Сёньня, 7-га студзеня, вернікі Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы адзначаюць сьвята Нараджэньня Хрыста. Віншую са сьвятам. Хрыстос нарадзіўся!
Якраз з нагоды гэтага Дня прыемная навіна. Сярод беларусаў паціху нараджаецца асаблівая ахвярная традыцыя -- пасьвячэньне рэліквіі Крыжа сьвятой Эўфрасіньні Полацкай. Вядома ня так даўно, што зроблена копія гэтага скрадзенага маскоўцамі знакамітага Крыжа, у якім па легендзе схавана шчасьце Беларусі. Гэта, як ба наш Грааль.
Адшумелі паведамленьні пра аднаўленьне вобраза рэліквіі, але справа не спынілася. Узьнікаюць новыя ініцыятывы зрабіць копію знакамітага Крыжа. І гэта як бы пасьвячэньне ў працы Богу і Беларусі.
Доўгі час я спатыкаў у Саборы сьвятога Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку засяроджанага чалавека, які штодзень спакойна нешта рабіў у майстэрні. Мінуў час, і неўзабаве гэты чалавек дорыць Сабору ў адмысловым акладзе дасканала зробленую копію Крыжа сьвятой Еўфрасіньні Полацкай. І ніякіх слоў, ніякай гучнасьці. Ціха зрабіў найскладанейшую мастацкую справу і пасьвяціў царкве. Людзі ўдзячныя, і Бог не забудзе.
Прозьвішча гэтага дасканалага майстра і сьціплага беларуса Ігар Вырвіч.
Віншую, дарагі Ігар, з найвялікшым сьвятам і дзякую за высокі труд у славу Хрысьціянства і нашай дарагой Бацькаўшчыны.
Зянон ПАЗЬНЯК
7 студзень 2022