўся ў пятніцу. Цяпер юрыдычныя прадстаўнікі сваякоў загінулых апазыцыянэраў разглядаюць магчымасьць рэалізацыі міжнародных мэханізмаў для вырашэньня праблемы зьніклых.
Polskie Radio
Навіны Беларусі: