You are here

ЯК БЕЛАРУСЬ ПІХАЮЦЬ У КАБАЛУ, АБО ХТО ІГНАРУЕ КАНФЛІКТЫ ІНТАРЭСАЎ

racija.jpgНа Беларусь насоўваецца рэйдарскі захоп. Расія са свядомай ці бессвядомай дапамогай іншых краін і беларускага альянсу карысных ідыётаў і простых здраднікаў заганяе яе ў кабалу, даўгавую яму, прымушаючы яе адмовіцца ад фармальнага і фактычнага суверэнітэту.

З аднаго боку гэта вынікае з аналізу бягучых падзей, і апаненты, як заўжды, могуць запярэчыць, маўляў, што вы фарбы згушчаеце, канспіралогія нейкая, і ўвогуле гэта не краіну душаць, а рэжым Лукашэнкі. Але з другога боку, гэтыя падзеі прагназаваліся тым, хто якраз супраць дыктатара Лукашэнкі, хто апісваў гэтыя падзеі як рэйдарскі захоп менавіта краіны і, больш таго, хто адрасаваў гэта як папярэджанне самому Лукашэнку. Задушэнне Беларусі фінансава-эканамічнымі метадамі як найбольш перспектыўны варыянт расійскага аншлюсу апісваў Уладзімір Мацкевіч. І калі вораг сапраўды пачынае карыстацца брэшамі ў абароне дзяржавы, якія ласкава апісаў Мацкевіч, то не выпадае рабіць выгляд, што ён меў на ўвазе іншае. І калі нехта ў супадзенні змагання з рэжымам і змагання з краінай выбірае не заўважаць змагання з краінай, то ён здраднік сваёй краіны.

З часу захопу Крыма Расіяй беларуская дыпламатыя падавала сігналы Захаду, што хоча падтрымкі і бачыць небяспеку для незалежнасці Беларусі. Сігналы былі пачуты, і раней антызаходняя і зацыкленая на Расіі афіцыйныя Беларусь пачала паварочвацца да Захаду, займацца шматвектарнасцю і дыверсіфікацыяй, ладзіць усялякія адлігі ў грамадскім сектары і аслабляць задушэнне нацыяналізму. Змена вектара не засталася незаўважанай, і Расія пачала даціскаць Беларусь у плане колішніх абавязацельстваў па саюзнай дзяржаве, па крэдытах, ільготах, па нафце, газе і г.д. Пачалася эпапея з узгадненнем “дарожных карт”, якая суправаджалася перыядычнымі палётамі Лукашэнкі да Пуціна і крыкамі “нас усіх здалі” у мясцовых СМІ і СМІ суседзяў. З картамі цягнулі і цягнуць доўга. Такія вось вязкія перамоўшчыкі з беларускага боку.

Расія ўжо тады пачала заганяць Беларусь у кабалу. Якраз таму Беларусь і пачала дыверсіфікаваць свае грашовыя патокі. Пра тое, што РФ будзе захопліваць незалежныя краіны рознымі метадамі, у тым ліку эканамічнымі, напісана даўно. Праграмны артыкул “Пра расійскі імперыялізм і яго небяспеку” Зянон Пазняк апублікаваў на пачатку 1994 года, за паўгода да абрання Лукашэнкі прэзідэнтам. Лукашэнка, прыйшоўшы да ўлады, прывязаў Беларусь да Расіі эканамічнымі сувязямі. Ці то яму было лягчэй па накочанай каляі, ці то ён эксплуатаваў рэваншысцкія настроі Крамля, заляцаючыся з лозунгамі пра дружбу народаў, ці то расчышчаў глебу для будучага ўступлення на расійскі трон – але рабіў ён гэта вельмі доўга і з гэтым багажом прыйшоў да крымскай вяхі.

І ўлада Лукашэнкі, і існаванне Беларусі зараз у вялікай ступені засноўваецца на грошах. Завязваць грашовыя патокі на адной краіне, прытым той, якая мае імперскія планы, - крытычная рызыка. І ў той жа час гэта статус-кво, данасць, з якой трэба лічыцца. Якраз таму Беларусі і патрэбныя новыя сувязі, новыя кантракты, новыя заробкі – каб не залежаць ад манапаліста.

Міжнародная дыспазіцыя такая. Спачатку Захад нармальна супрацоўнічае з Беларуссю, шле сустрэчныя сігналы накшталт “Няблага было б Лукашэнку стаць такім, як Ціта адносна Сталіна”, дапамагае ў нафтавых кантрактах з дапамогай камбінацый на біржах, свопах і іншых хітрых аперацыях транснацыянальнай эканомікі, цудоўна разумеючы, што Беларусь пад прэсінгам і яе фінансавая незалежнасць пад пагрозай. Захад цудоўна бачыць намер Расіі з’есці Беларусь. Праз пэўны час усё мяняецца, Захад слепне, забывае, што Беларусь ратуецца ад Расіі і лічыць яе практычна з’едзенай Расіяй. Рэзка згортваецца супрацоўніцтва і крокі насустрач, геапалітычныя выгады незалежнай Беларусі адмятаюцца, пры любой нагодзе уводзяцца санкцыі. Асабліва ў сувязі з інцыдэнтам з Ryanair, у якім былі задзейнічаны ФСБшнікі, якія здалі Пратасевіча і якія, паводле меркавання швейцарскага эксперта, і пісалі фальшыўку ў аэрапорт з падказкай пра дэлегата Дэльфійскага форуму (калі б фальшыўку пісалі беларусы, яны сабе не падказвалі б). Урэшце ІКАО не можа высмактаць з пальца прэтэнзій і улік дагэтуль, адкладае разгляды, а санкцыі і блакада Беларусі цягнецца.

Нельга сказаць, што між Захадам і Расіяй “проста супала”, што эканамічны байкот Беларусі пачаўся тады, калі ён ёй найбольш нявыгадны з-за расійскага ціску. Захад усё ведаў. Можна гадаць, якімі бізунамі і пернікамі Расія стымулюе такія зладжаныя паводзіны Захаду, аднак выразна іх логіку можна зразумець на прыкладзе Украіны. Майдан, акупацыя Данбасу і захоп Крыму таксама пачаліся з эканамічных ініцыятыў Захаду. Украіна хацела ўступіць у эканамічную асацыяцыю з ЕС, насуперак гэтаму Расія спакушала Януковіча сваімі вялізнымі крэдытамі, каб не ішоў да ЕС. Потым – самі ведаеце. Гэтыя падзеі Расія ўспрыняла як экспансію Захаду, парушэнне нейкіх ранейшых дамоўленасцей або сваіх чаканняў, таму зрабіла свой контрудар. Па гэтай жа логіцы і наладжванне Захадам адносін з Беларуссю для Расіі – такая ж экспансія і вырыванне Беларусі, таму Расія і супрацьдзейнічае. Дамовілася яна з Захадам на словах ці націснула на яго, ці падкупіла, ці зрабіла якісь бартар – нюансы. Можна зыходзіць з таго, што Расія паказала Захаду непрымальнасць стымулявання Беларусі і што ён паслухмяна згадзіўся.

Разгледзім беларускія бакі працэсу. Гэта тыя беларускія палітыкі, якія адначасова трансліруюць Захаду пасылы аб санкцыях, “агучваюць” іх для фармальнасці як прадстаўнікі народу – і ў той жа час вядуць перамовы з афіцыйнай Расіяй. Давайце не будзем іх называць здраднікамі адразу, а разбяромся дэталёва. Па-першае, яны аргументуюць, што ў Беларусі ад Расіі шмат залежыць і таму з такім партнёрам і бягучаму, і будучаму кіраўніку трэба дамаўляцца. Па-другое, яны дэманструюць Расіі, што яны больш дагавораздольныя, больш прадказальныя, больш сумленныя за бягучага Лукашэнку.

Добра, дапусцім. Ёсць аб’ектыўныя фактары, якія могуць не падабацца, але з якімі трэба лічыцца. У Нідэрландаў ёсць мора, якое іх падтоплівае, супраць яго не пойдзеш. Але ёсць яшчэ і суб’ект, за чые інтарэсы палітыкі змагаюцца. У Нідэрландаў суб’ект – самі Нідэрланды і іх жыхары, а мора – аб’ект, стыхійны такі. У Беларусі суб’ект – сама Беларусь і яе народ, а Расія – не стыхія, а іншы суб’ект са сваімі інтарэсамі. Дзе ў развагах новых сяброў Расіі – гэтых усіх штабістаў – інтарэсы беларусаў у параўнанні з інтарэсамі расіян? Яны кажуць, што з Расіяй як з аб’ектыўнасцю не варта сварыцца, яны кажуць, што Расіі трэба паказаць нейкую сваю нармальнасць – і тады яна дазволіць ім кіраваць або зробіць на іх стаўку. Ці разумеюць яны, што кажуць пра гатоўнасць служыць інтарэсам Расіі? Ці разумеюць яны, што служыць інтарэсам Расіі так, каб падабацца Расіі, больш чым падабаецца Лукашэнка, - гэта служыць ва ўрон Беларусі?

Проста паглядзіце з эканамічнага гледзішча, паводле схемы рэйдарскага захопу. Беларусь мае даўгі, абавязкі, абяцанні і г.д. перад Расіяй. Яны ёсць пры бягучым рэжыме, яны застануцца пры наступным. Зараз Расія цісне на Беларусь, каб канверсаваць гэтыя фінансавыя цяжары у геапалітычны эквівалент – каб пазбавіць Беларусь суверэнітэту за даўгі. Яна будзе рабіць гэта і пры новым кіраўніку. І калі Вячорка-малодшы або Ціханоўская кажа, што абавязкі і даўгі, якія нарабіў перад Расіяй Лукашэнка, новая ўлада Беларусі сплаціць і нават будзе больш карыснай для Расіі, то я маю пытанні да іх:

- А ў чым ваша карысць для Беларусі?
- Ці разумееце вы з гэтых размоў, што Расія выгрызае зубамі свой дзяржаўны інтарэс, а не дапамагае беларускаму народу ў яго лепшай долі?

Здаецца, гэта ж элементарна. Калі Расія – сяброўка беларусам, дык хай даруе нам даўгі. Калі вы лічыце Лукашэнку падонкам, спішыце з нашага народа яго памылкі перад Расіяй. Але дзяржаўныя мужы, якія клапоцяцца пра тое, як несці грошы ў скарбонку сваёй краіны, здаецца толькі на расійскім баку стала (або экрана ў Zoom).

Як бы я хацеў, каб беларускі палітык сказаў “Мы не будзем аддаваць даўгі, якія нарабіў злачынец Лукашэнка”. Гэта быў бы подзвіг калі не Уга Чавеса, то, прынамсі, Ісландыі. Мроі... Але нешта не чуваць і годных фармулёвак пра тое, што новая ўлада паклапоціцца пра даўгі перад іншымі краінамі ў той ступені, у якой гэта найменш шкодзіць беларускаму грамадству і суверэнітэту. Нешта не чуваць фармулёвак, адрасаваных менавіта беларусам. Беларусы не разглядаюцца.

Паводле логікі даўжніка і крэдытора выглядае, што ёсць людзі, якія хочуць скінуць з улады бягучага даўжніка, каб стаць новым даўжніком. Яны рэкламуюць сябе крэдытору як лепшага даўжніка, лепшага выканаўцу абавязкаў. Іх стаўка – не на грамадзян сваёй краіны, якія ў той ці іншай ступені пяроймуць гэты доўг, а на ліхвяра, які трымае краіну і народ у кабале. Яны прапануюць ліхвяру больш выгадныя ўмовы – але больш выгадныя самому ліхвяру. *Мяркую, гэта вычарпальнае тлумачэнне, чаму гэтыя людзі выступаюць у якасці здраднікаў?*

Але можна і пашырыць. Ёсць такое паняцце “канфлікт інтарэсаў”. У вялікім бізнесе з гэтым сур’ёзна. Калі супрацоўнік ці дырэктар адной карпарацыі афіляваны з іншай, напрыклад, мае сяброў, сваякоў, яе акцыі, або гэта яго мінулая праца і г.д. і да т.п., то можа ўзнікнуць канфлікт інтарэсаў. Ён будзе менш спрыяць сваёй бягучай карпарацыі і ў нечым дапамагаць той іншай. Чалавек, афіляваны з Pepsico, будзе мець канфлікт інтарэсаў падчас працы ў Coca-Cola. Можаце падставіць Intel і AMD. А можаце – Nokia і Microsoft. Помніце, як CEO Nokia загубіў легендарную кампанію, прадаўшыся Microsoft’у? Дык вось у электаральна-рэйдарскай гісторыі Расіі і Беларусі ёсць адно, выбачайце за каламбур, тлустае ўвасабленне канфлікту інтарэсаў.

Расія і Беларусь – зацятыя канкурэнты. Беларусь выгрызае магчымасці захавацца. Расія выгрызае саму Беларусь. Усе чулі пра Грузію, Данбас і Крым. Усе бачылі ланцугі за незалежнасць Беларусі. Усе чулі пра гадавіны БНР і ўбачылі рэнесанс бела-чырвона-белых сцягоў, Пагоні і вышыванкі яшчэ да таго, як гэта стала “невероятным”. І тут 2020 год, выбары, і галоўны кандыдат – хто б вы думалі? Галоўны клерк філіяла дзяржаватворчай карпарацыі Расіі, яе стрыжня і хрыбта – Газпрама.

Логіка канфлікту інтарэсаў падказвае, што ва ўмовах рэйдарскага захопу гэтая асоба – проста чырвонае святло і чырвоны ўзровень небяспекі. Захоп, які робіцца камерцыйнымі метадамі, без сумнення будзе працягвацца камерцыйнымі метадамі. Чалавек, які дваццаць з нечым гадоў лаяльна служыў карпарацыі, не лез у палітыку, не наракаў на адсутнасць мінімальнага пакета акцый, - гэта суперлаяльны да карпарацыі чалавек, гэта яе рука і яе агент. Сама карпарацыя “Газпрам” таксама – гэта ўвасабленне суседняй краіны. Гэта яе блакітная паходня свеціць на экранах у рэкламе, гэта яе Чарнамырдзін зрываў імпічмент у Беларусі ў 1996 годзе і ён жа прасоўваў расійскую экспансію ва Украіне, гэта яна падкупіла Шродэра і не яго аднаго ў Германіі.

І пры нагодзе гэты клерк, Віктар Бабарыка, адкрыта агучвае перспектывы Беларусі – яна не выжыве эканамічна, а калі ўвойдзе ў склад Расіі – людзі толькі ўсцешацца. Гэта не проста настрой ці бачанне прыватнага чалавека, гэта пазіцыя карпарацыі, якая ў сваю чаргу з’яўляецца пазіцыяй краіны – Расіі. Банальная карпарацыйна-камерцыйная логіка, і ажно дзіўна, няўжо ў “штабах” толькі мастакі вясёлых калажаў і няма эканамістаў?

