You are here

ХРЫСТОС НАРАДЗІЎСЯ!

24122021Надыходзіць вялікае Хрысьціянскае сьвята Нараджэньне Хрыстова. Віншую сяброў і ўсіх беларусаў. Вечарам 24 сьнежня людзі зьбіраюцца за сьвяточным сталом на Куцьцю, моляцца, ламаюць і дзеляцца аплаткамі, сьпяваюць калядныя песьні дзеля Нараджэньня Хрыста -- Бога, у вобразе чалавека.

Гэта ёсьць сьветазарная найвялікшая падзея -- зьяўленьне Таго, Хто адчыніў людзям дарогу ў Вечнасьць, паказаў веліч чалавека, якую ён можа дасягнуць шляхам веры, любові, цярпеньня і рабленьня дабра.

Дзеля Вечнасьці і свабоды людзей, дзеля збаўленьня чалавецтва ад сьмерці і зла, Хрыстос прынёс у ахвяру зямное Сваё жыцьцё, зазнаўшы пакуты на сьмяротным Крыжы як жывы чалавек.

Зямное жыцьцё Ісуса Хрыста ў сакральнасьці зьяў -- гэта як маланка, што апярэзвае неба з усходу на захад. Яно адбілася сімвалам у памяці нашчадкаў, як чырвоны струмень у белым сьвятле.

Сьвядома ці не сьвядома -- ня ведае ніхто -- чырвоны струмень на адбеленым тле стаўся Сьцягам, сімвалам нашага беларускага існаваньня, нашай нацыі, дзяржавы й народа. Вось жа беражэм Яго моц, якая зьяднала нядаўна наш край супраць сіл Сатаны і надалей усіх зьберажэ.

Яднаймася ў праўдзе. Любем праўду, -- завяшчаў Хрыстос, -- і праўда зробіць нас свабоднымі. Азірнемся -- хто хлусіць штохвіліны, штодзень і ўвесь час! Хлусьня ёсьць пячатка цемры.

Слова праўды Хрыста хай гучыць нам у памяці. Дзе праўда -- там Бог. Ён просты, Ён зразумелы, Ён сьвяты, Ён Збавіцель.

Хрыстос нарадзіўся! Славім Яго!

24 сьнежань 2021
Зянон ПАЗЬНЯК