You are here

Любоў мацнейшая за эгаізм і нянавісць

16 жніўня 2007 г. Бэнэдыкт XVI падчас Эўхарыстыі ў Кастэль Гандольфа казаў пра моц любові, якая здольная перамагчы эгаізм і нянавісць. У мясцовым парафіяльным касцёле Святы Айцец цэлебраваў святую Імшу ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Маці Божай. У сваёй гаміліі Папа засяродзіўся на літургічных чытаннях і апакаліптычным вобразе вялікага вогненнага цмока, які з’яўляецца сімвалам абсалютнага эгаізму, тэрору і насілля. Святы Айцец узгадаў словы святога Аўгустына, які лічыў гісторыю чалавецтва няспыннай барацьбой паміж любоўю і эгаізмам. «Гэта датычыць не толькі часоў Рымскай Імперыі, але таксама і нядаўніх часоў», — падкрэсліў Бэнэдыкт XVI. «Мы бачым, як нанава праявілася сіла чырвонага цмока ў вялікіх дыктатурах мінулага веку. Моц нацызму і сталінізму пранікала ў кожны закуток. Здавалася немагчымым, што вера зможа перажыць дыктатуры. Аднак і ў гэтым выпадку любоў усё ж такі перамагла нянавісць», — адзначыў Святы Айцец. Бэнэдыкт XVI перакананы ў тым, што і сёння зноў існуе той цмок у матэрыялістычных ідэалогіях, паводле якіх думка пра Бога, спаўненне Божых загадаў з’яўляецца абсурдам, чымсьці неактуальным. Яны абвяшчаюць, што трэба жыць выключна для сябе, браць ад жыцця ўсё, што яно ў дадзены момант прапануе. І зноў здаецца немагчымым супрацьстаянне дамінуючай ментальнасці, якая мае вялікую сілу, як інфармацыйную, так і прапагандысцкую. «І сёння здаецца, што немагчыма перамагчы цмока. Аднак Бог мацнейшы за цмока. Перамагае любоў, а не эгаізм», — падкрэсліў Папа. Бэнэдыкт XVI растлумачыў сімвалічнае значэнне апакаліптычнай Жанчыны, якая пакутуе ад боляў парадзіхі і ўцякае ў пустыню ад цмока. Яна з’яўляецца вобразам пілігрымуючага Касцёла, што церпіць бясконцыя пераследы, і нясе Бога ў свет, поўны насілля. «Ва ўсіх пакутах Касцёл праз цярпенні перамагае, як знак прысутнасці Бога ў свеце нянавісці і эгаізму» — сказаў Папа. Catholic.By
Духоўнае жыцьцё: