У нядзелю 16 лістапада ў Беларускай царкве ў Антвэрпане адбылося ўрачыстае сьвяткаваньне памяці сьвятога мучаніка Язафата, архібіскупа Полацкага.
Боскую Літургію, на якую сабралася каля сотні вернікаў, адправіў сабор духавенства: пробашч Беларускай Грэка-Каталіцкай парафіі сьвятар Ян Майсейчык, пробашч Украінскай Грэка-Каталіцкай парафіі ераманах Ігар Бязкосты, пробашч Фламандскай Рыма-Каталіцкай парафіі Сьвятога Сэрца сьвятар Язэп (Жос) Гэндрыкс ды дыякан Вім Тобэ.
Хор “Анельскі сабор” сваімі ўрачыстымі сьпевамі стварыў сапраўдную атмасфэру сьвята і малітвы. У часе Набажэнства адбылося асьвячэньне пачэснага Крыжа Гасподняга, выкшталтаванага паводле старадаўняй іканаграфічнай традыцыі з постам і малітвай бельгійскім іканапісцам Франсуа Вохтэнам, які таксама прыняў удзел у Набажэнстве разам са сваёй жонкай, таксама іконаграфам, Марыетай Вэргувэн.
Пасьля Набажэнства ўсе прысутныя прынялі ўдзел у сьвяточным сталаваньні, рупліва прыгатаваным беларускімі верніцамі.