You are here

ТЫЯ, ШТО ЗАВОЧНА ЗДАЛІ БЕЛАРУСЬ, РОБЯЦЬ ВЫГЛЯД, ШТО НІЧОГА НЕ РАЗУМЕЮЦЬ

large_1521897778_12.jpgПачынаючы з 17-га студзеня 2022 года Беларусь падверглася акупацыі расейскай ваеншчынай. Цяпер краіна цалкам акупавана. Акупанты праводзяць вайсковыя псэўдавучэньні (каб напалохаць Украіну) і ствараюць у Беларусі акупацыйную інфраструктуру, уводзяць кантрольны рэжым (праверка дакумантаў ва ўсіх беларусаў, што едуць самаходамі на дарогах), будуюць казармы і гарнізоны.

Захад робіць выгляд, што нічога не разумее і ня бачыць. З сур'ёзнай чэмбэрленаўскай упэўненасьцю заходнія палітыкі гавораць пра нібыта "манеўры" ў Беларусі, куды ўламаліся амаль дзьве расейскія арміі і армада збройнай тэхнікі з усёй Расеі.

Але вось, нарэшце, Захад, як быццам, пачаў нешта казаць у сваім класічным прытворным стылі. Далей цытата:

"Сэнатар-рэспубліканец Джэймс Лэнкфард унёс у верхнюю палату Кангрэсу ЗША праект «Закону аб адказнасьці Беларусі за агрэсію»...

«Беларусь упускае ў сваю краіну тысячы расейскіх вайскоўцаў на мяжу з Украінай", - гаворыцца ў праекце ...

"Праект закону прадугледжвае, што ЗША ня будуць рабіць адрозьненьняў паміж Расеяй і Беларусяй.., да Беларусі будуць ужытыя жорсткія эканамічныя і дыпляматычныя санкцыі».

Вось так, спадары Беларусы. Салдафонскае "мысьленьне" сьведчыць Вам ўсім (і патрыётам, і "невераятным", і "нашпрэзідзентам", і "зачэмэтатязык") сьведчыць, што гэта, аказваецца, Вы вінаватыя ў тым, што Вас акупавалі і ўзялі ў закладнікі ворагі нацыі. Таксама Вы, маўляў, не закладнікі агрэсараў, Вы "агрэсары". Па-іхнаму, па-заходняму, гэта не расейскіх акупантаў, а Вас трэба прыдушыць эканамічнымі санкцыямі за тое, што Вас, закладнікаў, гнобяць, кідаюць ў турмы, катуюць, звальняюць з працы, зьневажаюць лукашысты і ворагі чалавецтва. Санкцыі на Вас, прыдушаных у вязьніцах, абрабаваных, запалоханых, бяспраўных ды беспрацоўных - санкцыі! За Лукашэнкам - Пуцін. А вы - хто?

Тут - логіка "варвараў" у белых манішках, пуцінскае думаньне ў заходніх мазгах. Памятаем -- захапілі школу чачэнцы ў Беслане, тысяча дзяцей у закладніках. Страляць па ўсіх з танкаў і вогнямётаў загадаў крамлёўскі Пуцін - сотні трупаў. Захапілі тэатр на Дуброўцы, гледачы ў закладніках. Загадана пусьціць газ - 130 трупаў. Падрывы дамоў з жыхарамі ў Маскве й Волгадонску... - 300 трупаў.

За тое, што Масква ўдзерлася ў наш беларускі дом, будуць яшчэ і бомбы на нашыя галовы зьлятаць, каб памяталі, як п'яны прыпеў, што "Пуцін мудры", "абы вайны не было" і што Расея Ваш "друг". Захад Вас навучыць Маскву палюбіць. Кланяйцеся да зямлі паганай Маскве.

Гэта, вядома, іранічны пасаж. Ня трэба крыўдаваць, браты-беларусы, бо ў ім праўда. Але калі сур'ёзна -- выснова простая і вечная, як сьвет: калі ня будзе, як найхутчэй, беларускага збройнага супраціву маскоўскім акупантам, - нас, беларусаў, закапаюць і расейцы, і Захад (з дапамогай газпрамаўскіх калабарантаў) і абвінавацяць яшчэ ў агрэсіі і вайне, і забяруць усё, і разьдзяруць на часткі. Такое было не адзін раз у нашай гісторыі.

Супраціўляймася акупацыі і акупантам дзеля волі, свабоды і будучыні Беларусі.

Зянон Пазьняк
(Ад Беларускага Нацыянальнага Сакратарыяту "Вольная Беларусь")

12 люты 2022

Навіны Беларусі: