Рада БНР канстатуе, што ўваход на тэрыторыю Беларусі расейскіх вайсковых фармаваньняў, іх разьмяшчэньне на мяжы з Украінай і гатоўнасьць Лукашэнкі падтрымаць агрэсіўныя авантурныя пляны Пуціна ствараюць пагрозу як для беларускага народа, гэтак і для эўрапейскай бясьпекі.
Палітыка вайсковага збліжэньня з Расеяй, якую праводзіць нелегітымны дзейны кіраўнік Беларусі, цалкам супярэчыць дэкляраванаму ў дзейнай Канстытуцыі курсу на імкненьне зрабіць тэрыторыю бязьядзернай зонай, а дзяржаву — нэўтральнай (Артыкул 18).
Дапусьціўшы на тэрыторыю краіны вялікі кантынгент расейскіх войскаў, Лукашэнка расплачваецца за падтрымку Пуціна лёсам беларускага народа і гатовы заплаціць жыцьцямі людзей.
Упершыню ў гісторыі Беларусь успрымаецца ў сьвеце ў якасьці патэнцыйнага агрэсара.
Рада БНР яшчэ раз нагадвае, што Лукашэнка не зьяўляецца легітымна абраным кіраўніком дзяржавы, на ягоным сумленьні — сьмерці мірных людзей, тысячы палітычных вязьняў, ён ня мае ніякага ні юрыдычнага, ні маральнага права прымаць якія б тое ні было дзяржаўныя рашэньні і распараджацца жыцьцямі людзей.