Можаце, колькі хочаце, казаць, што няма доказаў, што домыслы, што канспіралогія, што рэжым хлуслівы, каб ігнараваць праблемную сувязь Бабарыкі і Газпрама. Але ў бізнесе з ацэнкай канфлікту інтарэсаў спадарожнічае ацэнка рызык. І ў ёй дзейнічаюць не даведкі з пячаткамі ці расшыфроўкі паліграфа, а імавернасці. *Калі вы не бачыце гэтую крытычную імавернасць і гэтае зашкальванне рызыкі, то вам не месца нават сярод спецыялістаў па выдачы крэдытаў.*
Але якая сувязь між штабамі і Бабарыкам, ці не мажу я ўсіх адной фарбай? Сувязь непасрэдная. Расія хоча непасрэдна Бабарыку. Яна пра гэта дамаўляецца з беларускімі ўладамі, пра што потым гаворыць Латушка і дае тлумачэнні НН. Пра яго прагаворваецца Bloomberg. На яго тоўста намякае Ціханоўская, маўляў, а потым мы выберам менеджара (і гэта не пра яе мужа). І ніякі Вячорка гэтаму не пярэчыць. І ад іх будуць патрабаваць чалавека, вернага інтарэсам Расіі і яе карпарацыі.

Таму, колькі б не гулялі ў дыпламатыю наіўныя хлопчыкі, думаючы, што падладжваннем да крэдытора яны змогуць яго перагуляць, іх вядуць да таго, каб да ўлады прыйшоў лаяльны і дысцыплінаваны выканаўца карпарацыйных каштоўнасцей, які даказаў сваю вернасць двума дзесяцігоддзямі супрацоўніцтва і публічна агучыў курс на здачу Беларусі Расіі.

Хай гэтыя хлопцы ў душы не здраднікі. Усе мы помнім іх моўныя шоу, іскрамётны піяр і вясёлыя (хоць часта і прымітыўныя) калажы пра беларушчыну. Помнім даволі патрыятычную біяграфію. Матывацыю іх з першага разу зразумець цяжка, а потым відаць, якая яна пакручастая. Але незалежна ад таго, злы намер гэта або наіўнасць, негатыў у тым, што такім дрэнным прыкладам псуюцца беларускія патрыёты, беларускія нацыяналісты. Той, хто мусіў быць ім прыкладам, паказвае ім толькі тое, што трэба ніжэй прагнуцца перад ліхвяром, каб здабыць яго ласку. Паказвае, што трэба прадацца танней, каб адышоў цяперашні даўжнік. На гістарычным пераломе гэта непрымальна.

З зачараванага кола залежнасці перад Расіяй трэба выходзіць. Некалі ў яе ўступіў Кебіч. Потым у яе ўступіў Лукашэнка. Будзе ганебна, калі новы кіраўнік Беларусі ўзмоцніць гэтую брыдкую практыку (калі Беларусь захаваецца і калі ў яе будзе кіраўнік). Некалі краіны Балтыі вытрымалі ціск Расіі і перажывалі марозныя зімы, бо ў іх народаў хапіла волі пры недахопе грошай. Сённяшнія беларускія штабы не выхоўваюць волі і не робяць на яе стаўку, а культывуюць ганебнае поўзанне перад ліхвяром. Маўляў, мы вінныя Расіі – яна мае права намі камандаваць. Ці надыдзе некалі выхад з рабскай пазіцыі? Ці здарыцца цуд, як у фільме “Адважнае сэрца”, калі шатландцы перасталі поўзаць перад англічанамі?

