УГОДКІ СЛУЦКАГА ЗБРОЙНАГА ЧЫНУ, УЗНАГАРОДЫ БЕЛАРУСКІМ ГЕРОЯМ. ЗВАРОТ СТАРШЫНІ РАДЫ БНР ІВОНКІ СУРВІЛЛЫ ДА БЕЛАРУСКАГА НАРОДУ

ivonka_survilla.jpgДарагія мае суродзічы-беларусы!

Так доўга, як памятаю, мая сям’я і ўся нашая беларуская грамада, часткай якой мы былі ў краінах, куды нас загнаў лёс, з захапленьнем адзначалі ў лістападзе гераічны Слуцкі збройны чын.

Мы прыпаміналі тых адважных маладых людзей, якія пайшлі бараніць сваю нядаўна абвешчаную незалежную Беларускую Народную Рэспубліку ад нашага адвечнага ўсходняга ворага, пра якога наш нацыянальны герой, Кастусь Каліноўскі, паўстагодзьдзя раней ужо казау, што наш край толькі тады зажыве шчасьліва, калі маскаля над ім ня будзе.

Мы захапляліся адвагай і любоўю да свае зямелькі нашых герояў, але перад усім іхным пачуцьцём прыналежнасьці да свае Бацькаўшчыны.
Яны ведалі, пасля больш стагодзьдзя чужой залежнасьці, хтó яны. Яны разумелі, што значаць словы “Воля” і “Незалежнасьць”.

Шмат наш край перажыў пасьля Слуцкага збройнага чыну. Яшчэ адно стагодзьдзе хлусьні і зьдзеку, здавалася, перамагло ідэалы 25-га сакавіка ў нашым народзе.

Уяўляю, як цяжка было гэта ўсё бачыць удзельнікам Слуцкага збройнага чыну, якія яшчэ былі між жывымі. Я асабіста ведала двух слуцкіх змагароў, Лявона Рыдлеўскага і Алеся Змагара, якія да канца свайго жыцьця верылі ў лепшую будучыню свайго народу.

Веру ў яе і я.

Памятаючы запаветы гэтых сапраўдных герояў, хочу сёньня зьвярнуцца да тае часткі нашага народу, якая яшчэ ўсё жыве пад ботам чужакоў ды іх калябарантаў у зноў акупаванай нашай дзяржаве. Чым даўжэй мы будзем ігнараваць ідэалы нашых вольных дзядоў, тым цяжэй будзе нашай дзяржаве вярнуць сваё пачэснае месца між іншымі волялюбнымі нацыямі нашага кантынэнту.

Хачу таксама скарыстацца гэтай нагодаю, каб у гэты важны для кожнага беларуса дзень абвесьціць пра заснаваньне новай узнагароды Рады Беларускай Народнай Рэспублікі: Мэдаля “Пагоні”. Гэтым мэдалём Рада БНР да складаньня сваіх паўнамоцтваў будзе адзначаць выбітныя заслугі перад Беларусьсю і беларускім народам.

Сёньня ж я хачу ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі абвесьціць пра першае ўзнагароджаньне гэтым мэдалём.

Першымі мэдаль атрымаюць героі, якія за свабоду Беларусі ахвяравалі самым дарагім, што мелі – уласным жыцьцём.

Беларускія актывісты і пратэстоўцы, якія загінулі ў сувязі зь беларускімі пратэстамі 2020-2021 гг.:

Вітольд Ашурак
Раман Бандарэнка
Мікіта Крыўцоў
Аляксандар Тарайкоўскі
Генадзь Шутаў
Канстанцін Шышмакоў

Беларускія ваяры, якія загінулі на вайне ва Ўкраіне ў 2022 г.:

Зьміцер Апанасовіч
Аляксей Вешчавайлаў
Павал Волат
Васіль Грудовік
Канстанцін Дзюбайла
Іван Марчук
Васіль Парфянкоў
Зьміцер Рубашэўскі
Аляксей Скобля
Ільля Хрэнаў
Вадзім Шатроў

Беларускія добраахвотнікі і ваяры, якія загінулі падчас Рэвалюцыі годнасьці і на вайне ва Ўкраіне з 2014 г.:

Міхаіл Жызьнеўскі
Мікалай Ільлін
Алесь Чаркашын
Віталій Ціліжэнка

Наш абавязак – шанаваць памяць гэтых герояў і працягнуць іхную барацьбу.
Дарагія мае суродзічы-беларусы, ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі вітаю ўсіх вас з гераічным збройным чынам нашага народу, сто другія ўгодкі якога мы з захапленьнем адзначаем сёлета.

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвілла,
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі
Лістапад 2022 г.

Навіны Беларусі:

Навіны дыяспары: