Цяпер, калі адбылася ваенная акупацыя Беларусі войскамі Расейскай Фэдэрацыі, назіраецца зьява, якую можна акрэсьліць як татальную інфармацыйна-псіхалагічную атаку, накіраваную на экзістэнцыйнае зьнішчэньне Беларускай дзяржавы і будучыні Беларускай нацыі.
Атака ўражвае, бо накіравана ня супраць акупацыйнага рэжыму, а супраць акупаванага беларускага народа, пры гэтым ініцыятары атакі змаглі падключыць да гэтага нападу масы агрэсіўных недасьведчаных людзей, практычна, на ўсім сьвеце. У некаторых краінах (напрыклад, як ня дзіўна, -- у Эстоніі) пачалася адкрытая дыскрымінацыя беларусаў па нацыянальнай прыкмеце. Далей усё коціцца нібы само па сабе.
Усё выглядае ненатуральна, але разумныя галасы ў Беларусі і ва Украіне, практычна, топяцца ў масавай сьляпой нянавісьці і статкавай псіхалогіі.
Такога ірацыянальнага нападу наш народ не перажываў ніколі ў гісторыі, выключаючы, хіба што, пэрыяд паўстаньня 1863 года. Але тады масавая нянавісьць зыходзіла толькі з аднаго боку -- з Расеі, зь якой ваявалі паўстанцы.
Галоўная тэхналёгія цяперашняга абсурду заключаецца ў тым, што стратэгам інфармацыйнай вайны ўдалося перанакіраваць масавую нянавісьць са злачынцы на ахвяру і аб'явіць ахвяру вінаватай у ваеннай агрэсіі супраць Украіны.