Асобна скажам і пра Мацкевіча. Ён распісаў, як Расія будзе праводзіць рэйдарскі захоп Беларусі. Ён абазначыў эканамічнае задушэнне як перспектыўны сцэнарый аншлюсу. І ў адказны момант гэты чалавек, які хваліўся, як ён кансультаваў бізнесменаў, не заўважыў нічога дзіўнага ў тым, што на выбарах вылучаецца Бабарыка. “Бабарыка звар’яцеў?” або “Я не думаю, што ён стаўленік Масквы” – казаў той, хто нядаўна крычаў, што рускія ідуць і звяртаўся да Лукашэнкі з папярэджаннем, што рускія плануюць рэйдарства. Нагадвае “Джэнтльменаў удачы”. Тут помню, а тут не помню. Вось жа ён, веснік рэйдарскага захопу, пад носам. Deus ex Gazprom у плоці. Таму калі публічныя спецыфікацыі Уладзіміра Уладзіміравіча спраўджваюцца, то гэта сведчыць пра яго вялікі талент. Але калі ён не прызнае ўласных прадказанняў, то тут трэба падумаць пра яго матывацыю і на чыім ён баку. І перачытаць усе ранейшыя “катрэны” Юстаса нябачнаму Алексу.

Што да Захаду, то ён яшчэ можа дапамагчы Беларусі. Пасіўнае спрыянне Расіі ва ўдушэнні Беларусі можа зацягнуцца, і за гэты час Захад можа адчуць яшчэ больш таксічныя наступствы, чым зазнаў дагэтуль. Некалі Беларусь паставіла на месца Бабіча, які пагражаў Захаду і правакаваў яго паводзіць НАТО да граніц. Беларусі гэтага не трэба было. Тады афіцыйныя ідэолагі агучылі дактрыну “стратэгічнага перадполля”, г.зн. Беларусь выступала буферам на падыходах НАТО да Расіі. Няўжо Захад гэтага не ацаніў і хоча атрымаць востры таран замест мяккага буфера?

Беларусь сапраўды зараз у вялікай залежнасці ад Расіі, што відаць па паводзінах не толькі Лукашэнкі, але і пратэсных штабоў, якія не здолелі прыдумаць нічога лепшага за працяг стаяння на каленях. Але калі Захад лічыць, што зробіць лепей, упіхваючы Беларусь у Расію, то ён як бы суне нос у грашовыя спрэчкі скандальнай парачкі, што жыве па суседстве. Будзем шчырымі – у Беларусі свой кашалёк. Гаспадарчыя спрэчкі, даўгі і падобнае – жыццёвыя акалічнасці, якія вырашаюцца. Беларусь не імкнецца стаць рабыняй Расіі, і спрыяць такому, так сказаць, эканамічнаму насіллю, – значыць рабіцца ворагам Беларусі. І тым горш для ворагаў Беларусі, бо ў выпадку аддачы яны не будуць ведаць, ад каго яна прыйшла – ад Беларусі ці ад Расіі.

Кожная краіна мае сваю спецыялізацыю, свой асноўны заробак. Калі ў яе моцная прывязка да пэўнай краіны, то яна можа стаць як яе целаахоўнікам, так і яе галаварэзам. Даволі розныя прафесіі, між іншым. Як буфер і таран. Вядома, рызыкоўна ўзбагачаць кагось, хто мае галоўнага кармільца, які бачыць ў любым спрыянні спробу падкормлівання і пераваблівання. Аднак і ландскнехт, калі адчуе, што яго хочуць зрабіць рабом, можа натварыць бед. Але я не думаю, што ў часы, калі транснацыянальныя карпарацыі дзеляцца грашыма і абавязацельствамі шляхам хітрых узаемазалікаў і электронных камунікацый, для ландскнехта не знайшлося б падпрацоўкі. Магнатам ён не стане, але ўжо ж не раб.

І ўвогуле было б казкай, калі б нехта дапамог Беларусі пазбавіцца кабальных абавязацельстваў перад лютым ліхвяром. Зусім неабавязкова перадаваць грошы дыктатару ў рукі. Можна і самому ліхвяру, узяўшы на сябе доўг Беларусі. У любым разе, не таму, у каго канфлікт інтарэсаў напісаны на твары. *Не трэба Беларусі лёс Нокіі.*

А ўвогуле Беларусь міралюбная краіна. У Мінску яшчэ перамовы пра Данбас былі. Цяпер іх па імені нашай сталіцы і называюць.

Віталь Станішэўскі