You are here

АКУПАЦЫЯ. ДЗЕНЬ 21-Ы

large_1521897778_12.jpgРасейскія акупанты займаюць нашыя гарады і мясцовасьці пад выглядам манёўраў уздоўж мяжы з Украінай. Расейскія войскі ўжо па ўсёй Беларусі. Няма іх пакуль што толькі на поўначы Віцебскай вобласьці.

Колькі жывой сілы акупантаў уламалася ў Беларусь пакуль што цяжка падлічыць. Тыдзень таму іх было 30 тысячаў. Вельмі шмат танкаў, ракетных установак, баявых машынаў пяхоты. На нашых аэрадромах ужо абселі дзясяткі сучасных ваенных расейскіх самалётаў і бамбавікоў. У Лунінцы і іншых месцах акупанты сталі будаваць казармы і дамы для афіцэраў.

Гэта цяжкі ганебны час. Найбольш ганебнай ёсьць цішыня вакол расейскага ваеннага ўварваньня ў Беларусь.

Адпор мусіў бы быць хуткі і моцны. Яго няма. І гэтая цішыня можа паставіць крыж на нашай дзяржаве.

Лісты, якія мы (Беларускі Нацыянальны Сакратарыят "Вольная Беларусь") адаслалі ў Раду Бясьпекі ААН, па ўсёй Эўропе і па ўсім эўрапейскім друку ня будуць мець ніякага значэньня без адпору акупантам у Беларусі.

Сталі чуваць разважаньні (такія тыповыя), што калі пасьля 20-га лютага расейцы ня вывядуць свае войскі зь Беларусі, то толькі тады можа пачацца партызанская барацьба, але не раней.

Аднак адцягваньне барацьбы ня лепшы варыянт. Задача маскоўцаў была пад шум і прапаганду аб нападзе на Украіну ціха захапіць Беларусь. Яны ня зьнікнуць. Акупантаў трэба граміць адразу.

Інтэрвэнцыя ідзе поўным ходам. Пасьля 20-га лютага частку войска расейцы перакінуць у іншае месца. Частка (палявыя гарнізоны, часовыя базы, дыслакацыі, артылкрыя, авіяцыя і г.д.) застанецца ў Беларусі.

Да гэтага часу (калі ня будзем супраціўляцца) Захад нас можа прадаць канчаткова як тэрыторыю з насельніцтвам ня здольным да супраціву і згодным на няволю.

Але ў Беларусі ёсьць людзі, што змогуць змагацца з ворагам за волю і свабоду нацыі. Не сумняваюся, што абарона будзе. Сам лёс народа гэтага патрабуе, каб мець будучыню.

Зянон ПАЗЬНЯК
7 люты 2022

(Ад Беларускага Нацыянальнага
Сакратарыяту "Вольная Беларусь")

Навіны Беларусі: