You are here

ЗАЯВА РАДЫ БНР АБ РАЗЬМЯШЧЭНЬНІ РАСЕЙСКІХ ВОЙСКАЎ НА ТЭРЫТОРЫІ БЕЛАРУСІ

Рада БНР канстатуе, што ўваход на тэрыторыю Беларусі расейскіх вайсковых фармаваньняў, іх разьмяшчэньне на мяжы з Украінай і гатоўнасьць Лукашэнкі падтрымаць агрэсіўныя авантурныя пляны Пуціна ствараюць пагрозу як для беларускага народа, гэтак і для эўрапейскай бясьпекі.

Палітыка вайсковага збліжэньня з Расеяй, якую праводзіць нелегітымны дзейны кіраўнік Беларусі, цалкам супярэчыць дэкляраванаму ў дзейнай Канстытуцыі курсу на імкненьне зрабіць тэрыторыю бязьядзернай зонай, а дзяржаву — нэўтральнай (Артыкул 18).

Дапусьціўшы на тэрыторыю краіны вялікі кантынгент расейскіх войскаў, Лукашэнка расплачваецца за падтрымку Пуціна лёсам беларускага народа і гатовы заплаціць жыцьцямі людзей.

Упершыню ў гісторыі Беларусь успрымаецца ў сьвеце ў якасьці патэнцыйнага агрэсара.

Рада БНР яшчэ раз нагадвае, што Лукашэнка не зьяўляецца легітымна абраным кіраўніком дзяржавы, на ягоным сумленьні — сьмерці мірных людзей, тысячы палітычных вязьняў, ён ня мае ніякага ні юрыдычнага, ні маральнага права прымаць якія б тое ні было дзяржаўныя рашэньні і распараджацца жыцьцямі людзей.

Расейскія войскі мусяць быць неадкладна выведзеныя з тэрыторыі Беларусі. У краіне павінны адбыцца свабодныя выбары пад міжнародным назіраньнем.
Рада БНР зьвяртаецца да грамадзтва Беларусі і здаровых патрыятычных сілаў на дзяржаўнай і вайсковай службе Рэспублікі Беларусь быць гатовымі да дзеяньняў у нацыянальных інтарэсах, калі кіраўніцтва Лукашэнкі разьмясьціць расейскія войскі на сталай аснове, ядзерную зброю ў Беларусі ці зацягне Беларусь у вайну на баку дзяржавы-агрэсара.

Рада БНР перакананая, што ўсе дэмакратычныя і незалежніцкія сілы Беларусі, усе, каму дарагі лёс Бацькаўшчыны, павінны адназначна заявіць пра свой геапалітычны выбар і заяўляе, што бачыць яго не на ўсходзе, а на Захадзе, не з імпэрскай Расеяй, а з дэмакратычным Захадам.

Мы разьлічваем таксама на падтрымку ад краінаў Эўразьвязу, ад Злучаных Штатаў Амэрыкі і Канады.

Навіны Беларусі: