сб, 03/11/2007 - 17:07 — bez-admin
Папскі вікарый Рыма і Рымскай дыяцэзіі кардынал Камілло Руіні заклікаў вернікаў да больш актыўнага выкарыстання інфармацыйных тэхналогій, у прыватнасці, інтэрнэт-блогаў, як новай формы апостальскай місіі.
«Я не разбіраюся ў Іртэрнэце, але вернікам, а асабліва маладым, варта было б наведваць блогі і карэктаваць меркаванні моладзі, паказваючы ім сапраўднага Езуса», — сказаў кардынал Камілло Руіні на сустрэчы з італьянскім духавенствам у Папскім Урбаніянскім універсітэце.
Адзін святар, па словах кардынала, нядаўна распавяў яму пра тое, што моладдзю у блогах актыўна абмяркоўваецца «тэма Езуса». Аднак, адзначае Папскі вікарый, падставай для такіх дыскусій з’яўляюцца разнастайныя «дэструктыўныя кнігі, якія сёння шырока распаўсюджаны, а не кніга Бэнэдыкта XVI „Езус з Назарэта“».
«Якой жа будзе ідэя Езуса праз дзесяць гадоў, калі такія падыходы перамогуць?» — заклапочаны кардынал Руіні.
Ён заклікаў духавенства да пошуку новых творчых падыходаў у папулярызацыі згаданай кнігі пантыфіка. Гэты твор Бэнэдыкта XVI, на думку кардынала, фармуе тоеснасць хрысціяніна ў непасрэднай сустрэчы з Езусам Хрыстом.
Пры гэтым, на думку Папскага вікарыя, асабістыя перакананні выкладчыка і яго сведчанне веры адыгрываюць значна больш важную ролю, чым педагагічныя прыёмы.
Паводле каталіцкага агенцтва „Zenit“
Catholic.By
Духоўнае жыцьцё: