You are here

ШТО ТРЭБА ВЕДАЦЬ ПРА РЭФЭРЭНДУМ

large_1521897778_12.jpgІмкліва адбываецца расейская акупацыя Беларусі. Ганебны час. Ужо заехала 30 тысячаў акупантаў (поўная армія). На падыхадзе яшчэ столькі ж. Бясконца рухаюцца цягнікі расейцаў з жывой сілай, танкамі і гарматамі. Гэта вайна ў адзін бок. І -- цішыня.

Але не азіраймася на Захад (які нас здаў), бо за Беларусь і за волю Беларусі мусяць змагацца беларусы, але ня нехта іншы.

Тым часам прадажныя няспынна гавораць не пра вайну, не пра катастрофу Беларусі, але пра незаконны рэфэрэндум, бо ён патрэбны Крамлю і акупантам. Ня буду даваць цяпер ацэнак такім паводзінам. Прыгледзімся да рэфэрэндума, што ён абазначае.

Рэфэрэндум -- гэта мэтад непасрэднай дэмакратыі, у якім ўдзельнічае ўсё грамадзтва. Ня ўсе пытаньні могуць выносіцца на рэфэрэндум, і гэта мусіць быць адлюстравана ў заканадаўстве, каб пазьбегнуць маніпуляцыяў.

Рэфэрэндумы ня могуць праводзіцца ў час акупацыі, у прысутнасьці чужога акупацыйнага войска, у пэрыяд ваеннага і надзвычайнага становішча.

Маніпулятыўныя рэфэрэндумы ёсьць зброяй дыктатуры і акупацыйнай улады.

З вышэй адзначанага вынікае, што рэфэрэндум рэжыму, які прызначаны на 27 лютага, не павінен праводзіцца з прычыны расейскай акупацыі Беларусі (якая пачалася з 17 студзеня 2022 года) і з прычыны прысутнасьці чужога расейскага войска на беларускай тэрыторыі.

Рэфэрэндум ня можа прызначаць самазванец, нелегітымны, не прызнаны народам і міжнароднай супольнасьцю кіраўнік улады, якім зьяўляецца ў Беларусі Аляксандар Лукашэнка. Рэфэрэндум ня можа аб'яўляць нелегітымная ЦВК.

Прызначэньне рэфэрэндуму аб чарговай зьмене рэжымнай канстытуцыі ёсьць бяспраўным, незаконным рашэньнем.

Палітычна сьпелае грамадзтва, адказнае за свой лёс і за лёс краіны, ня мусіць прымаць удзел у незаконным рэфэрэндуме, не павінна сваім удзелам сьведчыць прызнаньне незаконнай справы ўзурпатара ўлады ў Беларусі.

Удзел у рэфэрэндуме зьяўляецца выяўленьнем свабоднай волі і выбару людзей. Нявольніцкі выбар і ўдзел у незаконным мерапрыемстве засьведчыць дэ-факто яго прызнаньне грамадзтвам, незалежна ад таго, якія вынікі аб'явіць фальсіфікацыйная машына галасаваньня. Тут галоўнае.

І цяпер аб інтарэсах. Лукашэнка зацікаўлены захаваць сваю абсалютную ўладу шляхам маніпуляцыі з канстытуцыяй і стварэньнем фікцыі транзіту ўлады.

За аснову ўзятая казахстанская мадэль Назарбаева. Ствараецца прызначальны ворган -- Усебеларускі народны сход (УНС), -- да якога павінна перайсьці ўся паўната ўлады і кантроль над выканаўчай уладай. Начале УНС становіцца Лукашэнка. Выбіраецца прэзыдэнт, які захоўвае выканаўчыя функцыі ўлады і будзе падканстольны УНС і Лукашэнку.

Гэта азіяцкая мадэль улады, абапертая на кланавую сістэму грамадзтва, магла б доўга існаваць у Казахстане, калі б ні ўмяшалася Масква.

У Беларусі, дзе няма кланавай сістэмы грамадзтва, уплыў Масквы на ўладу пры новай канстытуцыі быў бы непасрэдным і шматкроць большым. Фармальна закладзенае ў такой мадэлі двоеўладдзе стала б маніпуляцыйным рычагом Масквы для ціску на сістэму ўлады рэжыму.

З гледзішча інтарэсаў Лукашэнкі, ягоны праект не надзейны, але выйсьці з праекту ён ня ў стане, бо за гэтым стаіць інтарэс Крамля.

Для Масквы правядзеньне "канстытуцыйнага" рэфэрэндуму ў Беларусі ёсьць важнай справай крамлёўскай палітыкі. Крэмль зацікаўлены ў трох палажэньнях, якія фармальна можна было б скарыстаць у абгрунтаваньні акупацыі Беларусі і дзеля ўплыву на палітыку лукашысцкага рэжыму. Менавіта: Масква зацікаўлена ў скасаваньні палажэньняў аб нэўтралітэце Беларусі і аб бяз'ядзерным статусе краіны. У маскоўскім інтарэсе ёсьць зацьвярджэньне сістэмы ўлады з УНС і з прэзыдэнтам (падводны камень двоеўладдзя і маскоўскага ўплыву).

Увесь час ідзе прапагандысцкая агітацыя за адносіны беларускага грамадзтва да незаконнага рэфэрэндума. Лукашэнку і ягоную ініцыятыву рэфэрэндуму падтрымліваюць прыхільнікі рэжыму, бюракратыя, настаўнікі, чыноўныя пенсіянеры і іншыя.

За Маскоўскую пазыцыю голасна выступаюць некаторыя маргінальныя антырэжымныя групы, і найбольш -- групоўка вакол Латушкі-Ціханоўскай. Яны цынічна заклікаюць людзей масава ісьці на рэфэрэндум, псаваць бюлетэні, здымаць іх на тэлефон і адсылаць здымкі на "дэмакратычную платформу". (Тут мушу патлумачыць, хто ня ведае, што ўсё, адсыланае праз тэлефон, стоадсоткава кантралюецца міліцыяй праз спэцпраграмы. І ня важна нават, да якой канторы адносіцца тая "дэмплатформа".)

Прыход людзей на рэфэрэндум і галасаваньне калабаранты з Масквой абгрунтоўваюць неабходнасьцю засьведчыць дэманстрацыю актыўнасьці грамадзтва і непрыняцьце рэжымнага рэфэрэндуму (скзаць "НЕ" Лукашэнку.) Нельга, маўляў, заставацца пасіўным, кажуць калабаранцкія камэнтатары. Трэба, маўляў, паказаць актыўнасьць, што нас шмат і т.п. прыёмы ашуканства і завабліваньня на галасаваньне.

Усё гэта ўжо вядома ў дэмагогіі падстаўных і прадэманстравана яшчэ ў 2004 годзе на рэфэрэндуме аб "вечнай уладзе" Лукашэнкі.

Але ёсьць іншы, сучасны (выказаны на паўголас) аспэкт зацягваньня людзей на незаконны антынародны рэфэрэндум. Групнікі спадзяюцца, што калі будзе масавы прыход на ўчасткі, то зноў удасца выклікаць масавыя пратэсты, як у 2020 годзе.

Мушу сказаць, што ў сітуацыі рэпрэсіўнай вайны з народам і прысутнасьці расейскіх акупацыйных войскаў такія намеры выглядаюць амаль злачынствам.

Група апазыцыі газпрамаўскага кшталту (Латушкі-Ціханоўскай) выступае супраць улады Лукашэнкі не ў інтарэсах беларусаў, а ў інтарэсах Масквы, дзе меркавалася б замена існуючага сатрапа на іншую асобу, падтрыманую Крамлём і "мудрым" Пуціным. Тут праява тыповага рускага нэакаляніялізму -- зьмена сатрапа ў каланіяльных інтарэсах.

Групнікі, як бачым, не гнушаюцца нічым: ні заклікам да эканамічных санкцыяў супарць народа, ні правакацыйнымі ўльтыматумамі, ні лебязеньнем перад Масквой, ні планамі падставы мірнага народу пад збройны разгром.

Дэмагогія дэмагогіяй, але выглядае, што, сапраўды, народ для іх ёсьць расходным матэрыялам у чужой палітыцы.

Гэта не такія ўжо бяскрыўдныя наёмнікі і "інфантылы", калі думаюць скарыстаць прышэсьце людзей на рэфэрэндум з мэтай справакаваць маніфэстацыю беларусаў у час расейскай акупацыі краіны, рэпрэсій і прысутнасьці акупацыйнага войска. Безабаронных людзей проста пастраляюць.

Мірная дэманстрацыя ня можа супрацьстаяць войску і ўзброенай ваеншчыне. Ці сучасныя папы-Гапоны таго ня ведаюць? Сумняваюся.

Час мірных маніфэстацыяў скончыўся. Над народам навісла зграя ўзброеных бандытаў, здраднікаў і маскоўскіх агрэсараў. Ідзе вайна супраць беларускага народа.

Зьнішчаць акупантаў можна цяпер толькі партызанскімі мэтадамі нябачнай сілы, але ня мірнымі пратэстамі.

Нельга палітычна супрацоўнічаць з антынародным рэжымам. Нельга йсьці на незаконны рэфэрэндум незаконнай улады ў час акупацыі і руху чужога войска ў нашай краіне.

Трэба не забывацца пра нацыянальны гонар і палітычны розум. Для фальсіфікацыйнай машыны галасаваньня важна, каб людзі прыйшлі на ўчасткі і прагаласавалі. Тады вынік машына зробіць сама і схлусіць пра ўсенародную падтрымку рэжыму.

Каб паказаць рэжымную хлусьню, трэба пакінуць фальсіфікацыйную машыну працаваць ў халастую і не хадзіць галасаваць. Хай хлусяць груба, на пустым месцы. Хай подласьць іх будзе відавочная і бачная ўсім (а яна будзе бачная). Якраз тут трэба праявіць народную салідарнасьць супраць Масквы і супраць антынароднага рэжыму.
Не давайце лукашыстам магчымасьці ў хлусьні абапірацца на галасаваньне людзей. Ня слухайце здраднікаў і калабарантаў Масквы. Трэба дэманстраваць непрызнаньне гэтай афёры, а ня йсьці на збор нечасьцівых, не паддавацца на правакацыі. Беражэм і мацуем сілы для рэальнай барацьбы з ворагамі нацыі і свабоды.

Зянон ПАЗЬНЯК
4 люты, 2022

Навіны Беларусі: